Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 89
Перейти на страницу:

Янка з горыччу адказваў, што ягоныя вершы пэўна не зацікавяць ані кампазытараў, ані сьпевакоў, ані слухачоў, бо яны занадта далёкія ад звыклых ім тэмаў.

– Каханьне, жанчыны і ўсё сумежнае! Вось, што цікавіць стваральніка і спажыўца песень. Адзіная струна, на якой яны могуць граць і гук якой яны здольныя пачуць. Ясенін! – І Янка пачаў падрабязна апавядаць на тэму свайго нялюбага паэта.

Лявон уважліва слухаў і ківаў галавой. Калі Янка перапыніўся, ён заўважыў:

– Сусьвет уладкаваны несправядліва і зьняважліва – гэта маё глыбокае перакананьне.

Праз паўгадзіны Янка абвясьціў, што яму пара зачыняцца і прапанаваў Лявону крыху пачакаць, а потым пайсьці разам. Але Лявон адмовіўся, адлюстраваўшы на твары выраз чалавека, які заседзеўся, а потым падхапіўся і зараз сьпяшаецца. Цягнучы ногі па асфальце, ён вярнуўся на аўтобусны прыпынак, адкінуўся на сьпінку лаўкі і ляніва глядзеў, як згасаюць вокны Макдональдса. Ён падрыхтаваўся схавацца за лавай, калі Янка пойдзе ў гэты бок, і чакаў. Але Янка ўсё ня йшоў і ня йшоў, мабыць, пайшоў кудысьці ў другі бок, і Лявон заплюшчыў вочы.

9. Рабаваньне

– І вось! Нарэшце! Каго я бачу!

Лявон здрыгануўся і заміргаў. Перад ім стаяў Рыгор, абціраючы з лобу пот і гучна абураючыся.

– Я ўжо пературбаваўся ўшчэнт! Увесь горад аббегаў, пакуль цябе шукаў! Насустрач пайшоў! На’т у твайго кіраўніка практыкі быў!

Лявон глядзеў на яго, быццам не разумеў.

– Я, безумоўна, ведаў, што калі мы дамовіліся, дык ты прыйдзеш жалезна. Падумаў, можа ты мяне зразумеў няслушна або ў календары заблытаўся. А зараз вяртаюся і бачу – нехта сядзіць на лаве. Адразу сьцяміў, што гэта ты. Але які ж ты боўдзіла! Як можна дзень пераблытаць! Можа, ты і ня ведаеш, што сёньня ўжо нядзеля?

– Даруй мне, Рыгору, я праспаў, – зьбянтэжана адказаў Лявон. Ён выпрастаў зацёклую сьпіну і сядзеў, абапіраючыся рукамі на край лавы. Далоні адчувалі цёплую, парэпаную ветрам фарбу на верхнім баку сядзеньня, а кончыкі пальцаў пагладжвалі шурпатае дрэва зьнізу. Лявон стаў глядзець на чорныя валасінкі, што пакрывалі перадплечча Рыгора, і яны непрыемна напомнілі яму нешта са сьвету вусякоў. – У мяне быў цяжкі дзень, і я жудасна стаміўся... трымаў іспыт.

– Ты ж казаў, што іспыт у пятніцу! Значыць, яго перанесьлі на суботу? Чаго ж ты не папярэдзіў? Мог бы патэлефанаваць і сказаць! Ведаеш, як цяжка чакаць, ня ведаючы нічога. А раптам з табой нешта здарылася?

Рыгор падлавіў сябе на тым, што махае рукамі рыхтык як дзядзька Васіль, і гэта сьцішыла яго, ён не хацеў быць падобны да старога суседа. Тым больш што ягоны дакор быў несправядлівы – сувязь не працавала, і патэлефанаваць было нельга. Дый наогул, як можна было сур'ёзна злавацца на Лявона: ён жаласьліва ўсьміхаўся, вінавата і сумна, а погляд ды пастава выказвалі найпаўнейшае раскаяньне. Рыгор адзначыў, што нясьвежая белая кашуля падыходзіць Лявону выдатна, дадаючы яму нейкае заганнае стомленасьці. «Ці шмат знойдзецца людзей, каму б падыйшла скамечаная белая кашуля?» – падумаў ён і запытаўся:

– Вытрымаў хоць свой іспыт?

– Не... Зноў заваліў. Яго немажліва вытрымаць, – паглыбляцца ў падрабязнасьці свайго пасьлявыспытавага сну і наступных прыгод Лявон не хацеў. Няхай Рыгор лепш думае, што іспыт перанесьлі на суботу.

– Як жа так! Хіба ты не рыхтаваўся? І што цяпер? Згоняць?

– Не. Паўторнае слуханьне курсу...

– Дык і халера зь ім! Яно табе ўжо не спатрэбіцца. Можаш лічыць, што гэта быў твой апошні іспыт. Хлопцам з грашыма іспыты не патрэбныя! Але чаму ты на прыпынку сядзіш, а не ля банку? Мы ж ля банку дамовіліся. Я б мог цябе і не заўважыць, – Рыгор пацягнуўся, закінуў галаву і хруснуў суставамі шыі. – Добра, пойдзем рабаваць! Спадзяюся, сёньня нашы банкіры працуюць.

Ён павярнуўся і ўпэўненым крокам пайшоў да моста, які вёў да ўваходу ў банк. Лявон рушыў усьлед за ім, разглядаючы ягоную вялікую спартовую торбу. «Цікава, колькі грошай у яе ўлезе? Мільён? Дзесяць мільёнаў?» У пачатку моста Рыгор паставіў торбу на зямлю, загадаў Лявону пачакаць тут, а сам зьбег па схілу да хмызу. Лявон, мяркуючы, што Рыгору захацелася папісяць, адвярнуўся і прысеў на краёчак вялікае кветкавае вазы. У вазе, квадратнай, зробленай з суцэльнага кавалка бэтону, расьлі цёмна-сінія фіялкі, пышныя і дагледжаныя. Лявон задумаўся, ці могуць пахнуць дэкаратыўныя фіялкі, і ўжо амаль наважыўся нагнуцца і панюхаць, але тут вярнуўся Рыгор зь вялікім скруткам у руках. Нешта буйное і цяжкае было загорнутае ў белую суколку. Рыгор апусьціў скрутак на торбу і сеў на суседнюю зь Лявонам вазу. Позіркам пашукаў на асфальце нататку, якую шкрабаў учора, але не знайшоў – дождж і пясок яе сьцерлі. Ён разгарнуў суколку, бліснуў мэтал.

– Аўтаматам карыстацца магёш?

Лявон крутнуў галавой, ён аніразу ў жыцьці ня меў справы са зброяй. Ён зацікавіўся, узяў у рукі аўтамат, падаты Рыгорам, і ледзь утрымаў яго, бо той стаўся нечакана цяжкі.

– Я ведаю, што трэба цэліцца ў мушку і ціснуць на цынгель, вось і ўсё, – Лявон прыцэліўся ў дарожны знак, які тырчаў непадалёк. – І яшчэ ведаю, што недзе збоку мусіць быць засьцерагальнік.

Рыгор паказаў яму засьцерагальнік. Лявон ізноў прыцэліўся ў знак і з салодкім заміраньнем у жываце націснуў на цынгель. Нічога не адбылося. Рыгор растлумачыў, што зараз аўтамат менавіта на засьцерагальніку, што калі трэба страляць, дык засьцерагальнік трэба перамкнуць, і што ўсё роўна ня стрэліць, пакуль засаўкі не перадзернеш. І наогул рана шчэ страляць, можна спудзіць ахову.

– А ў цябе такі ж? – спытаў Лявон. Сапраўдны, сур'ёзны, навюткі мэханізм уразіў яго, і ён захоплена глядзеў на Рыгораву торбу, чакаючы зьяўленьня адтуль новых цудаў тэхнікі. Нават заўсёдны сонны выраз зьнік зь ягонага твару.

– Ага, такі ж самы, нібы брацік!

Рыгор дастаў другі аўтамат, страсянуў яго ў руках, адшпіліў і зноў прышпіліў магазын, выцер пальцам плямку алею з рулі, а палец выцер аб вазу. Палец пакінуў на вазе шэравата-жоўтую паласу. Рыгор паглядзеў на Лявона і са сьмехам штурхнуў яго ў плячо прыкладам свайго аўтамата:

– Прысьвячаю цябе ў рыцары, браценік Лявоне! Будзь адважны і змагайся як леў!

Лявон глядзеў на яго і запытальна ўсьміхаўся. Гэтая ўсьмешка падабалася Рыгору, яна выклікала ў ім адчуваньне маладосьці, прастаты і спакою. Але адначасна Рыгор зразумеў, гэтага разу даканцова, што Лявон суцэльна не ўспрымае гумару і над сваімі жартамі яму прыйдзецца заўсёды сьмяяцца самому. Звычайна Рыгор шанаваў пачуцьцё гумару як значную якасьць, безь якой лічыў чалавека глупаватым, але зараз не засмуціўся, а толькі адчуў да Лявона нейкі асаблівы жаль. Рыгор памаўчаў, гледзячы ў зямлю, і ягоныя думкі паціху вярнуліся да справы:

– У мяне з сабой яшчэ пару магазынаў, але яшчэ невядома, ці прыйдзецца нам страляць. Як маркуеш, гэтае торбы досыць для грошай? Можа, набыць недзе пару вялікіх мяшкоў?

– Ня варта, – адказваў яму Лявон, – у мяне заплечнік бадай пусты, там толькі пакунак з сокам. Можна яго дапіць і выкінуць. Хочаш соку?

– Давай! Дарэчы трэба было б праглынуць штосьці перад гэткай дзеяй.

Рыгор паклаў аўтамат побач з сабой на вазу і выцягнуў з торбы пачаты пакунак вафляў і папяровы мяшок з лустамі доктарскай каўбасы.

– Бяры! Паямо дый наперад.

Лявон адламаў палоўку вафлі і павярцеў у руках. Аўтамат ён апусьціў на калені і пагладжваў ягоны корпус вольнай рукой. Пальцы пакідалі на прахалодным гладкім мэтале лёгкія вільготныя сьляды, якія хутка таялі. Лявон думаў пра тое, што Адам Натаніэлавіч мае рацыю, і навука з тэхналёгіяй здольныя дарыць чалавеку радасьць, у тым ліку сузіральную, ані ня меншую за жывую прыроду. Колькі вафлёвых дробак патрапілі на засьцерагальнік; ён садзьмуў іх і занепакоена спытаў у Рыгора, ці ня могуць дробкі пашкодзіць зброю.

– Ха. Калаш нічым не сапсуеш! Гэта табе не гадзіньнік зь зязюляй. Зь ім на’т у ванну можна кунацца, не зламаецца, – Рыгор ужо зьеў бадай усю каўбасу, але было відаць, што ён не наеўся. – А ты чаго не ясі? Добра, на потым пакінем.

Рыгор дапіў сок, узяў у зубы адну вафлю, а астатнія разам з рэшткамі каўбасы сунуў у торбу. Торбу закінуў за сьпіну, пас аўтамата надзеў на шыю і ўстаў.

1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)