Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Мар'ян прыгадаў усё гэта, калі пакінуў ужо райцэнтр, скіраваў на родную прамую ўжо дарогу, што вяла дамоў. Ён пільна ўглядаўся ў яе, быццам спадзяваўся ўбачыць, адшукаць на ёй свае ж сляды. Але яна ні аб чым яму не нагадвала, умуравелая, насыпаная з пяску, высока і ціха ляжала сярод дрэў і вясновай шырокай вады. Разам з Мар'янам ішоў і старшыня калгаса Якуб Знавец. Нешта расказваў яму, дапамагаючы адолець шчымлівае вяртанне дамоў. Якуба навязаў Мар'яну ў спадарожнікі сакратар райкома. Спачатку Мар'ян не вельмі быў рады, нават успомніць не мог, хто гэта такі — Якуб Знавец. Саліла гэта быў. I ўвесь такі маёвагубаты, зялёны яшчэ, як таполевая пупышка, што вось-вось выбухне, разгорнецца ў ліст. I Саліла разгарнуўся, усе зубы напаказ, кінуўся абдымаць Мар'яна, аўтаматам, што вісеў у яго на грудзях, так прыціснуў руку, што Мар'ян мімаволі адхіснуўся. I не з-за рукі, не ад болю, спужаўся, што задушыць зайчыка, які зноў сядзеў за пазухай.
— Вось ён табе і раскажа пра бацьку і дзядзьку,— сказаў на дарогу Мар'яну сакратар райкома.— Яны разамваявалі.
— Раскажу,— пацвердзіў Якуб і зніякавеў, расказваць не спяшаўся. I Мар'ян не прыспешваў яго: на гадзіну пазней, на гадзіну раней — усё роўна ўжо не падняць. Пачне ўспамінаць пра бацьку, не абміне і жонкі. А Мар'ян зараз нічога аб сваёй жонцы чуць не хацеў. Якуб нібы адчуў гэта.
— Дык цябе ў руку,— не то спытаў, не то сцвердзіў ён, калі яны ўжо адышліся ад райкома.
— У руку,— заняты сваім, сказаў Мар'ян.
— А мяне ў нагу...— Якуб злёгку накульгваў на правую нагу.— На міну наскочыў.— Ён замоўк, чакаючы, што на гэта адкажа Мар'ян. Але Мар'ян маўчаў. I Якуб засмяяўся па-дзіцячы весела і добразычліва і зноў не то спытаў, не то сцвердзіў:
— А гаспадарка, начынне тваё цэлае.
— Цэлае,— Мар'ян таксама ўсміхнуўся, але без весялосці.
— Ну, тады яшчэ дадзім копаці.
Тут Мар'ян ужо не ўтрымаўся перад гэтай вясенняй радасцю, што біла цераз край у маладым і здаровым целе яго спадарожніка.
— Тры нагі і тры рукі на двух мужыкоў і ўсё астатняе пры нас. Чаго ж нам убівацца з табой, Мар'ян? — Гэта Якуб спытаў яго ўжо сур'ёзна, як дарослы. I Мар'ян здзівіўся яго спагадлівасці, далікатнасці. Зусім нядаўна гэты самы Якуб хадзіў у кароткіх штоніках, а то і зусім без штаноў, збегаць за гумно можна было і ў кашулі, што ўсё роўна ніжэй каленяў. Вясковы звычайны хлопчык, як ёсць Саліла. Мянушка гэтая за родам Якуба цягнецца яшчэ з дзядоў яго. Бабуля яго запаліла ў печы, прыставіла варыцца чыгун з бульбаю. Прыйшоў дзед, сунуўся да печы, бульба яшчэ не гатова, пасаліў, паглядзеў бульбу і сын, таксама пасаліў, нявестка пасаліла — усе, хто быў у хаце, і, канечне ж, гаспадыня. Зварылася бульба, паставілі на стол, селі, стары і пытае жонку: «Саліла?» — «Саліла, а як жа».— «I я, і я»,— усе астатнія. «Ну, то і я пасаліў»,— сказаў гаспадар, шпурнуўшы лыжку ў камешнік. I пайшло з той пары за імі: Салілы. I вось цяпер унук гэтых Салілаў старшыня калгаса, дзіця горкае, барада толькі прабіваецца, ручніком яшчэ галіцца можна.
— Колькі ж табе гадоў, Саліла? — спытаўся Мар'ян у Якуба, крыху пацвельваючы яго і выпрабоўваючы: пакрыўдзіцца ці не старшыня. Якуб не пакрыўдзіўся ні на пытанне, ні на мянушку.
— Дзевятнаццаць... Хутка споўніцца дзевятнаццаць,— адказаў, накульгваць стаў трошкі мацней, апярэдзіў тое новае пытанне, якое было ўжо на языку Мар'яна.— А як трапіў у старшыні, і сам не ведаю. Адбіваўся — пайду на фронт. Не, будзеш старшынёй. Я буду, я вам накірую. Нічога, дапаможам, навучым.— Якуб уздыхнуў, памаўчаў.— Лепш усё ж на фронт. Расстрэльвалі, не так цяжка на душы было.— I такая туга была ў яго голасе, што Мар'ян ледзь і сам не задыхнуўся, як агнём палыхнула ў твар, апякло твар, перахапіла дыханне.
— Усё было,— з прываблівай простасцю і вельмі шчыра, з нейкай нават старэчай аддаленасцю ад таго, што было, пра што цяпер ён успамінаў, сказаў Якуб.— Ты думаеш, толькі вы на фронце ваявалі, а мы тут на печы вылежваліся?
Мар'ян так не думаў, але не мог ён і думаць, уявіць сабе, што ваявалі і дзеці, з жалем зірнуў на гэтага Салілу, дзіця з аўтаматам. На скуле пад левым вокам Салілы расцякаўся, ружавеў крывы рваны шрам.