Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Учора зайшла да мяне вельмі харошы лекар-тэрапеўт. Калісьці тут працавала. Выслухала мяне, дала лекі і хацела забраць да сябе ў харошую больніцу, каб падлячыць, у другі горад. Я падзякавала. Можа, пад весну, калі не паліціму ў хаце. Загадала паставіць банкі – высокі ціск, дрэннае сэрца, але нейк трываю яшчэ. Пісала нявестка. Прасіла прыслаць хоць запальнічку на газ, бо няма запалак. Усё, што там у Польшчы, выглядае як дрэнны анекдот! На жаль, пакуль што нічога ад нас у Польшчу пасылаць нельга. Міламу Алесіку падабаюцца найболей цукеркі… Міхась ужо студыюе.
Учора адурылі мне голаў чужыя людзі, а вось сяння я зусім адна. Наш святар у Маскве. Студыюе ўжо на 2-м ці 3-м курсе багаслоўскай акадэміі. Паніхіда па с.п. Яначцы будзе 14 лютага. Сяння ў нас адліга. Слізгота. Мая кума ляжыць у больніцы з сэрцам, і няма як да яе пайсці. На могілкі дарога занесеная снегам, і вельмі туды далёка…
Вельмі рада за Слаўку! Слабога не надрукуюць. Дзякуй шчырае ўсім за сяброўскія спагаданні. А дому царкоўнага не аддалі… Усясільная “мадам” (кажуць, цераз “папоўскае” золата, ведама, людзі…) грозіць расплатаю цяпер і мне. Хоча паехаць да М. Танка і расказаць, што хаджу ў царкву і т.д. Выабразеце сабе, як тут вытрымаць? Цалую Вас моцна.
Ларыса.
Далучаю Вам здымачак. Цалую і абнімаю.
Зэльва, 16 лютага 1982 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
Шлю Вам, як бачыце, ліста за лістом. Зноў хварэю, сяджу ў хаце і пішу. Як Вы маецеся? Як сябе адчуваеце? Многа думаю пра Вас. Пісалі мне далёкія сябры: “У менскім друку можна было сачыць не толькі ход угодкаў Багдановіча, але і як Лойка сваёй пісанінай намагаецца падкапацца пад гістарычныя заслугі і добрае імя “Нашай нівы”, пры якой выраслі Купала і Колас, ды ейных ідэйных тварцоў, рэдактараў, выдаўцоў” і г.д.
Я ўсё хварэю. Грып то праходзіць, то зноў вяртаецца. Не сцерагуся. не ўмею. 14 лютага была паніхіда. Былі сябра Кароль і Пётра Рашэтнік і праездам украінскі паэт Іван Гнацюк. Добры паэт. Але нервова болей за мяне яго даканалі. Старалася яго падбадзёрыць. Пасля застолля ездзілі на могілкі. Вазіў нас сынок нашага святара. А святара, пэўна, даканаюць такі. Сам вінаваты – на Грамніцы трашчала царква ад народу, а сам храм ажно ззяе ад аднаўлення…
Чула, што ў Беластоку (пісалі з Менску) закрылі “Ніву”. Людзі засталіся без працы ў гэты цяжкі час і без роднага слова. Ад нашых ужо зноў няма вестак. Пасылкі з Гродна можна пасылаць. З Зэльвы – нельга!
Яшчэ з ліста ад далёкіх сяброў: “Да ўгодкаў Купалы-Коласа ў ЗША выдадзеная кніжка (па-беларуску) успамінаў тых, якім давялося ў жыцці сустракацца з Купалам ці з Коласам. Здаецца ў друк (па-ангельску) кніга бібліяграфіі твораў Купалы і Коласа, якія публікаваліся ў краёх Захаду ў мове арыгіналу і ў перакладах на мовы Захаду. Кніга мае мець каля 160 бачынаў друку, у ёй каля тысячы бібліяграфічных пазіцыяў”.
Хоць парачку слоў напішэце пра сваё здароўе. Як там спраўляецца малады гаспадар? Шчыра вітайце сваіх хатніх. Цалую і абнімаю Вас.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 1 сакавіка 1982 г.
Дарагая Людвіка Антонаўна!
Рада, што ёсць ад Вас вестачка, але вельмі сумна, што Менск так аднёсся да с.п. М. Забэйды-Суміцкага – як мачыха… Напішэце мне ласкава, ці ёсць якія там проблескі грамадскага розуму і сумлення? Ці робяцца нейкія старанні, каб забраць дамоў урну і сякую-такую спадчыну па памершым? Гэта ж святы наш абавязак.
Я ледзь пішу Вам. Моцна хворая. Здае сэрца. Электракардыяграма зусім дрэнная. Я доўга не была ў лекараў. Змусілі мяне пайсці. Навыпісвалі лекаў, але ўколаў тут ніякіх няма. Сяння была на аналізах. Падзеі ў Польшчы і падзеі ў Зэльве (каля маёй асобы) мяне даканалі. Пісаць Вам пра ўсю бязбожную хлусню авантурыстаў проста не хочацца. Быў там і адзін разумны чалавек, і хлусня засталася хлуснёю, але ўсё моцна адбілася на маім хворым сэрцы і нервах. Казаў мне нядаўна адзін чалавек: “Насколькі моцна Вас любяць людзі, настолькі ненавідзіць начальства”… У сянняшнія часы гэта сіла няроўная, і вось таму так пакутую. Трываю покуль што.
Затрымка будзе, здаецца, з кніжкаю. Усё жыццё мяне гэтым мучаць. Але тое “слаўнае” зэльвенскае начальства крыху цяпер ператрасаюць. Робяць перамены, і напэўна, будуць яны на карысць, бо ўжо тут было – і смех і грэх!