Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 23 24 25 26 27 28 29 30 31 ... 89
Перейти на страницу:

– У вакно ўцёк! – усклікнуў Рыгор. – Вось каскадзёр!

Ён высунуўся ў вакно і ўбачыў унізе заасфальтаваны ўнутраны дворык, з усіх бакоў закрыты сьценамі. Зьлева, ля вакна, была прычэпленая мэталічная лесьвічка з агароджай, яна цягнулася ўверх, да даху. Рыгор падняў галаву і выялаўся: высока над ім торгаліся ногі і зад служкі, які караскаўся вельмі жвава і знаходзіўся ўжо прыкладна на ўзроўні трэцяга паверху. Рыгор пасьпяшаўся за ім. Лявон назіраў, як ён перакінуў аўтамат за сьпіну, стаў на падваконьнік і схапіўся рукамі за лесьвіцу. Ягоныя ногі патузаліся, зьніклі, а потым на імгненьне зноў мільгнулі ў вакне.

Лявон наблізіўся. «Чакаць ці лезьці за імі?» Ён выглянуў. Іржавая лесьвіца выдавала мэлядычнае «тум-тум-тум» пад нагамі служкі і Рыгора. Агароджа надавала ёй надзейнасьці, і Лявон наважыўся падымацца. Ён узгрувасьціўся на падваконьнік, трымаючыся адной рукой за шыбу, а другой асьцярожна ўхапіўся за найвышэйшую папярочку, якую здолеў дастаць. Зямля была так блізка, што ніякага страху ён не адчуваў. Зь нечаканым для сябе спрытам Лявон падцягнуў ногі, злавіў ніжэйшую прыступку і пачаў узыходжаньне. «Цікава, куды цяпер вядзе лінія маіх сьлядоў – уверх?» Папярочкі пружынілі пад туфлямі, аўтамат за плячом мерна біў руляй аб агароджу, ствараючы рытм, на які накладвалася цякучая мэлёдыя трох параў крокаў. Неўзабаве лесьвіца тузанулася, і засталося толькі дзьве пары – служка выскачыў на дах. Рыгор падымаўся павольна, і Лявон даганяў яго. Да далоняў прыліплі слушчаныя з прыступкаў кавалачкі фарбы і іржы. Праз колькі хвіляў Лявон стаміўся, але дах быў ужо блізка. Лесьвіца зноў тузанулася, і Рыгоравы ногі зьніклі.

Зьверху пачуліся крыкі, пагрозы і лаянка. Калі праз паўхвіліны галава Лявона паднялася над узроўнем даху, ён убачыў на фоне вялізарнага неба Рыгора, служку і вялікі беларускі сьцяг на высокім флагштоку. Рыгор тыркаў аўтаматам служцы ў бок, а той, перабіраючы рукамі вяроўку, спускаў сьцяг уніз.

– Уяўляеш! – крыкнуў Рыгор, заўважыўшы Лявона, – Вось табе і аварыйная сыгналізацыя – сьцяг! І гэны бруль ужо амаль пасьпеў падняць яго. Хутчэй спускай, ну! А то дзірак нараблю.

Лявон застаўся на лесьвіцы. Цяпер ён разгледзеў служку: трохі качыны твар з выразам крыўды і несправядлівасьці, русявы, у тонкіх акулярах. Нягледзячы на сьпякоту, на ім быў шчыльны сіні гарнітур, туга зацягнуты гальштук і сьветлая вятроўка паверх пінжака.

– Толькі не надумайся зноў уцякаць, дупка. Табе ж з самога пачатку сказана было: ня рухацца! Слухай, што я табе кажу, зразумеў? Інакш адстралю мазгі да чарцей сабачых. Зразумеў? – казаў Рыгор.

Служка пакорліва ківаў. Ён ужо спусьціў сьцяг і бездапаможна стаяў, паціраючы далоні.

– Давай вядзі нас па грошы, – загадаў Рыгор. – Палезьлі ўніз. І бяз жартаў!

Яны гужам спусьціліся ў прымальню – Лявон, за ім служка, за ім Рыгор. Лявонавы далоні пачырванелі і гарэлі, ён падзьмуў на іх і пацёр аб нагавіцы. Рыгор, аддыхаўшыся, дзелавіта патлумачыў служцы:

– Мне патрэбная поўная торба грошай. Вось гэтая торба, бачыш? І яму столькі ж, – ён паказаў на Лявона. – Тузанешся – заб'ю.

– Пойдзем! – нарэшце пусьціў дрыготкі голас служка. – Калі яны такія выхлы, дык ці павінен я жыцьцём рызыкаваць? Колькі разоў я прасіў штогадзінавую ахову! Колькі разоў! А зараз пойдзем. Я ўмываю рукі. Забірайце ўсё, што ёсьць.

Ён рабіў усхваляваныя жэсты. Ягонае абурэньне і роспач былі да тога жаласьлівыя, што Рыгор разьвесяліўся. Ён ляпнуў Лявона па плячы і засьмяяўся:

– Возьмем хлопца ў нашу банду? Ён нам спатрэбіцца. Мабыць умее грошы хутка лічыць! Чуеш, ты? Тупай наперад і не балбачы! А за добрыя паводзіны зможаш і сабе мяшок грошай адсыпаць. Потым зваліш на нас усё.

Служка няўпэўненымі крокамі накіраваўся да выйсьця з прымальні. Лявон разглядаў ягоны дзіўна белы твар са шкляным поглядам. На служкавым лобе выступілі дробныя кропелькі поту, але вятроўкі ён чамусьці не здымаў. «Цікава, перапалохаўся б я на ягоным месцы гэтак жа моцна? Як бы я сябе паводзіў?» – думаў Лявон.

– Ёсьціка там хто? – Рыгор паказаў руляй на скураныя дзьверы.

– Вось жа я, перад вамі, – сказаў служка і праглынуў.

– Дык ты дырэктар, ці што? – зьдзівіўся Рыгор.

– Так.

– Вылупак ты, а не дырэктар! Што тут яшчэ скажаш. Вядзі!

Рыгор саступіў убок, даючы дырэктару прайсьці ў калідор. Яны рушылі ўглыб будынка: наперадзе дырэктар, за ім з аўтаматам наперавес Рыгор, і ў канцы Лявон, які разглядаўся на бакі і прынюхваўся да ядомага водару пораху.

– У вас тут сталоўка ё? – не ўтрымаўся Рыгор і таксама павёў носам. Яму зусім не здавалася, што пахне порахам: пахла вызначана супам харчо. Ягоны рот напоўніўся сьліной і ён адчуў, што дзеля добрага абеду гатовы абрабаваць заадно і сталоўку. Дырэктар маўчаў, і Рыгор тыцнуў яго руляй у зад. – Сталоўка ёсьць, кажу?

– Гэта я сабе суп заварваю, таму пахне, – спатыкнуўшыся, нясьмела адказаў дырэктар.

Яны дайшлі да лесьвіцы і пачалі спускацца. Рыгор думаў, што гурток гарачага супу – гэта вельмі нядрэнна. Суп з канцэнтрату вядома саступае сьвежазваранаму, але ў гэткіх умовах на першым месцы – шпаркасьць. А Лявон разважаў ужо пра іншае: ці робіцца быцьцё менш зьневажальнае, калі ў цябе ў руках аўтамат, і ты можаш загадваць камусьці і вырашаць, жыць яму ці ня жыць? Ён вёў рукой па драўляных парэнчах і адчуваў стомленасьць. Яму ўжо пачынала пазяхацца.

Спусьціўшыся на два пралёты, дырэктар адчыніў цяжкія краты. Зноў пацягнуўся калідор, але ўжо больш змрочны, падземны. Дзьверы зрабіліся мэталічныя, з кодавымі замкамі.

– Вам даляры ці рублі? – пацікавіўся дырэктар, запавольваючы крок. Ён ужо ўвайшоў у ролю банкіра, які выдае кліенту ўклад, і перастаў дрыжэць.

Рыгор павярнуўся да Лявона, поглядам запытаўшы яго. Лявон паціснуў плячыма.

– А ты, дружа, ці купляў кватэру калі? – спытаў Рыгор у дырэктара. – За яе далярамі плацяць ці рублямі?

– Я жыву з мамай, – унікліва адказаў дырэктар.

Ён панурыўся, быццам паказваючы, што ня хоча браць на сябе адказнасьць за прыняцьце значнага вырашэньня, але нікога не прысьпешвае і гатовы чакаць, пакуль кліент робіць выбар. Рыгор выглядаў разгублена, пытаньне пра валюту засьпела яго зьнянацку. Ён пачухаўся. Лявон адзначыў, што Рыгор паводзіць сябе вельмі падобна да сапраўднага крымінальніка. Звычкі, манеры, лексіка. Хоць, зь іншага боку, хіба ён бачыў крымінальніка? Можа, яны цалкам іншыя.

– Чуеш, а якую валюту больш бясьпечна браць? – зноў запытаўся дырэктара Рыгор, спрабуючы ўсё прадугледзець. – Можа, нумары купюр з даляраў усе запісаныя, а з рублёў – не? Ну ці наадварот? Каб ня вылічылі нас потым?

– У нас усё ўлічанае, – дырэктар з вартасьцю нахіліў галаву. Але потым зразумеў, што, засмучаючы рабаўнікоў, можна атрымаць кулю ў лоб, і дадаў: – Калі пасьпяшацца, дык можна штосьці прыдумаць, самі ж бачыце, як павольна ўсё працуе. На’т спэцназ даводзіцца з цэнтру выклікаць.

Пачуўшы пра спэцназ, Рыгор больш ня бавіўся і запатрабаваў набіць сваю торбу далярамі, а заплечнік Лявона – рублямі. Дырэктар набраў на бліжэйшых дзьвярох код, разнасьцежыў іх і, памацаўшы рукой за вушаком, запаліў сьвятло. І адразу ж пайшоў адчыняць суседнія дзьверы, а Рыгор зь Лявонам зазірнулі ўнутар.

На падлозе высілася вялізарная куча пачкаў з далярамі. Памяшканьне было прыкладна пяць на пяць мэтраў, і ўздоўж сьцен стаялі стэляжы з паліцамі. Хутчэй за ўсё, ад пачатку меркавалася складаць пачкі на паліцы, але калі месца не хапіла, грошы сталі валіць наўпрост на падлогу. Рыгор стаяў узрушаны. Урэшце ўвайшоў, павярнуўся да кучы даляраў сьпіной і паваліўся на яе, раскінуўшы рукі. Лявон усьміхнуўся, гледзячы на яго, але сам уваходзіць ня стаў, бо сачыў дырэктара, які корпаўся ля наступных дзьвярэй. Ад даляраў пахала сьвежай паперай і чымсьці яшчэ, Лявон пакуль што ня мог распазнаць.

– Памятаеш, Лявон, як мы дзівіліся: дзе людзі грошы бяруць? – паслабленым голасам мовіў Рыгор, беручы ў рукі то адзін, то другі пачак, і разглядаючы іх. – Няўжо ўсе тут бяруць?..

1 ... 23 24 25 26 27 28 29 30 31 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)