Дарога ў сто год
- Автор: Цвірка Кастусь
- Год: 1974
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Дарога ў сто год». Краткое содержание книги:
Я не памыліўся, яна так i сказала: «шпіён». Мне гэта пачало ўжо надакучаць, i я не ўтрымаўся:
— Кіньце вы малоць глупства! Няўжо вы думаеце, што патрэбны нейкаму шпіёну?
Мае вельмі шчырае абурэнне, здаецца, заспакоіла жанчыну. Хаця не зусім, бо яна ўсё яшчэ паглядвала на мяне з падазронасцю — відаць, чутка пра мяне ужо разнеслася па вёсцы. Усё гэта толькі раздражняла, псавала настрой.
Між іншым, з такімі недарэчнымі падазрэннямі я сустракаўся не ўпершыню. Аднойчы, калі я яшчэ працаваў на Беларускім радыё, мы ўдваіх з супрацоўнікам літаратурнага музея Янкі Купалы літаратарам Іванам Курбекам збіралі ў вёсцы Камуна Любанскага раёна матэрыял для перадачы «Гавораць героі паэмы «Над ракой Арэсай». Мы хадзілі ад хаты да хаты, запісвалі галасы першых камунараў, па ходу здымаючы фотаапаратам тое, што здавалася нам цікавым у вёсцы купалаўскіх герояў. I раптам на вуліцы наганяе нас хлапчук i кажа, што нас просіць старшыня сельсавета. Калі мы зайшлі ў сельсавет, старшыня — помніцца, ён быў без нагі — спытаўшы, хто мы такія, патрабаваў у нас дакументы. Мы дасталі свае пасведчанні з месца работы. Хоць яны былі з фотакарткамі, усімі пячаткамі i подпісамі, старшыня аб'явіў нам, што яны не сапраўдныя i патрабаваў даць другія. Пашпарты нашы былі ў любанскай гасцініцы, i больш нічога даць старшыні мы не маглі. Тады ён загадаў нам аддаць «рэпарцёр» i фотаапарат, дакументы таксама нам не вяртаў. Дзейнічаў ён вельмі рашуча, упэўнена. У сельсавеце — каля стала i ў дзвярах — стаяла нямала дужых вясковых хлопцаў, якія з цікавасцю назіралі, як старшыпя затрымліваў «шпіёнаў», як званіў у раённую міліцыю, дакладваючы аб затрыманых, у якіх ён «изъял фотоаппарат и магнитофод». Нас, канешне, давялося потым адпусціць (трэба было бачыць, з якой незадаволенасцю аддаваў нам старшыня нашы — «магнітафоды»!), хоць мы i патрацілі на гэты спектакль нямала дарагога нам часу...
Дарогай, па якой ездзіў некалі на вазку ў нясвіжскую дамініканскую школу Уладзіслаў Сыракомля, я — спачатку пехатой, потым на аўтобусе — дабраўся пад вечар да Нясвіжа.
Гарадок якраз «абзаводзіўся» ценямі. З акна нейкай вежы, што маячыла над усімі дахамі дамоў i хат, цаляла ў вочы чырвонае вячэрняе сонца, якое расплылося па шыбе. За Слуцкай брамай нехта раскручваў — здаецца, «Запарожцам» — белы шлейф пылу, які так i вісеў над усёй паласой дарогі.
Уладкаваўшыся ў гасцініцы, я выйшаў пагуляць па горадзе. Накіраваўся да радзівілаўскага замка, дзе, шапочучы чаротам, залацела возера. Пры вуліцы, агароджаны мураванай сцяной, ішоў у неба велічны фарны касцёл. Ён якраз быў адчынены — там нешта рамантавалі. Я ўвайшоў унутр. Справа, на сцяне, у вялікай пазалочанай рамцы мне адразу кінуўся ў вочы знаёмы партрэт Уладзіслава Сыракомлі. Гэта мяне не здзівіла: тут, у Нясвіжы, паэт быў дома. Тут, пачынаючы з 1833 года, гэта значыць, з дзесяцігадовага ўзросту, жыў — спачатку вучыўся, а потым i працаваў у радзівілаўскай канцылярыі — будучы паэт, тут ён ведаў кожны камень на бруку, кожнае дрэва ў старажытным парку. Як ніхто лепей, ведаў ён i гісторыю горада, пачынаючы ад даўнейшых часоў. З яе, з гісторыі Нясвіжа, i пачаў ён па сутнасці сваю працу па даследаванні гісторыі Беларусі. Артыкул пра Нясвіж, які папісаў Ул. Сыракомля на падставе радзівілаўскіх архіваў, быў надрукаваны ў «Старажытнай Польшчы» Балінскага. Гісторыі Нясвіжа, яго быту i культуры, яго багатым гістарычным помнікам прысвечаны таксама вялікі раздзел у «Вандроўках па маіх былых аколіцах». Можна смела сказаць, што i па сённяшні дзень гэтыя працы па гісторыі Нясвіжа найбольш поўныя. Без ix наўрад ці абыдзецца i цяпер любы даследчык гісторыі нашых гарадоў i мястэчак. З прац Сыракомлі мы даведваемся, напрыклад, пра тое, што Нясвіж некалі адыгрываў вельмі значную ролю як у культурным, гаспадарчым, так i палітычным жыцці Вялікага княства Літоўскага. Яго называлі нават «другой сталіцай Літвы» пасля Вільні. У сваіх «Вандроўках» Сыракомля расказвае аб развіцці культуры, аб выдавецкай дзейнасці ў Нясвіжы выдатнага беларускага асветніка эпохі Адраджэння Сымона Буднага, чалавека энцыклапедычных ведаў, які добра валодаў многімі еўрапейскімі мовамі, у тым ліку чэшскай, італьянскай, грэчаскай, лацінскай, царкоўнаславянскай, стараяўрэйскай, але які тым не менш пісаў i друкаваў свае творы на роднай яму беларускай мове. «Глупствам з'яўляецца,— гаварыў ён,— пагарджаць мовай адной краіны i ўзносіць да неба мову другой». На беларускай мове Сымон Будны напісаў i выдаў у 1562 годзе ў Нясвіжскай друкарні адзін з найбольш значных сваіх твораў — «Катэхізіс», прызначаны для «паспалітнага люду», а таксама іншыя кнігі.