Жменя сонечных промняў
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1965
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Жменя сонечных промняў». Краткое содержание книги:
Прыгавор: Піліповічу— найвышэйшая мера — дзесяць рублёў штрафу.
Абедалі ў Албанца.
Суд — па форме.
Скупому, калі ён быў яшчэ пастушком, дакучалі на пашы: «Дай дзічкі ўкусіць!..» I не даваў. А кавалерам быўшы, выйдзе з дому на вуліцу з кветкай. Вахлак, а вяргіню трымае, Аднойчы суседняя дзеўка, каб трохі разварушыць яго, схапіла гэтую кветку, дык ён ажно кінуўся біцца: «Аддай!..»
Спакойны, целюкаваты дзядзька, які вярнуўся з вайны паранены ды з ордэнам i медалямі, расказвае ў гасцях:
— Перакусіў я ў Міры, еду дахаты лежачы. I здаецца, што гэта Масква, а я з бальніцы выпісаны, іду сабе па вуліцы, прадукты на дарогу палучаць...
Вуліца доўгая, доўгая, доўгая!.. А потым конюх штурхае: «Уставай, завала п'яная, а то з возам у адрыну закачу!..»
Бабка з кошыкам. Кошык абвязаны.
Малады зладзяйчук пільнаваў яе на вакзале, сесці ёй памог, a толькі цягнік крануўся — выхапіў кошык i пабег.
Паўза.
Потым з акна паказалася бабка:
— Еж, еж на здароўе, сынок!
У кошыку быў хрэн. Не цёрты, карэньчыкі.
Таўкачаваты дзяцюк з багатай хаты. Гадоў пад сорак, а яшчэ ўсё кавалер. Многа сватаўся, скрозь адмаўлялі. Нарэшце адна згадзілася, але... адмовіўся ён сам.
— Чаму?
— Дурная. Бо за мяне адразу йдзе.
Калгасны брыгадзір расказвае, пасварыўшыся з гультаём, што вельмі доўга запрагаў:
— Быў такі парабак у папа, што сам ніколі не ўставаў, а поп яго будзіў. А неяк сам устаў. «А мой жа ты Зміцерка!» — узрадаваўся поп. А той: «Нічога, бацюшка, я сваё нацягну абуванейкам!..»
Стары вясковы байдун, што любіць кнігі, расказвае:
— Ішлі раз Пушкін, Лермантаў i яшчэ адзін, каб паглядзець, каб было пра што пісаць. А насустрач ім едзе цар Петр (не Пётр, а Петр) i Сталыпін. Сталыпін кажа: «Давай спытаемся, чаму таўстадумы пехатой ідуць».— «Лепш ты ix не чапай»,— кажа Петр. А Сталыпін не вытрываў i спытаўся. Дык Пушкін кажа яму: «Бо цар усіх аслоў саноўнікамі парабіў, няма на кім ездзіць». А Петр Сталыпіну: «А што, маць тваю, не казаў — не чапай!..»
— Нажыў я, браце, напільнік!..— кажа пра сваю бабу дзядзька. Худы, падчапісты, шапялявы.
— Чаму ж напільнік, а не рашпіль? — пытаецца другі, чырванашчокі рагатун.
— Зуб у яе мяльчэйшы, усё бярэ.
Вясковыя начлежнікі ў гарадскога земляка, што частуе ix вельмі ж, падла, па-панску:
— Добра з дарогі чаю папіць...
Гэта — адзін. А другі, не менш сур'ёзна:
— Дзіва што! Чай — гэта ж самая лепшая пішч!..
П'яны нарачанскі рыбак расказвае пра зяця-крамніка, што ён—баязлівец. Ішоў па лесе з грашыма, запынілі «нейкія смаркачы», напалохалі — аддаў, а сам цяпер захварэў на сухоты.
— Які ж ты пасля гэтага беларус? — абураецца цесць перад выпадковымі слухачамі.— Даруйце маю няскромнасць i дурату, але, як быўшы ў разведцы мікалаеўскай арміі, я лічу, што мясцовы наш беларус павінен быць такі. З куста гавораць: «Я воўк, я цябе з'ем».
А ён павінен адказаць: «Калі ты воўк, дык я леў, і я не баюся цябе!..» А то што!..
Студэнты праходзяць у клініцы практыку. Хворым не вельмі падабаецца быць аб'ектамі назіранняў. Раз, другі, і нарэшце старому абрыдзела. Разбурчаўся перад урачом:
— Глядзець — няхай сабе глядзяць, а свае гіяграфіі больш расказваць не буду!..
На сямейным застоллі малады гасладар, вясёлы калгасны шафёр, расказвае гасцям пра свае пчолы:
— Паабсякаюць яны трутням крылы — ляжаць тыя ўхаджоры, як збанкі. А раней як ж а ix хораша запрашалі туды!.. От дзе, браточкі, наша мужчынская доля!..
Стары рыбак, пад чаркай, раіць маладому дачніку:
— Калі, не дай бог, што здарыцца, дык не бяры ты, браток, удавы. Ведае яна, зараза, усе ходы і выхады!.. Бяры лепш зноў маладую.
Старшыні калгасаў у раённай цырульні. Адзін сядзіць ужо намылены, другі чакае чаргі.
Намылены:
— Федзьку Капусніка мы вывучылі на баяніста.
З чаргі:
— Ну i колькі ж ён вам дае на сто гектараў ворыва?
Дама-ўрач, прыкметна закаханая сама ў сябе, вальсуе ў доме адпачынку, лёгка i важна носячы вакол кавалера свой здаровы, выдатна вядомы ёй арганізм.
Хлопец танцуе не толькі культурна, але і скульптурна,— без усякага выразу твару, з аднастайна i нудна правільнымі рухамі. Так будуць весяліцца робаты?
Стары яўрэй, кравец у майстэрні, заваленай маладымі порткамі, якія хочуць стаць вузейшымі і — як мага хутчэй.
— Вы ведаеце, што такое мода? Вазьміце бочку i кладзіце туды порткi — год, два, тры... А потым, калі яна ўжо будзе поўная, перавярніце бочку i даставайце порткі — год, два, тры...