Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 228
Перейти на страницу:

— Сюды, сюды,— сказаў Саліла і крануў шрам.— Яшчэ трошкі-трошкі — і заляпіў бы ў лоб. Я апярэдзіў, скочыў з баржы ў ваду... Ноч такая месячная стаяла, не хацелася паміраць... Прыйшлі немцы, зашавяліліся партызаны. Нас усіх мужыкоў на баржу і на сярэдзіну рэчкі. Місцюка аднаго толькі пакінулі...

— Пачакай, пачакай,— перабіў Мар'ян,— гэта якога ж Місцюка? Місцюкі з'ехалі адразу ж пасля грамадзянскай.

— Аб'явіліся зноў. Не ўсе, праўда. Сідар толькі, твой равеснік.

— Помню,— кіўнуў Мар'ян. Сідара Місцюка ён сапраўды помніў. Запаў ён яму ў памяць не толькі з дзяцінства. Мільгануў перад вачыма ў сорак першым, калі Мар'ян ехаў на прызыўны пункт. I было ж гэта непадалёку адсюль, каля чыгуначнага пераезда, за якім да вайны размяшчаўся ваенны гарадок. Калгас чырвоным абозам вёз здаваць збажыну, пры абозе знаходзіліся і прызыўнікі. Жанчыны, жонкі паганялі коней, а мужыкі як усё роўна ўжо адпалі ад усяго, што звязвала іх з хатаю і мірным жыццём, аддалі лейцы жонкам, прыхінуўшыся да жонак, развітваліся з імі, родным небам і зямлёю. I тут каля пераезда іх дагнала вайна, наляцелі самалёты. Але спачатку яны пачулі незразумелае нейкае ракатанне, галёканне і звон: галам, галам, галам. Быццам здалёку на абоз насоўваўся вялізны статак, уцягваўся ў вузкі перашыек пераезда, перабрыдаў яго, звінелі навязаныя на шыю званы. Коні страпянуліся, застрыглі вушамі, пярэднія падводы пачалі збочваць, брацца да краю дарогі. I Мар'ян убачыў, як наплывае на яго лаваю цёмная маса, бязлікая, здавалася, невідушчая, бясконцая чарада стрыжаных нагала людзей у цёмным і шэрым, што заведзена таптала, мясіла шэрую дарогу. З боку гэтай хвастатай калоны таксама, як заведзеныя, крочылі нізкарослыя скуластыя салдацікі, учарнелыя ці то ад тугі, ці то ад дарожнага пылу.

— Немцаў, палонных вядуць,— шэптам перадаваласяад падводы да падводы. Мужыкі і бабы ўскочылі на мяшкі са збожжам, каб лепш бачыць, падняліся і аселі. Людзі з натоўпу, які насоўваўся на абоз, білі ў цёмныя закопчаныя кацялкі і шэрыя алюмініевыя міскі — вось адкуль галам-галам-галам — і выгуквалі: кончылася, кончылася, кончылася. Салдацікі, пэўна, скарыліся, не спрабавалі нават спыніць гэты галас і галам, адно толькі — пільнавалі калону вачыма і вінтоўкамі, што былі ўвесь час напагатове, каб не скочыў хто ў лес. Шэсце стрыжаных людзей параўнялася з абозам. I тут Мар'ян вока ў вока сышоўся з адным з гэтай калоны: жаўтушна-спіты твар, цёмныя кругі пад вачыма ад несвабоды і позірк таму слізготны, які ні на чым не затрымліваўся, ні на чым не спыняўся, нібыта гэта былі вочы нежывога ўжо чалавека. Але яны ажылі, калі ў поле іх зроку трапіў Мар'ян, затрымаліся на ім, схамянуліся і нават скочылі з вачніц насустрач яму, пашырыліся і хуценька павузелі, схаваліся пад вейкамі. Місцюк, здзівіўся Мар'ян, але ўвагу яго адцягнуў новы крык і шум:

— Самалёты, самалёты. Нашы на немцаў пусцілі.

Але самалёты былі не нашы, нямецкія. Яны секанулі з кулямётаў па калоне, вымусілі прыпасці ўсіх да зямлі, распушылі, раскідалі па дарозе, лесе. Захраплі, паскакалі коні. I апошняе, што паспеў ухапіць вокам Мар'ян у той дзень,— твар яго бацькі, такі ж спіта-жаўтушны, ліхаманкава-змрочны. Мільгануў і знік. Мар'ян не паспеў і зразумець: ці то сапраўды ён бачыў бацьку, ці толькі ўявіў яго сам сабе, паставіў бацьку ў гэтую калону побач з Місцюком, таму што бацька мог апынуцца і ў гэтай калоне і побач з Місцюком. Ён падумаў так і абурыўся. Місцюк і бацька? Не і не. А самалёты нявечылі абоз, прызыўнікоў, зняволеных скуластых салдацікаў, перамешвалі, сшывалі кулямі, паядноўвалі смерцю, раўнялі ўсіх.

Так пачалася для Мар'яна вайна, імгненна пазбавіўшы яго гераічнага і высокага, пакінуўшы толькі пах крыві, конскага, жывёльнага спалоху, духу, перамешанага з мачой, ды яшчэ спалоханыя, як шкляныя, вочы жонкі:

— Яны ж забіваюць! Забіваюць. Гэта ж смерць, смерць... Не пушчу, не аддам.— Жонка прыпала да яго і шылася, шылася галавой у грудзі, быццам спрабавала ўвайсці ў яго і не чуць нічога — ні страляніны, ні таго, як перад смерцю крычаць і стогнуць людзі, іржуць коні.

— Місцюк разам з немцамі прыйшоў у вёску. Немцы пакінулі яго секчы сад пагранічнікаў.— Голас Салілы даносіўся да Мар'яна аднекуль здалёку, быццам з адлегласці тых трох гадоў, якія пралеглі паміж сённяшнім днём і тым, даўнім, які рассек яго жыццё на дзве няроўныя часткі. На фронце ён яшчэ спадзяваўся, што сточыць гэтыя кускі, вернецца да сябе. Але цяпер разумее, што вярнуцца немагчыма. Усе толькі адыходзяць, адыходзяць і ніколі не вяртаюцца, так ужо наканавана ў гэтым жыцці. I дарога, здаецца, знаёмая, але як не ступіць у адну і туюж ваду двойчы, так нельга, якой бы дарогай ты ні ішоў, знайсці сябе ранейшага. I Мар'ян, успамінаючы былое, баяўся сябе сённяшняга. Той, былы Мар'ян Знавец, быў пудлівы і рахманы. Ён загінуў на вайне. Нарадзіўся другі, жорсткі і злосны, якога цяпер трэба асцерагацца яму ж самому.

1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 228
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)