Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
Гаражы троху расчаравалі Лявона сваімі невялікімі памерамі, але, калі Рыгор зьняў замок і расчыніў створку брамы, унутры сталася вельмі ўтульна. Лявон стаў на парозе і разглядаўся. Асабліва яго зьдзівілі прычэпленыя да сьцен разнастайныя прылады, інструмэнты дый проста дзіўныя рэчы, кшталту тачкі на трох колах, зялёнай гумовай грэлкі ці двух зьвязаных за дзяржальні венікаў. Ён падыйшоў да сьвідравальнага станка і з павагай правёў пальцамі па ягонаму магутнаму патрону з шурпатай насечкай.
– Праходзь, ладкуйся. Тутака кухня, а вунь там пакой. Можаш паслухаць штосьці, пакуль я макароны звару, – тон Рыгора прыкметна зьмяніўся, стаў яшчэ больш упэўнены і нядбайны: тут, дома, ён панаваў безумоўна.
Рыгор кінуў торбу пад варштат, паставіў аўтаматы за халадзільнік і з гучным «уфффф» паваліўся ў качалку. Сагнуўшы шыю, панюхаў свае падпахі і скрывіўся. Лявон зь непрыязнасьцю адвёў вочы. «Як вульгарна. І што я тут раблю, зь ім? А сысьці – дык няветліва. Зьневажальнае становішча!» Каб адцягнуцца ад гэтых думак, Лявон скарыстаўся запрашэньнем – прайшоў, нагнуўшыся, у другой гараж, сеў на кушэтку.
– Толькі ня сьпі! Пайшлі, памыемся! – Рыгор зазірнуў у пройму, здымаючы зь сябе кашулю. – Лазьні вядома няма, але не зарастаць жа каростай! Сёньня быў вялікі дзень, і цяперака мы зусім іншыя людзі! Адчуваеш, як ты зьмяніўся з раніцы?
Лявон не адчуваў нічога, акрамя смутнага раздражненьня, але ўстаў і выйшаў усьлед Рыгору вонкі. Рыгор, ганарліва расправіўшы плечы, нетаропка шыбаваў паўз доўгага шэрагу рознакаляровых гаражных брамаў. Ля калёнкі ён шырока расставіў ногі і націснуў на рычаг. Вада зьявілася, як заўсёды, не адразу, а праз хвіліну, даючы зразумець, што ёй няпроста, і яна бяжыць здалёку. Рыгор папрасіў Лявона патрымаць рычаг, а сам нахіліўся, склаў далоні коўшыкам і, дачакаўшыся струменя, спачатку абмыў твар, потым з крыкам і сьмехам сунуў пад яго галаву, а потым стаў плёскаць ваду сабе на грудзі, на шыю і на рукі. Нечакана ён заціснуў рукою кран і накіраваў тугія пырскі на Лявона. Лявон віскнуў і адскочыў ад калёнкі, адцягваючы ад скуры мокрую кашулю.
– Стой! Не адпускай, бо зноў чакаць прыйдзецца! Больш ня буду! – рагатаў Рыгор. – Распранайся, цёпла ж!
Дзядзя Геня за шклом вартоўні ўхвальна сьмяяўся і паказваў ім адзінец. Вада была сцюдзёная, але Лявон раптам ізноў адчуў, што энэргія Рыгора сілкуе яго, нібы батарэйка. Завабіўшыся хваляй душэўнага ўздыму, ён пырхаў, крычаў і гарэзіў разам з Рыгорам. Яны плёскаліся і пырскаліся хвіляў пяць, у выніку штаны таксама вымаклі наскрозь, іх прыйшлося зьняць і разьвесіць на створцы брамы. Сонца схавалася за хмарку, стала халаднавата.
– Ну як табе? Асьвяжыўся? Палезьлі зараз на дахі загараць, – Рыгор, грэючыся, падскокваў на месцы, адлюстроўваючы стойку баксёра.
Ён вынес з гаража алюміневыя ўсходкі, першым залез наверх і лёг, закінуўшы рукі за галаву. Лявон асьцярожна падняўся ўсьлед. Жалеза даху, памаляванае карычневым, было цёплае празь нядаўняе сонца, але Лявону неўзабаве стала зябка. Ён лёг на жывот і падціснуў пад сябе рукі, ужо ў дрыжыках. Перад ягоным тварам была няроўная фарба, месцамі аблупленая, дробныя напаўпразрыстыя семечкі бярозы, выспы балотна-зялёнага моху. Рыгор таксама зьмерз, і яму не ляжалася. Ён сказаў, што прынясе піва, пераступіў церазь Лявона і зьнік унізе.
– Можа, у цябе і рушнік знойдзецца? – спытаў наўздагон Лявон. Рыгор крыкнуў, што пашукае.
Рушнік давялося чакаць доўга – ён, мабыць, захоўваўся ў Рыгора недзе ў далёкіх запасьніках, і знайсьці яго было нялёгка. Лявон уяўляў, як Рыгор рыецца ў глыбокіх скрынях з клёпанымі кутамі, дастаючы адтуль і разглядаючы тое камзол, тое сурдут, тое вышыты чырвонымі ўзорамі абрус. Лявон пачынаў дрыжаць. Пяшчотны павеў у немені сонца і пасьля ледзянога купаньня здаваўся непрыемна халодны. Лявон сеў і шчыльна абхапіў калені рукамі. З валасоў сьцякала вада і зьбіралася кроплямі на кончыку носа. Лявон дакранаўся набрынялай кропляю да калена, і яна расьцякалася ледзь прыкметнымі струменцамі па скуры, прыўздымаючы валасінкі. Чакаючы наступную кроплю, ён з надзеяй паднімаў галаву да неба. Праз воблака было відаць, як павольна рухаецца ўнутры бледна-жоўтае сонца.
Сонца пасьпела дасягнуць сярэдзіны, калі Рыгор вярнуўся з бутэлькай піва, пакункам соку і маленькім вафлёвым рушніком. Гэта быў адзіны рушнік, які ў яго знайшоўся, але затое ён гасьцінна дазволіў Лявону выцерціся першым. Пачаўшы выціраньне з галавы, Лявон зразумеў, што зглупіў – рушнік імгненна змакрэў і зрабіўся агідна халодны. Рыгор адкаркаваў піва, закурыў і паабяцаў, што сонца зараз зьявіцца. Лявону смажыла, і ён узяў сок, які, здаецца, праляжаў у лядоўні тыдзень. Скалынаючыся, Лявон выпіў пакунак за пару глыткоў. Рыгору ж, відаць, холад толькі дадаў настрою – ён весела зірнуў на Лявона і сказаў:
– Гэта на’т карысна – халадочак! Загартоўка. Слухай дарэчы анэкдот пра спорт! Сустрэліся аднойчы Пруст, Кафка ды Джойс – і зайшла ў іх размова, хто якім спортам займаецца. Пруст кажа – я хаджу на трэнажоры. Кафка кажа – я катаюся на ровары і на сноўбордзе. Джойс кажа – а я ўніз галавой вішу. Пруст і Кафка дзівяцца – гэта што за трэндавы спорт гэткі? Ёга? Джойс адказвае – якая нахалеру ёга. Калі галавою ўніз, дык да яе кроў прылівае – і плыня сьвядомасьці так і прэ, так і прэ!
І, не чакаючы Лявонава водгуку, Рыгор зарагатаў. Лявон, зьмерзлы і раззлаваны, дэманстратыўна хмыкнуў. «Ён вызначана шалёны, гэты Рыгор. Вар'яцкія анэкдоты». Адрагатаўшы, Рыгор змоўк, і яны некаторы час разам глядзелі на воблака. «І ўсё ж ён уважлівы, Рыгор. Памятае, што я люблю менавіта апэльсінавы сок, – меркаваў Лявон, мякчэючы. – І сьляды... Мае сьляды яшчэ ніколі не заходзілі так далёка». Ён з задавальненьнем адзначыў маўчаньне Рыгора, які не рабіў аніякіх спробаў параўнаць воблака зь якой чарапахай.
Праз хвіляў пяць воблака сапраўды выпусьціла сонца зь сябе. Зноў пацяплела. Лявон і Рыгор неўзабаве ўгрэліся і паслабіліся. Яны перакульваліся са сьпіны на жывот і назад, сохлі і заплюшчвалі вочы. Праз павекі сонца прасьвечвала густа-чырвоным, і на фоне гэтае чырвані плавалі маленькія, няўлоўныя роўным позіркам колцы.
Абсохшы, яны спусьціліся ўніз. Рыгор пачаў гатаваць спагеці з тушонкай, а Лявона пасадзіў у качалку. Ужо ведаючы пра ягоную схільнасьць да нечаканага засынаньня, Рыгор як мага гучней ляскаў вечкам аб рондаль, дробна тупаў нагамі і падрабязна камэнтаваў кожны свой рух: «Вось і вада ўскіпела! Паламаць спагеці напалам ці будзьма есьці даўгія? Саліць шмат, ці ты ня любіш? Ізноў згубіў кансэрвавы нож!» Калі неўзабаве спагеці былі звараныя, зьмяшаныя з тушонкай і выкладзеныя ў плястыкавыя талеркі, Рыгор прапанаваў перайсьці ў суседні гараж і паслухаць музыку.
– Люблю есьці ды слухаць. Табе я таксама піва адкаркую, добра? Бяры! Ты, дарэчы, што любіш слухаць?
Рыгор стаяў перад сваім музычным стэляжом, трымаючы ў адной руцэ талерку, а другой перабіраючы кружэлкі. Лявон сеў на канапу і паставіў талерку побач, яна апякала далоні. Гледзячы на апаратуру Рыгора і высокія паліцы з запісамі, ён успомніў пра дыск, што яму падаравалі ўва ўзнагароду за знойдзены тэлефон. Лявон прынёс з кухні свой заплечнік, расчыніў і спытаўся Рыгора, куды можна перакласьці грошы.
– У мяне там на дне дыск ляжыць. Я яго ні разу ня слухаў.
– Грошы? Валі на падлогу! – Рыгору так спадабалася гэтая ідэя, што ён пакінуў сваю порцыю спагеці на калёнцы, прынёс торбу з далярамі і таксама вытрас яе на сярэдзіну гаража. Утварылася мініяцюрнае падабенства тых грашовых гораў, якія яны бачылі ў банку. З хвіліну яны моўчкі глядзелі на кучу банкнотаў, Рыгор з узбуджэньнем, а Лявон у нейкім здранцьвеньні. Нарэшце Рыгор узяў падаты Лявонам дыск і падазрона агледзеў яго.
– Шубэрт? Песьні? Вось дык густы ў цябе!
– Хіба там Шубэрт? Адкуль ты ведаеш?
– Вось жа, алоўкам падпісана, танютка. Не, давай яго крыху пазьней паслухаем, – Рыгор паклаў дыск на калёнку. – А зараз я «Валькірыю» ўключу! Акурат па гумору, га?
Лявону гэтая назва нічога не сказала, і ён паціснуў плячыма. Рыгор падміргнуў яму, быццам абяцаючы разьвесьці ўсе ягоныя сумневы, раскрыў кардонавы футарал з наборам кружэлак і выцягнуў адну з капэрты. Перш як усталяваць кружэлку на прайгральнік, ён дзьмухнуў на паверхню, паднёс яе да самага носу і агледзеў пад рознымі вугламі. Запусьціўшы круг і апусьціўшы іголку, Рыгор пагасіў сьвятло, і «пакой» зараз асьвятляўся толькі з праходу на «кухню», адкуль падаў пераламаны рэчамі жоўты электрычны прастакутнік. Рыгор ізноў узяў талерку ў рукі і сеў побач зь Лявонам.