Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 22 23 24 25 26 27 28 29 30 ... 89
Перейти на страницу:

– Дзе тут сьметніца ў іх? Мяшок выкінуць.

Лявон таксама ўстаў і агледзеўся. Найбліжэйшая сьметніца, чыгунавая, памаляваныя ў зялёны, віднелася перад уваходам у банк. Яны рушылі.

Спыніць іх ніхто не спрабаваў, хоць Рыгор быў гатовы да таго, што ахова, убачыўшы па відэакамэрах узброеных людзей, выскачыць на абарону. Яны бесьперашкодна дасягнулі сьметніцы, у якую трапна паляцеў пусты пакунак з-пад соку, і спыніліся каля люстраных дзьвярэй. Рыгор яшчэ раз прачытаў працоўны расклад, які паведамляў, што ўва Ўпраўленьні сёньня выходны, але цалкам надзеі не адымаў, адсылаючы да Апэрацыйнае залі ў цакалёвым паверсе. Рыгор на ўсякі выпадак патузаў клямкі, але марна. Пераглянуўшыся, яны вярнуліся мостам назад, спусьціліся лесьвіцай і прайшлі паўз зялёнага рашэцістага плота, які бараніў стаянку інкасатарскіх аўтобусаў, таксама бязьлюдную.

Шыльда каля ўваходу ў Апэрацыйную залю даканцова адабрала надзею: сёньня, у нядзелю, быў абсалютны выходны. Рыгор адразу адчуў, як ён стаміўся за гэтыя содні, якая потная ягоная суколка, як далёка вяртацца дадому і якая цяжкая торба. Зірнуў на Лявона. Той вінавата разглядаў свае туфлі, чорныя, пыльныя, з вострымі насамі. Рыгор перадужыў сябе і мовіў з аптымізмам:

– Ну, што рабіць... Раз ужо так выйшла, дык пойдзем сёньня ў лазьню!

Лявон задумаўся, ці хочацца яму ў лазьню. З аднаго боку, абмыць зь сябе пыл, бруд і стомленасьць колькіх дзён, а з другога боку – зноў далёкая дарога, нячыстая кафляная падлога ў распранальні, цялесна-мясная шматлюднасьць. Ён ужо пачаў быў адкрываць рот дзеля адмовы, як раптам Рыгор, мабыць, дзеля ачысткі сумленьня, пацягнуў дзьверы Апэрацыйнае залі на сябе, і яны адчыніліся. Рыгор кінуў на Лявона агністы погляд і ўвайшоў, прытрымаўшы дзьверы перад сябрам.

Яны апынуліся ў невялічкім тамбуры са сьценамі, абклеенымі аб'явамі, сьпісамі паслугаў, рэклямамі ўкладаў і плянам пажарнае эвакуацыі. Праваруч стаяла празрыстая будка вахтара і круцёлка, за якой віднелася лесьвіца наверх; налева цягнулася сумная доўгая заля, запоўненая па абодва бакі кабінамі касіраў, з драўляным аздабленьнем унізе і шклянымі перагародкамі ўверсе. Рыгор кіўнуў Лявону на залю, але адразу ж падняў паказьнік, быццам узгадаўшы нешта. Ён высунуў з торбы дзьве зімовыя вязаныя шапкі з прарэзанымі на вочы дзіркамі – адну чыста белую, а другую цёмна-сінюю, з блакітнай паласой. Рыгор надзеў белую шапку, а сінюю падаў Лявону.

Шапка прыціскала нос, замінала дыхаць. Лявон пацягнуў яе ў адзін бок, у іншы, спрабуючы знайсьці зручны начэп. Яны ўвайшлі ў залю, пануры казённы выгляд якой трохі ўпрыгожваўся пухлявай скураной канапай ля ўваходу. У зале не было нікога: ні аховы, ні наведвальнікаў, ні касіраў, і Рыгор у чарговы раз парадаваўся шчасьліваму супадзеньню, якое прывяло іх сюды менавіта ў нядзелю.

– Здаецца, сёньня выходны на’т у аховы, ніхто нас не сустракае, – сказаў Рыгор напаўголасу. – І слушна, трэба ж ім калі-нікалі мыцца!

У гэты момант у адной з бліжэйшых кабін яны ўбачылі чалавека – да гэтага ён сядзеў на кукішках, а зараз выпрастаўся. Злодзеяў ён не заўважаў, стоячы да іх сьпіной і корпаючыся з чымсьці ля шафы. Лявон і Рыгор, не змаўляючыся, рушылі да яго. Лявон зьняў аўтамат з засьцерагальніка і перасмыкнуў засаўку: гук выйшаў гучны і звонкі. Служка павярнуўся да іх, ён трымаў у руках кубак і лыжачку – відаць, ён заварываў гарбату.

– Ня рухацца! Гэта рабаваньне! Дзернешся – застрэлім! – заравеў Рыгор і пагрозьліва патрос аўтаматам.

Служка імгненна зноў прысеў на кукішкі, зьнікшы з вачэй. Пачуўся войк і звон разьбітага парцэляну, мабыць, ён выпусьціў кубак і апёкся кіпенем.

– Вось пачвара! Ён зараз там на сыгналізацыю пацісьне! – Рыгор адставіў правую нагу назад і, трымаючы аўтамат ля пояса, націснуў на цынгель. Нічога не адбылося.

– Ты, пэўна, забыўся пра засаўку і засьцерагальнік, – заўважыў Лявон. – Пагодзь, зараз я паспрабую.

І ён паспрабаваў. Гэта было падобна да жаху маланкі наўпрост яму пад ногі! З грукатам і агнём аўтамат ірвануўся зь ягоных рук; пырснулі ўва ўсе бакі аскепкі шкла і тынкоўкі са сьценаў. Лявон пасьпяхова пусьціў курок і стаяў, аглушаны.

– Куды ты пуляеш, дружа? Па кабіне страляй! Ён жа там хаваецца! – папракнуў яго Рыгор і грукануў доўгай чаргою наўскос па кабіне. Паляцелі трэскі; Лявон з захапленьнем назіраў, як на плястыкавай паверхні зьяўляюцца дзіркі. Ён мацней сьціснуў аўтамат, напружыўся і зноўкі пацягнуў цынгель, цаляючы трошкі вышэй за тое месца, куды прысеў служка. Грукат, агонь, трэскі, аскепкі! Лявон ціснуў на цынгель, пакуль аўтамат не заціх сам сабою. Ён паглядзеў на Рыгора. Рыгор глядзеў на яго. У вушох зьвінела, ў вачох плылі жоўта-чырвоныя кругі.

– Дай яшчэ патронаў, – усьміхнуўся Лявон.

– Трымай, – трасучы галавой, Рыгор падаў Лявону поўны магазын. – Старога не выкідвай, можа шчэ спатрэбіцца. Вось на гэтую клямку цісьні, каб высунуць. Ага, добра. Зараз гэты ўстаўляй. Але годзе пакуль што страляць, наш банкір там і так ужо ў катлету. Пайшлі паглядзім.

Банкаўская заля зьмянілася. Падлога была абсыпаная друзам і белівам, ад шыбаў на ўсіх блізкіх кабінах засталіся толькі зубастыя кавалкі, а ў тым месцы, дзе хаваўся служка, кулі прабілі вялікую дзірышчу, падобную да зоркі. Лявон удыхнуў пах пораху, даволі прыемны, ён напомніў яму пах супу. Нагнуўся і падабраў прастакутны шкляны кавалачак. «Чым абумоўленыя абрысы аскепкаў? Пунктамі кулёвых удараў, што задаюць вяршыні ліній-расколінаў, альбо ўнутранай структурай самога шкла?» Але дакончыць думку ён не пасьпеў.

– Уцёк, паскуда! – крыкнуў Рыгор. Ён залез унутар кабіны, але трупа там не было. – Вунь у тыя дзьверы ўцёк, бачыш? І калі толькі пасьпеў! Пабеглі хутчэй за ім!

Між шафай, ля якой служка заварываў сабе гарбату, і крыху далейшай калёнай сапраўды знаходзіліся дзьверы ў службовыя памяшканьні. Лявон памеркаваў, што калі параўнаць велічыню ўсёй будыніны з адносна невялікай Апэрацыйнай заляй, дык службовых памяшканьняў мусіць быць вельмі шмат, і што шукаць там кагосьці можна вельмі доўга, нават содні напралёт. Да тога ж яшчэ невядома, на колькі паверхаў банк сыходзіць углыб зямлі. Падземнае царства гномаў, незьлічоныя скарбы… Можа, застацца тут назаўсёды, сесьці на гномавы трон і справядліва кіраваць? Тым часам Рыгор ужо зьнік за дзьвярыма. Лявон павагаўся, пералезьці праз кабіну або абыйсьці і рассудзіў абыйсьці, бо стальніца была абсыпаная шклом, і можна было парэзацца.

Службовыя памяшканьні пачыналіся вузкім калідорам зь зялёнымі дзьвярыма паабапал. Праваруч, ля наступных дзьвярэй з шыльдай «Прымальня», стаяў Рыгор, прыклаўшы палец да вуснаў і зрабіўшы вялікія вочы. Ён усьміхаўся, і было відаць, што ўсё навокал яму падабаецца і яго забаўляе. Лявон наступіў на шкло, гучна хруснула. Рыгор нахмурыўся і сказаў яму нешта строгае, аднымі вуснамі, бяз голасу. Лявон вінавата ўцягнуў галаву ў плечы і на дыбачках наблізіўся, выглядаючы месца для кожнага кроку.

– Чаго бавішся? – спытаў Лявон шэптам, – Зараз ён выкліча ахову, і нам гамон.

– Ды нікога ён ня выкліча. Я ўпэўнены, ніякай аховы сёньня тут няма. Яны ўсе ў лазьні.

Лявон не разумеў, жартуе Рыгор ці не. Усярэдзіне прымальні чулася валтузьня і гістэрычны голас – мабыць, служка спрабаваў выклікаць па тэлефоне міліцыянтаў.

– Алё! Алё! Алё!

Рыгор падміргваў Лявону, быццам кажучы: «А тэлефон-та не працуе!» І праўда, дзівак гэты службовец, падумаў Лявон, няўжо ня ведае пра праблемы з сувязьзю ў апошні месяц. Пэўна, чапляецца за саломінку. Спадзяецца – а раптам тэлефон запрацуе, дый нехта прыйдзе яго ратаваць.

Тым часам Рыгору надакучыла чакаць, і ён пастукаў у дзьверы сагнутым пальцам:

– Даражэнькая, адчыняй! Інакш я мушу выбіць дзьверы!

Ён радасна глядзеў на Лявона, чакаючы ацэны свайго жарту. З пакою пачуўся нейкі малазразумелы стук, ляск, і ўсё сьціхла.

– Мы пачынаем ламаць! – урачыста абвясьціў Рыгор і дадаў Лявону: – Толькі не страляй. Я падумаў, што калі мы яго заб'ем, дык хто нам выдасьць грошы?

Рыгор адыйшоў на крок і з усёй намогі грохнуў нагой у дзьверы, бліжэй да клямкі. Замок быў слабенькі, і яны адразу ж расхінуліся. Сябры ўбачылі ўсярэдзіне ўтульныя канапкі абапал уваходу, высокія скураныя дзьверы зьлева і вялікі сакратарчы стол пасярэдзіне. Па-за сталом – вакно, расчыненае насьцеж. Служкі не было. Лявон падыйшоў да стала і зазірнуў пад яго. Там стаялі паношаныя карычневыя туфлі.

1 ... 22 23 24 25 26 27 28 29 30 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)