Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 89
Перейти на страницу:

Нарэшце ён устаў, расшпіліў торбу дый пачаў хутка кідаць у яе пачкі. Торба напоўнілася імгненна; яна здавалася нікчэмна драбнюткай у параўнаньні з грудай грошай, якая ані не паменшылася. Рыгор штурхнуў торбу нагой і застаўся незадаволены ейнай друзласьцю. Ён высыпаў даляры на падлогу і пачаў складаць ізноў, цяпер ужо шчыльна і акуратна. Зашпіліўшы маланку, ён зь цяжкасьцю закінуў торбу на плячо і выйшаў у калідор.

– Хадзі, вазьмі рублёў. Толькі купюры выбірай якія буйнейшыя, – сказаў ён Лявону і падаў яму невялікі поліэтыленавы мяшок з напісам «Nivea». – Сюды таксама насыпай. Можа, у цябе яшчэ мяшкі ёсьць з сабой?

У Лявона мяшкоў не было. Ён увайшоў у суседні пакой, зірнуўшы дырэктару ў вочы так, што той адступіў на крок, і ўбачыў там дакладна такую ж карціну: гару рублёў у пачках на падлозе. Рублёвы пах быў падобны да даляравага, але адрозьніваўся большай сьвежасьцю. Лявон памяшаў нагой гару. Сярод пачкаў чырвоных дзясятак і зеленаватых дваццатак трапляліся бледна-сінія пяцідзясяткі і ружовыя сотні. Лявон пачаў выбіраць сотні і напаўняць заплечнік, краем вуха слухаючы размову Рыгора з дырэктарам.

– А ты чаго стаіш? Набяры хоць у кішэні баксаў!

– Не, дзякуй.

– Ня будзь дурнем. Ніхто ж не пазнае! Шкадаваць потым будзеш. Усё роўна ж не твае грошы, а казённыя. Чуеш, а золата ёсьціка ў вас?

– Ёсьць і золата.

– Ух! Я чмурэю проста! Мы яшчэ прыйдзем да цябе, зараз усё роўна ня ўцягнем. Ты як, ня супраць? Ха-ха! А суп яшчэ застаўся ў цябе?

Дырэктар маўчаў, палічыўшы пытаньне пра суп не патрабуючым адказу жартам. Але Рыгор не жартаваў:

– Што маўчыш?! Пагарджаеш мяне, ці як? Суп застаўся, кажу?

– Ой! – мяркуючы па голасе, дырэктар атрымаў штурхель руляй. – Прабачце, я думаў, вы не сур'ёзна. Так, застаўся суп! Вы зь якім густам любіце? У мяне харчо і курыны.

– Гэта добра. Абодва паспрабуем. Ты мне вось што яшчэ скажы: навошта ў нядзелю на працы тырчыш?

– Мне падабаецца тут. Я справаздачы складаю, суп вось ем...

Яны павярнулі галовы да Лявона, які зьявіўся з напоўненым заплечнікам у адной руцэ і мяшком у другой. Выглядаў ён кепска: стомлены твар, цьмяны погляд пад ногі. Рыгор занепакоена спытаў, ці ўсё ў парадку, і Лявон адказаў, што проста хоча спаць. Дырэктар прапанаваў яму выпіць кавы, каб узбадзёрыцца. Яны пайшлі назад, зараз ужо ў іншым парадку: наперадзе Рыгор, за ім дырэктар, ззаду Лявон. Рыгор напомніў дырэктару пра суп, і той з найсур’ёзьнейшым выглядам сказаў, што памятае. Лявон выказаў сумнеў, ці патрэбныя ім кава з супам, бо спэцназ можа наляцець з хвіліны на хвіліну. Рыгор паглядзеў на гадзіньнік і супакоіў Лявона: з узьняцьця сьцяга прайшло ўсяго дваццаць хвілін, і нават калі сьцяг заўважылі, дык у іх ёсьць яшчэ паўгадзіны, пакуль спэцназ дабярэцца сюды з цэнтру.

Рыгор і Лявон уселіся ў прымальні на канапе, а дырэктар пайшоў у свой кабінэт грэць электрачайнік. Рыгор закурыў і павольна, знарочыста гучна, каб чуў дырэктар, пачаў расказваць сьвежы анэкдот:

– Сустрэліся аднойчы тры бандыты – Саня Руды, Сярога Чырвоны ды Дзімон Барвяны. Выпілі яны моцна дый паспрачаліся – хто зь іх найбессаромнейшы і найбязьлітасьнейшы. Саня Руды кажа – я аднойчы абрабаваў банк і дырэктара забіў. Сярога Чырвоны кажа – я аднойчы рабаваў банк і дырэктара забіў, і касіраў забіў, і кліентаў забіў. Дзімон Барвяны кажа – а я аднойчы абрабаваў банк і ўсіх жывымі пакінуў. Саня Руды ды Сярога Чырвоны сьмяюцца – ты ў нас найсумленьнейшы і найжаласьнейшы. А Дзімон Барвяны адказвае – дурні, дык гэта толькі аднойчы было, усяго ж я абрабаваў дваццаць чатыры банкі.

 Рыгор паглядзеў на Лявона – ці хоць усьміхнецца? – але той быў сур'ёзны і засяроджаны. Тым часам з кабінэта зьявіўся дырэктар з падносам, на якім стаялі плястыкавыя кубачкі з кавай і плястыкавыя слоічкі з супам, ужо напоўненыя кіпенем. Па ягонаму бледнаму твару Рыгор зразумеў, што анэкдот паўплываў. У паветры разьліваўся мясны водар, і Рыгор праглынуў. Ён ведаў, што трэба пачакаць колькі хвіляў, пакуль суп заварыцца, і, адцягваючы сябе ад нецярплівых думак, пачаў акуратна закасваць ніз свае шапкі, каб вызваліць рот паесьці. Лявон у задуменьні ўзяў у рукі кубачак з кавай і пачаў павольна круціць яго пад невялікім нахілам, назіраючы, як шума пакідае сьляды на сьценках. Усе маўчалі.

– У цябе паслухаць штосьці ё? – парушыў цішыню Рыгор, зьвяртаючыся да дырэктара. – Радыё там ці яшчэ штосьці?

– Радыё няма. У нас забаронена, – суха адказаў дырэктар.

– Пакрыўдзіўся на нас? Кінь, усё ж застрахаванае! Каму можа быць дрэнна праз маленькае рабаваньне, – дабратліва сказаў Рыгор. – Ты не хвалюйся, у анэкдота яшчэ і другі канчатак ёсьць, слухай. Значыцца, Саня Руды ды Сярога Чырвоны сьмяюцца – ты ў нас найсумленьнейшы і найжаласьнейшы. А Дзімон Барвяны адказвае – дурні, я людзей кінуў паміраць са старасьці і хваробаў, а гэта нашмат бязьлітасьней! Ну як, лепш? – пасьмейваючыся, Рыгор пацягнуўся за супам. – Ужо заварылася. А лыжачкі ёсьць у цябе?

Дырэктар спахапіўся і прынёс са свайго кабінэта колькі чайных лыжак. Рыгор зьняў фольгу са слоічкі, удыхнуў гарачы духмяны пар і, зрабіўшы першы глыток, ухвальна мыкнуў. Дырэктар стаяў, абапёршыся на стол, Лявон працягваў круціць кубачак з кавай, і абодва глядзелі на Рыгора, як ён есьць. Рыгор моўчкі і спакойна зьеў абедзьве слоічкі супу, з палёгкай уздыхнуў і абвясьціў, што пара ісьці.

– А цябе мы прывяжам да фатэля, каб ты ня бачыў, у які бок мы рушылі. Не крыўдуй, дупка.

Дырэктар запэўніў, што ня будзе крыўдзіцца. Рыгор сарваў з вакна пупыркавую вяроўку, з дапамогай якой паварочваліся жалюзі, і прывязаў дырэктара да сакратарскага фатэля.

10. Як Лявон ды Рыгор застудзіліся

Рыгор прапанаваў нікуды не ісьці, а залегчы ў хмызьняку і дачакацца, пакуль зьявіцца спэцназ. На ягоную думку, было б глупствам сутыкнуцца зь ім на дарозе, гэта прывяло б да бессэнсоўнага і небясьпечнага стрэльбішча. Яны прайшлі трохі ўбок ад будынка і разьмясьціліся ў густых, даўно ня стрыжаных зарасьніках грогу. Лявон з асалодай сьцягнуў з галавы гарачую шапку, адчуўшы кончыкамі пальцаў рыфлёныя адбіткі, пакінутыя ніткамі на твары. Зямля за грогам парасьла высокай травою з высьпеўшымі каласкамі, і Лявон, улёгшыся на сьпіну і падклаўшы пад галаву заплечнік, цешыўся на іхную блізкасьць. Адзін каласок схіліўся да самага твару Лявона, ён лёгка правёў па ім паўзачыненай далоньню і разглядаў пясочна-жоўты пылок, што застаўся на скуры. Тым часам Рыгор уважліва агледзеў хмыз, абраў найлепшую агнявую пазыцыю ў прасьвеце паміж лісьцем і ўсталяваў туды аўтамат.

Паназіраўшы колькі хвіляў за дарогай, Рыгор павярнуўся да торбы і расшпіліў маланку. Палез у яе рукою, спрабуючы намацаць нешта ў глыбіні, але пачкі даляраў былі выкладзеныя шчыльна, і дабрацца да дна яму не ўдалося. Ён з прыкрасьцю мовіў, што забыўся перакласьці рэшткі доктарскай каўбасы ў бакавую кішэню, а яны былі б зараз так дарэчы! Лявон не адказваў.

Рыгор праглынуў сьліну і вярнуўся назіраць праспэкт. І ў час: ўдалечыні паказалася чалавечая постаць. Яна хутка набліжалася, расла, і неўзабаве можна было разгледзець чорную бярэтку, чорны вайсковы строй і трыкутнік бела-сіняй цяльняшкі на грудзёх. Спэцназавец крочыў бакавінай шырока і цьвёрда, ад ягоных высокіх чорных ботаў, даверху зашнураваных, падымаліся воблачкі пылу. Ён выразна махаў адной рукой у тахт крокаў, а другую трымаў на пасу аўтамата, дакладна такога ж, як і ў Рыгора зь Лявонам. Ужо праз хвіліну, узяўшы аўтамат наперавес, ён збочваў на масток, што вёў да банку. Ля ўваходу ён спыніўся, зьняў з поясу пляшку і адпіў колькі глыткоў. Потым выцер вусны рукавом і адважна рушыў унутар. Рыгор зірнуў на гадзіньнік.

– Выдатна! Каб мы тамака хвіляў на пяць затрымаліся, дык невядома, чым магло б скончыцца. А зараз сыходзім! – загадаў ён і ўстаў.

Рыгор падняў торбу, надзеў яе на правае плячо, павесіў аўтамат на шыю і павярнуўся да Лявона. Той спаў, раскінуўшы рукі і прыадчыніўшы рот.

– Знайшоў час! – Рыгор штурхнуў яго красоўкай. Лявон здрыгануўся і расплюшчыў вочы. – Падымайся! Сыходзім! Хутчэй!

1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)