Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Так доўжылася год ці болей. Неяк узімку генерал аб’явіў, што трэба падрыхтаваць банкет у вузкім коле з радаснай нагоды атрымання ім на пагоны яшчэ адной зоркі. Агрызкаву, каб было ўпраўней, далі памочніцу — прыгожанькую вяртлявую Анечку, якая на другі ж дзень амаль выжыла з кухні і яго і старую генеральшу — так ліха і весела ўпраўлялася з каструлямі і патэльнямі, пякла-смажыла і з адмысловым густам сервіравала стол. Для сервіроўкі прывезлі аднекуль фанерную скрыню парцаляны і крышталю, якія Анечка тонкімі пальчыкамі да вечара расстаўляла-перастаўляла на даўгім пад белым абрусам стале. Як там балявалі басавітыя генералы і палкоўнікі, Агрызкаў не бачыў — шчыраваў з брудным посудам, затое Анечку разы тры, бы актрысу на біс, звалі ў залю. Пілі за яе здароўе і прыгажосць. Піла і яна. Але трошкі. Яна была дзяўчына разумная і не дазволіла б сабе напіцца.
Пасля таго вясёлага банкету генеральша, аднак, два дні праплакала, а пасля і зусім знікла. Куды — Агрызкаў не пытаўся і яму ніхто не казаў нічога. Колькі дзён ён смажыў катлеты і варыў бошч на ўласны розум. А затым на генералавым лецішчы паявілася ўсё тая ж Анечка — ужо на правах гаспадыні. Да кухара Лёшкі яна аднеслася па-таварыску, бы да старога знаёмага. I надзіва яму — амаль перастала ўмешвацца ў яго кухонныя справы. Бы нічога ў іх і не цяміла. Упершыню ён адчуў на лецішчы немалую свабоду. Нейкія байцы прывозілі ўранку набор субпрадуктаў, ён атрымліваў іх па накладной, смажыў сьняданак генералу і яго маладой жонцы, удзень варыў украінскі боршч, які падабаў генерал, потым што-небудзь на лёгкую вячэру.
Праз хуткі час у генерала па службе здарылася запарка, ён пачаў дзесь прападаць да глыбокай ночы, а то і зусім не прыязджаць нанач. Пачаў адлучацца ў камандзіроўкі. Неяк вясной яго не было дзён дваццаць, — лётаў у партызанскі тыл, у Бранскія лясы. Анечка непакоілася, бедавала і сумавала і ўсё часцей наведвалася на кухню. Агрызкаў адчуў, што дабром тое не скончыцца.
З пачатку лета ён начаваў на салдацкім тапчане ў прыбудоўцы, пад разложыстай старой яблыняй, з якой пад восень гучна шпокалі аб толевы дах спелыя ружовыя яблычкі. Неяк ветранай ноччу, засынаючы пад іхняе шпоканне, ён не адразу адчуў, як стукнула засаўка і на яго дыхнула не яблычным пахам, а хвалюючымі жаночымі духамі, тонкія пальчыкі ашчаперылі яго крутыя плечы. Уся ноч мінула тады пад гэты духмяны хвалюючы пах і задышлівы шэпт прыгожай маладой жанчыны. Ды ці толькі адна тая ноч…
Анечка была трохі старэйшая за яго, дваццацідвухгадовага бэйбуса, але па-жаночы сталася мудрэйшаю на цэлы век. Ужо яна ўмела пускаць пыл у вочы — і мужу, і сяброўкам, і генералавым саслужыўцам. Пры людзях яна ставілася да кухара строга і нават прыдзірліва, не саромелася груба вымавіць за недасмажаныя ці перасоленыя катлеты (якія, зрэшты, заўсёды былі нармальныя). Затое пасля, як за гасцямі зачыняліся дзверы, кідалася яму на шыю і абляпляла твар пацалункамі. Ці не з яе ініцыятывы дыверсанту Агрызкаву прысвоілі чын старшыны — мінаючы ўсе сяржанцкія ступені. Яна ўжо намякала яму і пра ордэн, які мог бы аформіць нейкі палкоўнік Ануфрыеў. Само сабой ён рэгулярна мяняў абмундзіроўку — апошні раз атрымаў афіцэрскую, з юфтавымі ботамі. Свае растаптаныя кірзачы кінуў цераз загарадзь на суседняе лецішча. Неяк у супакоеную хвіліну начной шчырасці Анечка распавяла маладому сябру пра сваю сардэчную драму, якая перавярнула ўсё яе жаночае жыццё. Яе муж — лётчык-герой — быў рэпрэсаваны ўладарнаю службай гэтага во генерала, і, хоць яе змусілі адмовіцца ад мужа, яна склала свой хітры, па-жаночы дасканалы план яго паратунку, палову якога ўжо выканала. Праз немалыя намаганні яна здолела завабіць сабой гэтага не надта старога яшчэ генерала і амаль сталася ягонаю жонкай. Яна дужа верыла ў сілу і моц свае жаноцкай прывабнасці і меркавала, што ўрэшце даможацца мэты. Зарукай таму было яе бязмежнае каханне да бязвінна трапіўшага ў бяду героя-лётчыка, дзеля якога Анечка была гатовая на ўсё. Трымаючы яе ў сваіх няслабых абдымках, Лёшка Агрызкаў кісла ўсміхаўся ў цемры: ён дужа сумняваўся, што на месцы таго летуна захацеў бы такога паратунку. Але ў Анечкі, відаць, былі адмысловыя наконт таго меркаванні, і ён змоўчаў, яшчэ мацней прыціскаючы да сябе трапяткое цела ласкавай жанчынкі.