Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 89
Перейти на страницу:

Лявон не зразумеў.

– Усё вельмі проста! – Янка сеў насупраць Лявона. – Вось напрыклад сок. Для вачэй гэта ня больш як аранжавая вадкасьць, але для паэта – душа паўднёвых пладоў, што зьмяшчае ў сабе сонца, і адначасна асьвяжальная вільгаць. Разумееш? Адзінства сонечнага агню і зямной вады. Дзіўна, га?

– Мабыць. Але чаму нельга апець аранжавую вадкасьць як такую? Перад тваёй аранжавасьцю, вадкасьць, я сціпла кленчу, як перад сьвятыняй! Драбнюткія валокны апэльсіна зьмяшчаеш ты ў сабе, як рот зьмяшчае зубы.

На апошніх словах Янка скрывіўся.

– Пра рот і зубы выйшла загруба. Лепш сказаць: «як ноч зьмяшчае зоркі». А потым некаторыя ўласьцівасьці ночы і зорак перанесьці назад на сок. Гэта будзе крыху прымітыўна, але пачаткоўцу згадзіцца. Мне здаецца, ты здолеў бы пісаць вершы, у цябе ёсьць пачуцьцё.

Так яны гутарылі, пакуль сонца не зьявілася ў вакне, пусьціўшы па абрусу яркі касой квадрат. Лявон успомніў пра час, пра суботу, пра ўгавор з Рыгорам і перастаў слухаць Янку. «Ужо бадай што тры! Як я спазьніўся... І што цяперака рабіць?»

– Скажы, Янка, калі б ты дамовіўся з чалавекам сустрэцца, а чалавек спазьняўся, колькі б ты яго чакаў?

– Пятнаццаць хвілін, – не задумваючыся, адказаў Янка, – Ты кудысьці спазьняесься?

– Так. Прабач, але мне ўжо пара.

Янка запрасіў яго заходзіць часьцей, і Лявон абяцаў. Яны прайшлі калідорам да чорнага ходу, Янка дастаў з кішэні вялізную зьвязку ключоў і адчыніў амаль непрыкметныя ў цені дзьверцы. Лявон паціснуў яму руку і выйшаў, апынуўшыся на алеі студэнцкага гарадку, непадалёк ад тога месца, дзе стаяла гемаройная скрыня на ножцы. Не азіраючыся, ён пайшоў наперад, да галоўнае брамы, і спыніўся толькі пачуўшы за сьпіной гук зачыненай дзьверы. Лявону хацелася паразважаць у нерухомасьці, але калі б ён спыніўся адразу, Янка мог ізноў напасьці на яго з размовамі.

«Колькі б я чакаў на месцы Рыгора? – ён стаяў на краю алеі, разглядаючы траву пад нагамі. – Дзеля гэткае сур'ёзнае справы можна прачакаць столькі, колькі спатрэбіцца. Мала што можа здарыцца з чалавекам. Але Рыгор – не такі. Усе людзі розныя, і раўняцца па сабе – дурное. Трэба паспрабаваць змадэляваць у сваёй сьвядомасьці Рыгора і вылічыць ягоныя мажлівыя крокі... Ведаючы актыўную натуру Рыгора, можна сказаць упэўнена, што так доўга чакаць ён ня будзе. Можа, ён абрабаваў банк сам-на-сам? Не, хутчэй за ўсё не, інакш навошта б яму наогул спатрэбіўся памагаты. Але, абрабаваны банк ці не абрабаваны, Рыгор ужо адтуль пайшоў ува ўсякім выпадку. Галоўнае пытаньне зараз – дзе яго шукаць? Хутчэй за ўсё, у лазьні, бо па суботах ён заўсёды парыцца».

А пятай Лявон дачэпаў да Чыжоўскае лазьні дый распытаў тамака пра Рыгора буфэтніка і лазеньніка. Абодва ўпэўнена сказалі, што ён сёньня не зьяўляўся. Можна было б зайсьці ўнутар і спраўдзіць іхныя словы самому, але вечаровая лазьня, ледзь цёплая, брудная і зьвільгацелая, непераадольна агідзіла Лявона. Ён трохі адпачыў ува ўжо паўпустым буфэце, асьвяжыўся сокам і сабраў думкі. Наступнае па верагоднасьці месца знаходжаньня Рыгора быў дом, і Лявон дастаў з заплечніка ягоны ліст з запрашэньнем, каб паглядзець адрас. «Вуліца Галадзеда. Якая дзіўная назва», – думаў Лявон, разглядаючы капэрту і спрабуючы паразумець схаванае значэньне слоў па цьвёрдаму і нязграбнаму почырку Рыгора. Калі падыйшоў буфэтнік, Лявон ізноў зьвярнуўся да яго, і той махнуў рукой у паўднёвым кірунку:

– Гэта недалёка. Пяройдзеш праз мост, потым хвіляў дваццаць уздоўж парку, і ты на месцы.

– А чаму гэткая назва – Галадзеда?

– Хто яго ведае! Можа, нейкае гістарычнае прозьвішча, а можа, яны самі прыдумалі.

– Хто яны?

– Жыхары, хто! – буфэтніка паклікалі да стойкі, ён падміргнуў Лявону і адвярнуўся.

Дваццаць хвілін хады – ня так ужо і дрэнна. Лявон паварушыў пальцамі ў туфлёх і скрывіўся: там было волка і напрацавана. Можа плюнуць на ўсю гэтую задуму? Але, узмацьніўшыся, ён устаў і выйшаў з лазьні.

Пасьля дзённага дажджу вечаровае паветра было асабліва ціхае і залацістае, зь ледзь прахалоднай, прыемнай вільгацьцю. Леваруч лазьні дарога йшла пад гару, пераходзіла ў мост, а за ім бачыўся цёмна-зялёны масіў парку. Лявон рушыў, уяўляючы, як ягоныя пыльныя туфлі чэрцяць па зямлі новую, яшчэ ня ходжаную траякторыю. Мост сустрэў яго гулкімі мэталічнымі пласьцінамі пад нагамі і шырокім, сьветлым краявідам на вадасховішча. Лявон пастаяў, узіраючыся ў адваротны бераг, гарызонт і цалкам адкрытыя погляду нябесныя прасторы, але ўтрываў сябе і пашыбаваў далей. Праходзячы паўз парку, адмежаванага ад вуліцы высокай лініяй састрыжанага хмызьняку, ён бачыў у прасьветы ягоных галін то спартовых хлопцаў, якія адціскаліся на брусах, то дзядуляў з сабакамі, то гучных барадатых мужыкоў, учыніўшых пікнік у густой траве пад бярозамі.

Апынуўшыся на скрыжаваньні з кінатэатрам, Лявон наўздагад збочыў направа і адгадаў: Рыгораў дом, з адпаведным нумарам, знайшоўся непадалёк, у ціхім двары па-за дзевяціпавярхоўкай. Каля аднаго з пад'ездаў гутарылі два дзеда. Ён яшчэ раз дастаў капэрту і спраўдзіў нумар кватэры; яму быў патрэбны менавіта пад'езд са старэчамі. Яны не зьвярталі на Лявона ніякае ўвагі, і ён запаволіў крок, разглядаючы іх і прыслухоўваючыся.

Адзін са старэчаў, у тоўстай кашулі ў блакітную і сінюю клетку, з кіслым выглядам слухаў, а другі, у шэрым пінжачку, трымаў у руках разгорнуты таўсты том і чытаў: «...Теперь, когда он рассказывал все это Наташе, он испытывал то редкое наслаждение, которое дают женщины, слушая мужчину, – не ўмные женщины, которые, слушая, стараются или запомнить, что им говорят, для того чтобы обогатить свой ум и при случае пересказать то же или приладить рассказываемое к своему и сообщить поскорее свои умные речи, выработанные в своем маленьком умственном хозяйстве; а то наслажденье, которое дают настоящие женщины, одаренные способностью выбирания и всасыванья в себя всего лучшего, что только есть в проявлениях мужчины».

– Гэта адкуль? – прыязна спытаў Лявон, скарыстаўшыся кропкаю сказа. Ён адчуваў прыязнасьць і нават замілаваньне да гэтых маленькіх, худзенькіх і сівавалосых людзей.

– «Вайна і мір», – з годнасьцю адказаў дзядуля.

Ён заклаў старонку паказьнікам і павярнуў том рудою вокладкай уверх, быццам Лявон меў сумневы, што гэта запраўды «Вайна і мір», і мог упэўніцца. Дзядуля ў кашулі таксама скарыстаўся паўзай: пырхнуў, узмахнуў рукою і пераможна заявіў:

– Ну хіба гэта не лухта? Лухта і дзівацтва! Сэксызм ды мужчынскі эгацэнтрызм. Я не зьдзіўлюся, калі ў наступнай главе ён спытае, ці ёсьціка ў жанчыны душа! – і, каб ня даць апаненту запярэчыць, ён зьвярнуўся да Лявона: – Вы некага шукаеце, малады чалавек?

– Так, Рыгора, аўтасьлесара. Ён жа ў гэтым пад'езьдзе жыве?

– У гэтым, але зараз у іх няма нікога. Рыгор у лазьні, ён жа лазеньнік у нас заўзяты, а ягоны тата на працы.

– На працы? Сёньня ж субота, выходны? Шэсьць вечара!

– Даражэнькі юнак, – дзядуля з дакорам паглядзеў на Лявона, – Рыгораў тата – шавец. Вы ўяўляеце, колькі працы ў шаўца? Хадакоў шмат, і кожнаму патрэбны абутак. А ён – чалавек адказны, любіць, каб усё тэрмінова, і каб усё ідэальна. Яму і суботы мала, сядзіць крукам, не разгінаючы сьпіны. І вельмі, вельмі якасна. Рэкамэндую! Зьявіцца патрэба – дык толькі да яго ідзіцё. Тут недалёка, у Доме побыту.

– Дарэчы, Васіль, – заўважыў дзядуля ў пінжаку, – Калі ўжо ты згадаў шавецкае рамяство, ды спадзяюся, ня будзеш спрачацца, што думкі Талстога ня ёсьць спараджэньне нядзейнага розуму і ленасьці? Спадзяюся, табе ня прыйдзецца расказваць, што ён уласнаручна шыў боты?

– І што гэта даводзіць? – пакепліва спытаў дзядзька Васіль, ужо забыўшыся пра Лявона. – Міхась, мне вельмі цікава пачуць, што ты намасьціўся праз гэта давесьці!

Лявон, пазлаваўшы на нястачу часу, які не дазваляў яму прыняць удзел у гэтай прыемнай і павучальнай гутарцы, пасьпяшаўся назад, да скрыжаваньня з кінатэатрам. Ён разьлічваў, што Дом побыту знойдзецца менавіта там і спадзяваўся даведацца ў таты, дзе шукаць Рыгора. «Цікава толькі, чаму дзядулі таксама клічуць яго татам? Было б нашмат больш лягічна, кліч яны яго па ймя, як аднагодка і сябра», – думаў Лявон на хаду. Ён абышоў кінатэатар са старымі выцьвілымі афішамі нейкіх невыразных фільмаў жахаў, на якіх былі намаляваныя зомбі, ажывелыя мерцьвякі і спалоханыя людзі, і ўбачыў у колькіх сотнях мэтраў наперадзе Дом побыту.

1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)