Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 7 лютага 1982 г.
Дарагая мая Людвіка Антонаўна!
Вялікае Вам дзякуй за слова спагады да мяне ў вельмі гэтыя цяжкія дні. Прытым, помніцца ўсё да дэталяў з апошніх хвілінаў яго жыцця. Чалавек ён быў варты памяці і любові. Абставіны і цяжкі лёс беларускі не далі яму зрабіць болей для свайго народу. Ну, хоць лячыў людзей сумленна і быў вельмі чэсным і харошым чалавекам, дык людзі і сяння яго ўспамінаюць. Са мною сяння Ваш ліст і Жук. Дзякуй Богу і за гэта. Я не адна. Ноч прайшла вельмі спакойна, быццам нехта ахоўваў мяне.
Да с.п. М. Забэйды-Суміцкага быў у нас крыху жаль. Гэта было звязана з многімі абставінамі. Але пра гэта не варта пісаць. Датычыць гэта і нашага зняволення, але следавацелі – гэта яшчэ не крытэрыі праўды, а наадварот. Спевака мы цанілі як спевака. Песню нашу ён выконваў непараўнальна хораша і ўзнёс яе з-пад саламянай нашай страхі да вышыні найлепшых еўрапейскіх канцэртных залаў! І ён прычыніўся да таго, каб народ наш адчуў сябе не “мужыком” і “хамам”, а народам! Пазнаў і ўбачыў скарбы свае, не горшыя, чым у іншых народаў, і хоць крыху пачаў сябе шанаваць. Няхай зямля чэшская лёгкай будзе яму! Засталіся ў ёй ляжаць лепшыя сыны Беларусі. Што ж, у Беларускай энцыклапедыі не хапіла месца ні яму, ні мне, але гэта яшчэ не трагедыя. Нехта вырашыў, што для нашага народу хопіць безліч знамянітых даярак (а малака няма…), а іншых меркавань яму не патрэбна. Перажылі і перацярпелі мы і не тое. Горай, што зашмат нас выбілі вайною, а цяпер слаба родзяцца людзі. Нехта ж плануе і гэта! Але Богу аднаму ведама, што будзе заўтра, яно хмарнае. Можа, недзе і ёсць тыя “Сцежкі жыцця” П.Мядзёлкі (калі нехта не ўкраў), пашукаю.
Мне не было цэлых 27 гадоў, калі я ў 1937 г. прыехала ў Прагу. Муж жыў вельмі бедна. Як чужынец (польскі грамадзянін) не меў права на працу і замяшчаў аднаго чэшскага вялікага спецыяліста ў яго прыватнай практыцы нелегальна. Той лекар у асноўным працаваў “na českim Gradě” (на чэскім Крамлі). Плаціў ён с.п. Яначцы 50 kč (каронаў) у дзень. Рознае бывала, але пасля знайшлі мы нейкі куточак і так жылі. Хутка па маім прыездзе ў Прагу і памёр муж П. Мядзёлкі Тамаш Грыб. Жывым я яго не бачыла. Захварэў на васпаленне лёгкіх. Пеніцыліну тады не было. Я першы раз у жыцці бачыла крэмацыю, і гэта мне з маімі беларускімі традыцыямі было крыху страшна. Уражанне было вялікае. Пасля быў вечар, прысвечаны яго памяці. Выступалі важныя чэхі. З рускіх запомнілася выступленне эсэраў – Чарнова і Радзянка. Было вельмі цяжка…
Пасля зняволення я нейк напаткала ў друку імя П. Мядзёлкі. Мне было што сказаць ёй пра яе с.п. мужа. Спачатку яна спалохалася, а пасля нейкага часу прыехала да нас і заявіла, што адна палова хаты наша, а другая – яе, і што яна будзе жыць у нас. Але што яна – “халасцячка”, нічога рабіць не ўмее і г.д. Была яна ў нас пару тыдняў. Наша зэльвенская газета “Праца” адзначыла яе 75-годдзе, і яна паехала ў Маскву з тым, што да нас вернецца настала. Я не на жарты спалохалася. Муж патрабаваў апекі, быў хворы, мы былі вельмі бедныя, і для нас гэта было цяжка. З Масквы яна пачала нам прысылаць цукеркі і т.п. Я ёй гэта забараніла катэгарычна, тады яна піша мне, што пойдзе на Красную плошчу ў Маскве, абалье сябе бензінаю і падпаліць сябе ў пратэст, што я забараніла слаць мне пасылкі. Пісала вельмі паважна.
Апанаваў мяне страх, і мы са с.п. Мужам на яе тэлеграму адказалі тэлеграмаю, каб яна да нас не ехала! Было крыўды, было нараканняў, але с.п. Муж быў мне даражэй, а гэтыя дзве асобы аніяк не маглі з сабою ўжыцца, нават ля такога малога апарату, як радыё… У яе быў дзіўны, цынічны погляд на ўсё: і на Я. Купалу, які, паводле яе слоў, кахаў толькі яе адну, і на цётку Уладзю, і інш. З захапленнем расказвала мне пра закаханых у яе некалі ксяндзоў і т.п. Сябе яна лічыла адналюбам, бо кахала толькі Тамаша Грыба, які, жывучы без яе ў Празе дзесяткі гадоў, пасмеў мець там нейкія сімпатыі… Было гэта нежыццёва і смешна.
А той “Штраль” быў у Вільні і за Польшчы, і я сапраўды не думаю, каб бедным, высокаідэйным беларусам была калі магчымасць ці ахвота там праводзіць свой час. Хлусня гэта! Паўлінка была вельмі эгацэнтрычнай і крыху мяшчанкай, а справу “[Нашай] Нівы”, асобу Я.Купалы, Я.Коласа і той час належыць разглядаць аб’ектыўна. Усё, што яны пішуць, – атрыбуты царызму, а “[Наша] Ніва” і паэты нашыя – гэта ж супраць! Там жыла здаровая і святая думка нацыянальнага і маральнага адраджэння народу! Так да гэтага трэба і падыходзіць. Жаль, вельмі жаль, што Вы так расстроіліся. Не ўсе ж кар’ерыстыя ў нас і халуі, і нехта ж выправіць падобную несуразіцу! Апаганьваць сваю мінуўшчыну – гэта не значыць рабіць добра дзяржаве! Такога яна сяння не патрабуе. Усюды мусяе быць праўда!