Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 978-985-7007-44-8
- Жанр: Другая драматургия
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9». Краткое содержание книги:
Дзявяты том склалі кінасцэнарыі 1962–1994 гг.: «Третья ракета», «Альпийская баллада», «Западня» (кінасцэнарый Л. Мартынюка, пры ўдзеле В. Быкава), «Двое в ночи», «Волчья стая», «Долгие версты войны», «Ушедшие в вечность (Обелиск)» (кінасцэнарый В. Быкава, Р. Віктарава), «Его батальон» (кінасцэнарый В. Быкава, пры ўдзеле А. Карпава), «На Чорных лядах» (кінасцэнарый В. Панамарова, пры ўдзеле В. Быкава).
Казак спачатку збянтэжана глядзіць на яго, а потым таксама зарагатаў разам з Камандзірам…
Камандзір гаворыць скрозь смех:
— Паесці!.. Слуцкую турму памятаеш? Чрэзвычайку? Казак у адказ матае галавой…
З размытага малюнка ўзнікае цёмны падвал…
Дзверы рэзка расчыняюцца, і ў іх моцна штурханулі нейкага чалавека, адзетага ў афіцэрскі шынель са зрэзанымі гузікамі і хлясцікам, босага. Спатыкнуўшыся, чалавек паваліўся на нечыя целы. Нехта пад ім злосна, па-блатняцку, вылаяўся.
— Прабачце, — выціснуў з сябе чалавек у шынялі. Ён неяк узгрэбся на босыя ногі, не ведаючы, куды ступіць ад дзвярэй. Ля яго ног варушыцца чалавек, нешта бурчыць.
— Ні чорта не бачу… — кажа чалавек у шынялі, і цяпер мы пазнаём яго. Гэта Камандзір.
— І не ўбачыш. Мы тут, бы краты, — адказаў яму нехта глухім шапялявым голасам.
— Вайскоўцы ёсць?
— Наўрад. Будзеш першым, — кажа той жа голас.
— І, можа, апошні, — буркнуў той, з-пад ягоных ног. Гэта Блатняк.
— Хай так, — болей бадзёра сказаў Камандзір і апусціўся там, дзе стаяў, — плячамі да самых дзвярэй.
Ягонае з’яўленне ў гэтай цеснай, падобнай на катух камеры, відаць, кагось зацікавіла:
— Адкуль будзеце? — зважліва папытаўся, мяркуючы па ціхманым голасе, немалады чалавек, што мясціўся недзе ў куце.
— З вакзала, — проста адказаў Камандзір.
— Го, з вакзала! — нядобразычліва адазваўся Блатняк. — На вакзале яны і бяруць!
— Чакаў цягніка… — працягвае Камандзір.
— Ну і дурань! Чакаць на вакзале… Ля семафора трэба чакаць і на хаду садзіцца. Цяпер так робяць.
— Наўрад ці ў іх ёсць якая заканамернасць, яны ўсюды бяруць! Мяне, напрыклад, узялі дома. З пасцелі паднялі, — сказаў з кутка Пажылы.
— Яны і з магілы паднімуць, — прашапялявіў недалёкі сусед. — Чэка!
— Чэка! Гэта табе не царская паліцыя, што спала на хаду, — сказаў Блатняк. У яго голасе разам з бояззю чулася стоеная павага да ЧК.
— Ну, не заўжды спала. Бывала, давала і яна дыхту. Асабліва на катарзе, — кажа Шапялявы.
— Хіба што на катарзе… — згаджаецца Блатняк.
— Такога яшчэ не было ў Расеі! — пакутна загаварыў у куце Пажылы. — Былі смутныя часы, бязладдзе. Але такога ачмурэння не было! Бедная, няшчасная Расея…
— Рэвалюцыя, што ж вы хочаце? — даволі бадзёра шапялявіць іншы. — Рэвалюцыя без ахвяр не бывае.
— Пайшла яна на хер, твая рэвалюцыя! — рэзка кінуў у адказ Блатняк. — Ад яе адзін сіфіліс, ад вашай рэвалюцыі!
Шапялявы:
— Не скажы! Калі ёю правільна распарадзіцца…
Блатняк:
— Хто, хто правільна распарадзіцца?.. Троцкі?.. Ленін?..
Шапялявы:
— Ат, што ты разумееш?..
У камеры наступае цішыня…
Камандзір, абапершыся плячамі да сцяны, моўчкі слухае гэту спрэчку, нарэшце пытаецца:
— Даўно вы тут?
— Як хто, — адказвае Пажылы ў куце. — Я чацвёрты дзень.
Ён во — два, іншыя — хто колькі.
— Тут доўга не трымаюць! — са значэннем сказаў Блатняк.
— Што — адпраўляюць? А куды? — пытаецца Камандзір.
— Гэ — куды? Вядома, куды!.. У Гунькін роў! — адказвае Блатняк.
— Толькі ж, мабыць, павінны хоць дапрасіць, вынесці нейкі прысуд, хай сабе і фармальны, — сказаў Камандзір.
— Які прысуд? Які прысуд? — гаворыць Шапялявы. — Цяпер могуць і без усякага прысуду, у імя рэвалюцыі!
Камандзір трохі памаўчаў… Потым кажа, як быццам сам сабе:
— Вось… прыехаў! А адсюль да маёй станцыі шэсцьдзясят вёрст…
Пасля нядоўгага маўчання са змроку зноў пачуўся ўпэўнены шапялявы голас:
— А што ж вы хацелі, грамадзяне? Пралетарыят абараняе сваю ўладу. А кожная ўлада павінна ўмець сябе абараніць!
— Яно, можа, і так, — не адразу, мякка пагадзіўся Пажылы ў куце. — Тое вядома з часоў Французскай рэвалюцыі. Толькі вы мне скажыце, чаму гэткая неадэкватная абарона? Напрыклад, я не выступаў супраць іхняй улады. Я нейтральны чалавек, абывацель.
— Вы не абывацель! — запярэчыў Шапялявы. — Вы прадстаўнік чужога варожага класа!
— Ну, добра, я — чужы клас! — памяркоўна сказаў Пажылы. — Вы ж, пэўна, не чужой клясы чалавек?
— Затое, я чужой партыі! — адказвае Шапялявы. Пажылы:
— Але ж таксама сацыялісты? Шапялявы:
— Сацыяліст-рэвалюцыянер! Заўважце розніцу! Пажылы:
— Невялікая, аднак, розніца, як я разумею. І тыя, і другія супраць манархіі.
Шапялявы:
— У тэарэтычным сэнсе так. Але ў тактычным — мы як неба і зямля! Мы, эсэры, нязгодны з бальшавікамі.
Пажылы ўсміхаецца:
— Даволі сумніцельна…
Камандзір некаторы час прыслухоўваецца да іх размовы, потым пытаецца: