Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 89
Перейти на страницу:

Увечары Рыгор зазьбіраўся дадому. Я адгаворваў яго, але ён быў цьвёрды, хоць і вагаўся. Ён успомніў пра тату, што той чакае яго і мабыць хвалюецца. «Эх, тата, тата», – Рыгор паспрабаваў паглядзець час па мабільніку, але той разрадзіўся і не працаваў. Ён зірнуў на мяне, але я пакруціў галавой, у мяне тэлефона не было наогул. Я працягнуў угаворы застацца, прыточваючы такія аргумэнты, як Рыгорава самастойнасьць і незалежнасьць ад таты, занадта доўгі шлях дадому, смажаная бульба з чырвоным лукам і салодкім перцам на вячэру, мяккі ложак у палаце для парадзіх, адрамантаваны магнітафон і блізкая дарога да мэдінстытута заўтра раніцай. Апошні аргумэнт яго пераканаў.

8. Як Лявон шукаў Рыгора

Лявон прачнуўся праз гром, у той жа позе, у якой заснуў – за партай, калені шырока рассунутыя, галава на скрыжаваных руках. Рукі і шыя здранцьвелі, зрабіліся нібы драўляная, і ён з болем выпрастаўся. Моршчыўся і пакорліва чакаў, калі кровазварот наладзіцца, і ўяўляў, як кроў штуршкамі прабіваецца ў рукі па танюткіх жылках, закаркаваных у час існу, і яны цяпер паціху адчыняюцца. Аўдыторыя была напоўненая празрыстым шэрым прыцемкам, і Лявон спачатку быў здагадаўся, што набліжаецца ноч. Але гадзіньнік над дошкай паказваў без малога дзьве, і гэта было дзіўна: надта сьветла для позьняе ночы і надта цёмна для сярэдзіны дня. Ззаду, за вокнамі, раптам бліснула маланка – і парты, прыступкі і Лявонава галава адкінулі імгненныя цені. Зноў грымнула.

«Дождж, – зразумеў Лявон і ўспомніў, што трымаў іспыт, ізноў ня вытрымаў, і што наперадзе два тыдні вакацый. – Пара йсьці дадому. Вось толькі парасоніка няма». Ён вылез з-за парты і ледзь ня паваліўся – ногі і паясьніца таксама невыносна зацяклі і ня слухаліся. Хацелася піць. Лявон дастаў з заплечніка пакунак з сокам і дапіў апошнія пару глыткоў, што плёскаліся на дне. Па-старэчаму сагнуўшыся, ён спусьціўся да выйсьця з аўдыторыі, адчыніў дзьверы, трымаючыся за вушак, і закільгаў калідорам уздоўж сьцяны, абапіраючыся на яе рукой.

Пакрысе кроў прасякнула ўсе ягоныя члены, усе нават сама далёкія кончыкі ягонага цела, і старасьць ізноў адсунулася наперад на нявызначаны тэрмін, стаілася там, маленькая і нябачная. Але Лявона цяжка было падмануць, або адцягнуць ягоную ўвагу, ён ужо заўважыў яе і затаўраваў пагардлівай думкай: «Як гэта зьневажальна – ведаць, што цябе няўхільна чакаюць жаласная старасьць і сьмерць». Горда сашчурыўшы вочы, ён колькі хвіляў глядзеў з калідорнага вакна на залеву. Трэба было перачакаць яго, ня йсьці ж дадому гэткай навальніцай. Каб заняць час, Лявон надумаўся зазірнуць у сталоўку на першым паверсе і выпіць там яшчэ соку. Ягоныя крокі ў пустых калідорах аддаваліся лёгкім рэхам, пругкі гук лінолеўму зьмяніўся на парыпваньне паркету ля цэнтральнае лесьвіцы і аднавіўся, калі ён прайшоў у правае крыло будынка. Дасягнуўшы канца калідора, Лявон спусьціўся бакавой лесьвіцай уніз.

Дзьвюхстворкавыя дзьверы ў сталоўку, памаляваныя ў той жа тоўсты шэры глянец, што і дзьверы аўдыторый, былі расчыненыя. Набліжаючыся да іх, Лявон пачуў голас. Хутчэй за ўсё, голас належаў Янку, кухару, але з кім ён мог размаўляць? Можа, Адам Васілевіч зайшоў паабедаць? Голас быў трохі прыглушаны, мабыць ён даносіўся з кухні. Ля парога Лявон спыніўся, зьдзіўлены да крайнасьці: Янка дэкламаваў вершы.

Ў сырой цішы ядальні Жыцьцё паволіць бег. З марудлівасьцю рэк Бруіцца дух баршчовы.

Прыслухоўваючыся, Лявон ступіў наперад і стаў на парозе. Утульная сталоўка з двума шэрагамі пакрытых абрусамі сталоў пуставала, за вялікімі вокнамі капаў дожджык. Праваруч блішчала нержавейкай раздаткавая лінія, чыстая і халодная.

Халоднаю рукою Ўздымаю высако Кляновае драўко, Нягучнай славы зброю.

Чытаньне чулася з бакоўкі. Лявон ціхутка падыйшоў да бліжэйшага стала і сеў на крэсла. Да ягонае прыкрасьці, ножкі крэсла пад цяжарам цела ссунуліся і гучна рыпанулі па падлозе. У бакоўцы адразу ж раздаўся глухі ўдар, быццам нехта саскочыў з зэдліка. У сталоўку выбег Янка і спалохана ўтаропіўся на Лявона.

– Здароў!.. Як цябе занесла сюды ў суботу? – ён быў на пару гадоў старэйшы за Лявона, невысокі, сьветлавалосы і сьветлавокі, у белай суколцы і шырокіх пярэстых шортах. – Іспыт пераздаеш?

– Дзе там, проста зайшоў соку папіць.

Яны заклапочана глядзелі адзін на аднаго. Янка бянтэжыўся, што ягоную дэкламацыю мабыць пачулі, а Лявон узмоцнена думаў над трывожным словам «субота».

– Ты ўпэўнены, што сёньня субота? – нарэшце спытаў Лявон.

– Вядома! Учора была пятніца і іспыт у дзёньнікаў, – «дзёньнікамі» называлі студэнтаў, якія вучыліся на дзённым аддзяленьні; сам жа Янка вучыўся на завочным, адначасна працуючы кухаром у сталоўцы. – У мяне яшчэ Адам Васілевіч сьнедаў, булачкі з джэмам і амэрыкана, як ён любіць. Ды што здарылася, га? Ты думаў, што сёньня пятніца, і на іспыт прышоў?

– Не, на іспыце я ўжо быў...

– І што, заваліў?

– Заваліў...

– А якія квіткі папаліся?

Лявону не хацелася размаўляць пра іспыт і, каб перавесьці размову на іншую тэму, ён выказаў захапленьне пачутымі вершамі. Янка адразу пра ўсё забыўся і зачырванеўся. Лявон дрэнна знаўся ў паэзіі, але дзеля падтрыманьня гутаркі спытаў, хто ўлюбёны паэт Янкі. Высьветлілася, што кухар – прыхільнік сымбалістаў, але вышэй за ўсіх ставіць Рыльке. А такія паэты, як Ясенін – ягоныя ідэалягічныя ворагі. Янка стаў чытаць Лявону Рыльке ў сваім перакладзе. Ён чытаў шчыра і выразна, кончык ягонага маленькага круглага носа рухаўся ў тахт словаў, а рукі рабілі зародкі жэстаў, якія не пасьпявалі набыць форму. Янка ў сваёй новай ролі вельмі спадабаўся Лявону, але Рыльке здаўся яму нейкім каламутным. Ён папрасіў Янку пачытаць яшчэ свае вершы, а заадно напомніў пра апэльсінавы сок. Абодва ягоныя жаданьні былі задаволеныя адразу і са шчодрасьцю: Янка вынес яму двухлітровы пакунак соку і прачытаў цыкл сваіх санэтаў, прысьвечаных ночным перажываньням і ўражаньням. Шоргаты, цьмяныя водбліскі, прынесеныя лёгкім ветрыкам пахі, глыбіня цёмных бяззоркавых нябёсаў, маўклівы погляд адусюль, неўміручасьць, мінуласьць і будучыня.

Прысьніўся дзіўны сон: Цякла рака баршча. Я спакваля ўвайшоў. Туга і гарача Была яго бруя, Паток барвовы нёс Сьмятаны астрава. Затрапятаў мой нос, І я паплыў туды, Дзе пачаўся ўсход. Дзе горы-буракі Схавалі гарызонт, Дзе араматны пар Ахутаў сонца шар.

Янка выслухаў, як належнае, хвалу, і, памаўчаўшы, выказаў перакананьне, што асноўнай вартасьцю паэзыі ёсьць ейная ўзвышанасьць і адарванасьць ад зямное рэальнасьці, відавочнай толькі для вачэй і зусім не аб'ектыўнай.

– Вазьмі самое слова «відавочны». Мы прывыклі, што яно азначае пэўнасьць нейкага факту ці зьявы, але забываемся на ягоную этымалёгію. Слова «відавочны» утварылася з выразу «відзець вачыма», але пагадзіся, што відомасьць не заўсёды адлюстроўвае сутнасьці зьявы.

1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)