Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 978-985-7007-44-8
- Жанр: Другая драматургия
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9». Краткое содержание книги:
Дзявяты том склалі кінасцэнарыі 1962–1994 гг.: «Третья ракета», «Альпийская баллада», «Западня» (кінасцэнарый Л. Мартынюка, пры ўдзеле В. Быкава), «Двое в ночи», «Волчья стая», «Долгие версты войны», «Ушедшие в вечность (Обелиск)» (кінасцэнарый В. Быкава, Р. Віктарава), «Его батальон» (кінасцэнарый В. Быкава, пры ўдзеле А. Карпава), «На Чорных лядах» (кінасцэнарый В. Панамарова, пры ўдзеле В. Быкава).
Той нерашуча робіць некалькі крокаў праз жвір, спыняецца:
— А ружжо?
— З ружжом, братка, — мякка сказаў Камандзір. Дзед неяк грузна зваліўся ў яму…
І зноў яны стаяць нерухома, чакаючы… Стрэл коратка грукнуў і сціх…
— Ну? — павярнуўся Камандзір да астатніх. — Ты? — запытальна зірнуў ён на Кажухара.
— Ды я… Калі адважуся… Калі што, дык прыстралі, Камандзір. Калі што… — і няспрытна ўссеўшы на край ямы, Кажухар ціха споўз туды…
Камандзір павярнуўся да астатніх…
Перад ім стаяць удвох: Казак і Валодзька…
Казак уважліва зірнуў у вочы Камандзіра, затым няспешна, разам з вінтоўкай, лёгка шаснуў у яму, дзе амаль адразу грымнуўстрэл…
На край ямы ступіў амаль змярцвелы Валодзька…
— Сулашчык! — гукнуў да яго Камандзір. — Пастой… Камандзір падыходзіць да Валодзькі:
— Табе, Сулашчык, заданне: закапаць, зараўняць! Каб следу ніякага не асталося!.. І — жыві!
— Я?
— Ты, а хто ж… Жыві!.. За нас!.. За бацьку!.. Дай я цябе абдыму!
Няспрытна, адною рукой, Камандзір нямоцна абняў Валодзьку. Трохі памарудзіў і, густа абрушваючы жвір, зваліўся ў яму…
Валодзька застаўся стаяць — ашаломлены, разгублены… Скалануўся ад неспадзеўкі, калі з ямы пачуўся апошні стрэл… І наступае цішыня… Толькі недзе здалёк чуецца сакатанне сарок.
Валодзька закопвае яму-магілу і плача… Ужо можна было не стрымліваць слёз, саромецца тут не было каго… У яму ён не зірнуў ні разу, ён гроб і гроб рыдлёўкай рыхлы жвір з берагоў… На небе з’явіліся цёмныя аблокі… Здалёк пачуўся грукат навальніцы… Пачынаецца дождж…
Валодзька закідвае галлём тую мясціну, дзе была яма, і з рыдлёўкай у руцэ пацягнуўся па лядзе да лесу…
Прыпыняецца, размахнуўся і кідае, далёка-далёка ад сябе, рыдлёўку ў густы лес. Апошні раз абярнуўся ў бок, дзе была яма, і зноў цягнецца па лесе…
Грукат навальніцы становіцца ўсё мацней, мільгаюць маланкі… Усё мацней ідзе дождж…
А Валодзька ўсё ідзе па лесе… Слёзы на яго вачах перамешваюцца разам з дажджом…
І над Валодзькам… над лядамі… над лесам… на фоне навальніцы гучыць дыктарскі тэкст:
«Яны ведалі, што прысуд ім быў вынесены даўно, гэты зыход быў відавочны, як толькі яны кінулі выклік страшнай сіле і сталі са зброяй у строй. Выклік быў дзёрзкі і рашучы, а сілы ўсё ж малыя. Як заўжды, масы засталіся ўбаку, не падтрымала іх Беларусь. Але яны павінны былі пачаць. Для іх было відавочна: тое трэба было колісь зрабіць, раней ці пазней. Без таго, без іхняе безагляднае адвагі, ахвяр і крыві ўся іх нацыянальная справа, бы невылечны сухотнік, асуджана на вялы, задоўжаны скон. Цяпер гэтаму не бываць! Зерне кінута, па вясне ўгрэецца глеба, будуць усходы! Колькі б зіма ні доўжылася, настане вясна! Яны ж угнояць глебу, мусіць, такое іх гістарычнае прызначэнне, так трэба. Для вольнай радзімы, для гісторыі…»
[1994 г.]