Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 978-985-7007-44-8
- Жанр: Другая драматургия
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9». Краткое содержание книги:
Дзявяты том склалі кінасцэнарыі 1962–1994 гг.: «Третья ракета», «Альпийская баллада», «Западня» (кінасцэнарый Л. Мартынюка, пры ўдзеле В. Быкава), «Двое в ночи», «Волчья стая», «Долгие версты войны», «Ушедшие в вечность (Обелиск)» (кінасцэнарый В. Быкава, Р. Віктарава), «Его батальон» (кінасцэнарый В. Быкава, пры ўдзеле А. Карпава), «На Чорных лядах» (кінасцэнарый В. Панамарова, пры ўдзеле В. Быкава).
Тым часам Мяцельскі накапаў ужо ладныя кучы жвіру з абодвух бакоў. І калі ён выпрастаўся, каб спіхнуць шапку на патыліцу, у яму скочыў Валодзька:
— Дай я…
Мяцельскі неяк няёмка зірнуў на Валодзьку, потым на камандзіра…
Той апускае галаву да долу, адвярнуўся ўбок…
Мяцельскі без ахвоты аддае хлопцу кароткі тронак рыдлёўкі і выбіраецца з ямы…
А Валодзька з імпэтам уганяе рыдлёўку ў жвір і пачынае шпурляць яго ўгору…
Недалёка ад ямы сядзяць Дзед з Кажухаром, ціха размаўляюць. Кажухар, люляючы сваю параненую руку за пазухай, мерна пагойдваецца ад болю і праз слёзы жаліцца Дзеду:
— Ну завошта такая доля, скажы? Хіба я… проціў Бога, ці што? Ці супроціў людзей? Каб хоць як-небудзь жыць, дык нельга.
— Гэ, чаго захацеў! — зласнавата перапыняе яго Дзед. — Жыць!
— Ну… Жыць і то нельга…
— Было. Аджылі. А цяпер ляжам.
— Ляжам? Божа мой, божа… Я прагну толькі аднаго — скончыць свае пакуты. Усё роўна жыццё спляжана дарэшты. Некалі марыў набыць зямлю, каб зажыць на сваёй гаспадарцы. І, нібы вол, ад зары да зары шыў кажухі, збіраў грошы. Абшыў кажухамі, лічы, такі горад, як Слуцак, а ўся праца абярнулася торбай керанак, на паўпуда солі. Добра, што сын, Уладзя, не глядзі што малады, а ўдаўся разумнейшы за бацьку, не падмануўся на маё рамяство, пайшоў у горад служыць. Можа, чаго і даслужыцца, асабліва калі выб’ецца ў якое начальства ды паладзіць з бальшавікамі. Бацька во не паладзіў, за тое мне і расплата… — Кажухар стогне і круціцца, вочы зусім змакрэлі, і ён ужо не саромеецца той макраты, не выцірае іх.
Дзед быццам бы і не прыкмячае таго, не слухае Кажухара, сядзіць, унурыўшыся нерухомым позіркам у дол…
А Кажухар працягвае:
— Божа міласэрны, Маці Царыца Нябесная, не пакінь нас, не адвярніся хоць у гэты астатні час…
— Успомніў! — зноў зласнавата буркнуў Дзед. — Як прыпячэ, тады ўспамінаем. Раней помніць трэба было!
— Ды я ці калі забываўся! Я заўжды помніў, маліўся…
— А цяпер маліся, не маліся — адзін канец!
— Ай, божачка ты мой, божачка!
— Слухай, перастань ты выць! — ужо мякчэй кажа Дзед. — У мяне самога душа баліць… У цябе хоць ёсць каму ўспомніць, во сын твой хаця б. А ў мяне… Дзяцей Бог не даў, а жонка… Пабіў я яе, як раз перад паўстаннем. Не сказаць, штоб без прычыны… была прычына… Яна баба жаласлівая, заўжды каго-небудзь шкадавала — то дзяцей, то суседак, а асабліва каго з радні. Хто бяднейшы. А бяднейшы з усіх у яе малодшы брат Сёмка, дзяцей куча! А сам негаспадарлівы, заўжды з Вялікадня сядзіць без кавалка хлеба. У мяне ў свіронку была прыхавана тарбінка грэчкі, хацеў па вясне засеяць лапік ля сажалкі — не ўсё ж душыцца бульбай ды крупнікам. Але во жонка, як мяне не было дома, добра-такі адсыпала з тае тарбіны брату — бач, згаладнелі дзеці. Згаладнеюць, вядома, бо трэба працаваць, дбаць пра дзяцей ды гаспадарку, а не лайдачыць паўгода на печы! І вось аддала пуд грэчкі, быццам самой непатрэбна. Ну вось я і даў ёй добрага штурхаля! Яна ўпала, загаласіла на ўсю вёску!.. А тут якраз трэба было збірацца ў полк на фарміроўку. Ну, я ўзяў сякі-ткі харч ды так і пайшоў улегцы. Ну, трэба было? Гары яна гарам, тая грэчка!.. Калі б не такі канец, можа б, яшчэ і павініўся і паладзіў з жонкай… Увогуле, яна ў мяне не злапомная, даравала рознае, не першы раз. Але ўжо не павінішся — усё панясеш з сабой. На той свет. І ўсё праз гэтае наша жыццё, спрадвечную галоту! Ні па-людску жыць, і нават не па-людску памерці…
Яны абодва змоўклі… Камандзір зірнуў у яму…
Відаць, што Валодзька прытаміўся, рыдлёўка ледзь-ледзь трымаецца ў руках…
Камандзір заве:
— Забела! Давай падмяні.
Забела з яўнаю неахвотай лезе ў яму, бярэ ў Валодзькі рыдлёўку і пачынае без усякага запалу капаць…
Валодзька выбіраецца з ямы, адыходзіць убок і садзіцца на імшанік…
Сарок на дрэвах прыбавілася. Яны сакочуць усё болей, бы прадчуваючы тое страшнае, што тут неўзабаве адбудзецца. Іх ужо ніхто не адганяе…
Да Камандзіра падсаджваецца Казак:
— Вось усе начальнікі казалі, і ты таксама, што да зімы мы пераможам, вернемся дадому, падзелім панскую зямлю і зажывем па-людску, па справядлівасці ды ў згодзе — хто б не хацеў. Я б не супраць. Абы ўдалося. На жаль, не ўдалося! Не толькі сваёю сямейкай, але і наогул жыць… Ды што ж… Я не разумнейшы за іншых і, канешне, не шчаслівейшы. Калі вось ты, Камандзір, кажаш, што іначай нельга, значыцца, і праўда, нельга. Значыць, нявыкрутка атрымалася. Прыйдзецца паміраць… Але як усе, так і Казак… Вось толькі б паесці чагонебудзь. Перад смерцю…
Камандзір здзіўлена зірнуў на Казака:
— Паесці?.. — і раптам ён зарагатаў: — Паесці!..