Дарога ў сто год
- Автор: Цвірка Кастусь
- Год: 1974
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Дарога ў сто год». Краткое содержание книги:
Мяне захапілі яркія, багатыя фарбамі старажытныя роспісы — карціны на біблейскія тэмы, што былі на сценах i столі касцёла, а таксама шматлікія скульптурный ўпрыгожанні i прадметы дэкаратыўнага мастацтва. Пра ix я ведаў раней з літаратуры, у тым ліку ад Сыракомлі, але бачыў упершыню. Сам касцёл таксама быў цікавы для мяне як архітэктурны помнік мінулага. Пабудаваны ён быў яшчэ ў XVI стагоддзі па праекту італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні, якога запрасіў князь Мікалай Хрыстоф Радзівіл-Сіротка. Князь задумаў зрабіць у гэтым касцёле скляпенне для пахавання членаў свайго роду. Кажуць, i цяпер там стаяць дубовыя ацынкаваныя труны з пахаванымі князямі розных пакаленняў. Пра гэтыя труны мне ўспомніўся верш Уладзіслава Сыракомлі, у якім ён вельмі ясна, з характэрнай для паэта іроніяй i выкрывальнай сілай выказаў свае адносіны да «мажнаўладцаў» — прыгнятальнікаў народа:
З касцёла завяла мяне вуліца да замка, дзе цяпер санаторый «Нясвіж». Зялёныя агромпістыя насыпы-валы, тоўстыя мураваныя сцены палаца, вузкія высокія вокны, глушыня ўнутранага двара — адусюль веяла старажытнасцю, часамі, якія даўно праляцелі над светам, але якія, здавалася, нейкім чынам затрымаліся, зачапіліся тут за гэты вось грудок зялёнае зямлі.
Свае ўражанні ад велічы нясвіжскага замка Уладзіслаў Сыракомля выказаў у санеце, які так i назваў «Замак». Наогул, у Нясвіжы няма месца, якое б ён не апеў у сваіх паэтычных радках. Напрыклад, у цыкле санетаў «Успаміны Нясвіжа» паэт расказаў i пра Радзівілаўскія муры («Канторшчык бедны, там сядзеў я днямі»), i пра агульны выгляд горада («Малы занушчаны горад стаіць у руінах»), i пра Слуцкую браму, i пра радзівілаўскі звярынец Альбу з летнім палацам, які, дарэчы, як з абурэннем піша Сыракомля ў «Вандроўках», быў, ужо ў яго час, «рукою нейкага спекулянта перароблены на простую гаспадарчую ферму», ад чаго «пазбавіўся сваёй аздобы». Шмат нясвіжскіх пейзажаў першай палавіны XIX стагоддзя рассыпана i ў выдатнай паэме Сыракомлі пра яго «школьныя часы».
Пра ўсё гэта я ведаў, прачытаўшы Сыракомлю, асобныя радкі i строфы былі ў памяці. Таму, калі блукаў па Нясвіжу, было такое ўражанне, быццам горад мне даўно знаёмы i я цяпер толькі прыпамінаў, пазнаваў вядомыя мне мясціны.
На ўскраіне горада, за старым змрачнаватым паркам, мне падалося, што я іду якраз па той дарозе, якую некалі князь Кароль Радзівіл усыпаў соллю i ездзіў па ёй летам на санях, запрэжаных мядзведзямі. Дзядзька, які скошваў па броўках густы пырнік, пацвердзіў маю здагадку: сапраўды, гэта тая «белая» дарога, пра яе ён чуў ад старых. Пра гэтую дарогу, пра дзікія свавольствы князя пісаў i Сыракомля — як у нарысах, так i ў паэтычных творах. Князь марыў аб славе, аб людской памяці, a дабіўся таго, што паэт «увекавечыў» яго як тупога i бяздушнага самадура, самахвальца, часовая «вядомасць» якога вырасла на народнай крыві. Смяротны прысуд вынес яму паэт у сваёй «Народнай гутарцы» — «Ілюмінацыя», пачутай тут, у Нясвіжы, ад старой беларускай жанчыны.
Гэта, так сказаць, «запеў» гутаркі, дзе дадзена агульная характарыстыка Кароля Радзівіла. Далей Уладзіслаў Сыракомля — вуснамі боларускай жанчыны — расказаў пра дзікі факт свавольства i здзеку з народа ўсеўладнага князя-самадура. Задумаўшы гучна правесці свае ўгодкі, князь загадаў усім жыхарам Нясвіжа паліць паходні. Жанчына, ад імя якой вядзецца апавяданне, не магла выйсці на вуліцу, каб паліць на сваім слупу ліхтар,— у яе на руках было хворае дзіця. Тады служка з ратушы, паразбіваўшы ў хаце вокны, вырваўшы з рук дзіця, сілай выцягнуў яе на вуліцу. Дзіця, якое заходзілася ад плачу, засталося ў напоўненай холадам хаце адно.