Тры гады пад нямецкай акупацыяй у Беларусі
- Автор: Ільінскі П.
- Год: 1956
- Язык: белорусский
- Год: «Посев»
- Переводчик: Лілія Сазанавец
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Тры гады пад нямецкай акупацыяй у Беларусі». Краткое содержание книги:
У той час, калі на занятай немцамі тэрыторыі расейскія ваеннапалонныя ды мясцовыя сяляне яшчэ спадзяваліся, што немцы дазволяць ім змагацца супраць Сталіна, а пра партызанскі рух яшчэ ніхто і ня згадваў, у Маскве ды іншых вялікіх гарадох Савецкага Саюзу ўжо пачыналася фармаваньне вучэльных партызанскіх камандаў. Яны камплектаваліся з добраахвотнікаў і партыйнай моладзі — як цывільнай, так і вайсковай. Зімою 1941/42 году курсантаў вучэльных партызанскіх камандаў пачалі скідаць на парашутах (групамі па 5–8 чалавек ці паасобку) у глыбокі нямецкі тыл. Выконваючы заданьне савецкага кіраўніцтва, яны мусілі заснаваць першыя партызанскія атрады з шэрагаў мясцовага насельніцтва і стаць іх першымі камандзірамі.
Глеба была выразна неспрыяльная, а зіма — сьнежная ды халодная. Усю зіму скінутыя парашутысты мужчынскага ды жаночага полу добраахвотна заяўляліся да немцаў і здаваліся ў палон. Гэта было настолькі звычайнаю зьявай, што немцы зусім перасталі імі цікавіцца. Акрамя таго, у немцаў адразу ж склалася няправільнае меркаваньне пра партызанскі рух увогуле: яны вырашылі, што гэта безнадзейная і несур’ёзная справа. Зіма скончылася, настала цёплае надвор’е, хавацца ў лесе зрабілася шмат лягчэй. Насельніцтва, між тым, ужо пасьпела ў значнай ступені расчаравацца ў немцах і знаходзілася цяпер у стане, так бы мовіць, няўстойлівай палітычнай раўнавагі. Палонныя, даведзеныя да адчаю ўмовамі ўтрыманьня ў лягеры, не лічыліся ні зь якаю рызыкай: яны зьдзяйсьнялі ўцёкі й хаваліся ў лясох ды вёсках. Ім не было куды падзецца. Кожную ноч прыляталі савецкія самалёты, скідаючы ўсё новых і новых парашутыстаў. Апошнія перасталі добраахвотна здавацца немцам. Пры іх дапамозе зь ліку зьбеглых ваеннапалонных пачалі засноўвацца першыя мясцовыя партызанскія атрады.
Да восені партызаны нагэтулькі актывізаваліся, што больш ці менш асталяваліся ў некаторых аддаленых раёнах, выбіраючы для гэтага галоўным чынам лясныя ды моцна забалочаныя мясцовасьці. Праезд па астатніх дарогах хоць і быў не зусім бясьпечным, але ўсё ж у большасьці кірункаў мог быць прызнаны вольным да глыбокай восені 1942 году. І немцы на аўтамабілях, а гарадзкія ды раённыя службоўцы на конях увесь час езьдзілі з Полацку ў Віцебск, у Дрысу, у Улу ды іншыя месцы. Толькі некаторыя кірункі, як, напрыклад, на Расоны ці на Дрэтунь, лічыліся надзвычай небясьпечнымі. Паблізу былой чыгуначнай станцыі «Палата» адбываліся нават сутычкі з партызанамі.
Вялікі, відаць, зборны партызанскі атрад, гэтак удала зьнішчаны Зуевым увосень 1942 году пры нападзе на вёску Гендзікі, мяркуючы з забраных у забітых дакумэнтаў, на тры чвэрці складаўся не зь беларускіх сялянаў, а з парашутыстаў ды былых ваеннапалонных. Гэта было па-свойму паказальна, але ўжо не характэрна для таго часу, бо тады ў склад большасьці атрадаў уваходзіла ня менш, а больш за 50 % гвалтоўна мабілізаваных сялянаў. Да восені 1942 году ўва ўсіх атрадах стаў адзначацца рэзкі «клясавы» падзел на «паноў» і «рабоў». Парашутысты, мясцовыя буйныя камуністы, а калі-нікалі і хтосьці з былых ваеннапалонных былі «панамі», мясцовыя жыхары — «рабамі». Мірнае цывільнае насельніцтва адзначала велізарную розьніцу паміж тымі ды іншымі.
Зімою 1942/43 году ў адным з аддаленых раёнаў, недзе за Расонамі, адбыўся партызанскі бунт: занадта шматлікія ў адсоткавым судачыненьні гвалтоўна мабілізаваныя сяляне пастралялі ўсіх парашутыстаў ды камуністаў і абвясьцілі сябе вольнымі і незалежнымі — «бязь немцаў і без бальшавікоў». Дыскі з адпаведнымі абвесткамі былі прыбітыя на многіх скрыжаваньнях дарог. Немцы даведаліся пра гэта зь вялікім спазьненьнем, ужо тады, калі бальшавікі пасьпелі высадзіць там нейкую групу з самалёта, якая спачатку паспрабавала ўгаварыць людзей, а пасьля, скарыстаўшы зь іх неарганізаванасьці, перастраляла ледзь не палову і такім чынам ліквідавала паўстаньне.
Росту партызанскага руху надзвычайна спрыялі дзеяньні спэцыяльных карных аддзелаў, якія знаходзіліся на службе ў немцаў. Хто, дзе, калі і паводле якога прынцыпу фармаваў гэтыя аддзелы, я, па праўдзе, ня ведаю, як ня ведаю, адкуль яны зьяўляліся і куды зьнікалі, выканаўшы сваю брудную справу. Гэтыя людзі, калі іх увогуле можна назваць людзьмі, не маглі дый не хацелі разьбірацца ў праўдзівай сытуацыі. Між тым, яны дзейнічалі даволі самастойна, часьцяком толькі згодна з сваімі меркаваньнямі, ад якіх шмат што залежала, дзейнічалі без разбору, хутка і з жахлівай жорсткасьцю. Калі яны часам і забівалі сапраўдных партызанаў, то сваімі жудаснымі паводзінамі на месца кожнага забітага зараз жа заганялі ў партызанскія атрады дзясяткі ды сотні новых. У большасьці выпадкаў яны каралі ні ў чым не вінаватае перад немцамі мясцовае насельніцтва, рабуючы, забіваючы, зьдзекуючыся ды палячы людзей жыўцом. Рабаўніцтва было іх галоўным стымулам, забойства ды зьдзекі — неад’емнай неабходнасьцю. Мы ведалі пра іх больш з чутак: у Полацкім раёне яны ніколі не зьяўляліся. Пра «геройствы» двух такіх аддзелаў на мяжы з Заходняй Беларусьсю — адзін нібыта латыскі, а другі нібыта эстонскі — я чуў ува ўсіх падрабязнасьцях ад людзей, якім пашчасьціла выпадкова выратавацца, у тым ліку ад праваслаўнага сьвятара. У апошняга партызаны забралі сына і згвалтавалі дачку. А на другі дзень прыйшоў карны аддзел, які спаліў ягоны дом, забіў тую самую няшчасную дачку ды моцна параніў самога сьвятара. Толькі выпадкова сьвятар здолеў застацца жывым.