Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 978-985-7007-44-8
- Жанр: Другая драматургия
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9». Краткое содержание книги:
Дзявяты том склалі кінасцэнарыі 1962–1994 гг.: «Третья ракета», «Альпийская баллада», «Западня» (кінасцэнарый Л. Мартынюка, пры ўдзеле В. Быкава), «Двое в ночи», «Волчья стая», «Долгие версты войны», «Ушедшие в вечность (Обелиск)» (кінасцэнарый В. Быкава, Р. Віктарава), «Его батальон» (кінасцэнарый В. Быкава, пры ўдзеле А. Карпава), «На Чорных лядах» (кінасцэнарый В. Панамарова, пры ўдзеле В. Быкава).
Сабака працягвае брахаць…
Ля хаты застыла жонка з дзіцем…
Змоўклі дзеці, з цікавасцю назіраюць за незнаёмымі людзьмі…
Аўстрыяк спачатку здзіўлена глядзіць на цывільнага, потым аглядваецца ў бок жонкі, зноў глядзіць на паперу і раптоўна ўзрываецца:
— А вось, выкусі! — ён суне цывільнаму пад нос фігу. — У мяне дзеці! Сам бачыш! Іх карміць трэба! У мяне ў самога столькі няма!
Цывільны крыху адступае ўбок:
— Ты, гэта, лягчэй, лягчэй! Не з цябе аднаго забіраем! Ува ўсіх бярэм, бо як вось іх карміць трэба! — ён паказвае ў бок чырвонаармейцаў.
— Дык няхай Чырвоная Армія сама пасее і пажне, а не рабуе сялян! Гэта ж колькі трэба было пакутаваць на вайне, ды ў палоне, ісці вось да яе ў прымакі. Ірваць кішкі на гэтай запушчанай гаспадарцы, каб апынуцца на зіму жабраком! І што гэта за ўлада настала, як з ёй жыць? Я ж так імкнуўся дадому, а тут аказалася горш, чым на вайне, чым у палоне… Дык там хоць быў вораг, там прымушалі рабіць, нават каралі смерцю. Але там кармілі. А чым я тут накармлю вось іх?
Дзеці спалохана прыціскаюцца да мацеры. Тая паціху падвывае.
Нават сабака перастаў брахаць і схаваўся ў будку… Камандзір, павярнуўшыся ў бок падвод, махнуў рукой. Чырвонаармейцы сыпанулі ў падворак…
Малюнак размываецца, потым у кадры зноў узнікае твар Аўстрыяка… У панурым задуменні ён ідзе да ямы…
Там, угнуўшы шырокую спіну, размашыста шпурляе рыдлёўкай Мяцельскі… Побач стаіць Камандзір.
Аўстрыяк падыходзіць да ямы:
— Ну, ці хутка вы? — са скрухай пытаецца ён.
— Паспееш! — нядобразычліва буркнуў з ямы Мяцельскі. Аўстрыяк панура адыходзіць ад ямы, мармыча сабе пад нос:
— Паспееш! Вам трэба, каб глыбей! Быццам гэта так важна: глыбока ляжаць у зямлі ці дзе-небудзь валяцца ў кустах. Мёртваму, мусіць, адзін чорт!
Ён прыпыняецца кал Дзеда і Кажухара…
Дзед ціха шэпча памінальную малітву (праваслаўную)…
Кажухар так жа, ледзь чутна, шэпча словы каталіцкай малітвы…
Аўстрыяк неяк рэзка матнуў галавой і пайшоў далей, мармычучы:
— Бач, адпяванне самі сабе наладзілі!
Ён ледзь-ледзь стрымліваецца… Падумаўшы, ён садзіцца на белы імшанік, адкідвае полы свайго аўстрыйскага шыняля
і сцягвае з адной нагі бот…
Брудная сапрэлая ануча сама раскруцілася на ступні…
Ён бярэ ў рукі карабін, дасылае патрон у патроннік…
Вялікі палец намацвае спускавую скабу… Рашуча ціскае…
У цішы рэзка грымнуў стрэл…
Усе скалануліся… Дзед з Кажухаром…
…Казак…
…Забела…
…Мяцельскі ў яме…
…Валодзька…
…Камандзір крутнуўся ад ямы. Адразу ўсё зразумеў:
— Не дачакаўся! — сказаў ён, і відавочны боль ценем мільгануў на яго схуднелым твары. — Забела і ты, Казак, давайце яго сюды.
Тыя, не дужа рашуча, падыходзяць да нерухомага, скурчанага на баку Аўстрыяка. Неяк няўмела, яны падхапілі яго за рукі. Казак хацеў было ўзяць карабін Аўстрыяка, але Забела нецярпліва гыркнуў:
— На чорта ён табе!
Яны пацягнулі Аўстрыяка нагамі па доле да ямы…
Мяцельскі працягвае шпурляць рыдлёўкай… Яма значна паглыбела. Мяцельскі капае з нейкай азвярэласцю…
Аднекуль здалёк пачулася трывожнае сакатанне сарокі…
Да яе далучаецца другая… Сакатанне становіцца ўсё бліжэй…
Камандзір са злосцю ўглядаецца ў той бок, дзе сакочуць сарокі…
Валодзька падымае з зямлі нейкую палку, бяжыць да сасонніку і шпурляе палку ўгору. Але сарокі толькі пераляцелі на іншыя дрэвы…
Валодзька шукае яшчэ палку, але Камандзір спыняе яго:
— Не бегай, Валодзя, не трэба…
Валодзька вяртаецца да ямы:
— Раскрычаліся на ўвесь лес!
— Хай крычаць… — Камандзір зірнуў на Валодзьку: — У цябе хто-небудзь застаўся?
— Не… Бацьку яшчэ ўвосень забілі, каля Морачы. Я яго сам і пахаваў на лузе… А маці ўжо гады са тры як памерла. Старэйшая сястра была ў Слуцку, дык яе разам з дачкой малой, Леначкай, бальшавікі вывезлі немаведама куды на ўсход. Муж у яе быў падпаручнік, ротай у нашым батальёне камандаваў, дык яны паспелі адысці за Лань, да палякаў. А тыя ўсіх камандзіраў бальшавікам выдалі, дык яго разам з іншымі ў Слуцку расстралялі. А пра сястру, відаць, дазналіся… — Валодзька раптам змоўк, зірнуў на Камандзіра.
Той глядзіць некуды ўбок, быццам не слухае Валодзьку… Валодзька страпянуўся:
— Камандзір, я разам з усімі ваяваў за Беларусь! Я хачу, як усе! — голас у яго задрыжэў.
Камандзір, не гледзячы на Валодзьку, кажа:
— Добра, добра, Валодзя, — і пайшоў да ямы.