Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
А. А.: Пажывіцца.
В. Б.: Мабыць. Дык вось тыя самыя пехацінцы…
А. А.: Не падзялілі курачку з немцамі?
В. Б.: Сутыкнуліся з немцамі, якія наладзілі там засаду.
Пабілі нашых, начальніка штаба ўзялі ў палон. А нам усё ж пашчасціла. Пасля пачалося расследаванне. СМЕРШ займаўся, але неяк абышлося. Ні я, ні разведчык, ні тэлефаніст не выдалі нашыя паходы па начах, а так ведаеш, што магло быць?
А. А.: І не столькі за ваша жыццё, колькі за тое, што кантакт мог быць.
В. Б.: Хадзілі, сустракаліся з немцамі…
А. А.: Гэта ж мы ўжо наступаем, 44-ы год. І ўсё роўна баяліся кантакту? Думалі, што вы пабяжыце туды. Дарэчы, вось у «Мёртвым не баліць» ёсць Каця на мінным полі. Таксама ты…
В. Б.: Такіх я ведаў.
А. А.: Вельмі рэальны вобраз.
В. Б.: Санінструктаркі такія былі. Бабы, дзеўкі. Былі розныя, канешне. На перадавой звычайна сустракаліся тыя, што непатрэбныя былі ў тылах. А прыгажэйшыя, маладзейшыя, канешне, заставаліся ў штабах, на розных пасадах. Хоць па штату і лічыліся санінструктарамі, сувязісткамі, снайперамі, але жылі пры начальстве. Кожны маёр, палкоўнік, само сабой — генерал меў сабе ППЖ, і тое было як бы ўзаконена. Рэдка якая маладая і прыгожая апыналася ў батальёне, не кажучы ўжо пра роту. І яны не былі дурніцамі, не дужа ірваліся на перадавую. Па дарозе ў дывізію я спаткаў дзяўчыну, старшыну ці сяржанта па званні, якую таксама накіроўвалі ў нашу часць. Прыгожая дзяўчына, маладая, здаецца, вострая на язык. Яна ішла ў дывізійны батальён сувязі, але я падумаў, што наўрад ці затрымаецца ў тым батальёне. Якраз пра тое мы тады і гаварылі, і яна так калюча адказвала. Потым я пайшоў далей, у полк, батальён, а дзяўчына засталася ў штабе дывізіі. Праз нейкі час я сустракаю яе ўжо ў нашым палку, пытаюся: чаго гэта вы тут? А яна кажа: перавялі.
А. А.: Ніжэй, значыць?
В. Б.: Ніжэй. Ну перавялі, дык перавялі. А пасля ўжо, калі я быў камандзірам узвода аўтаматчыкаў і бегаў пад агнём з аднаго фланга на другі, якраз пачуў знаёмы голас. Ля КП батальёна. Трохі мне стала цікава, зазірнуў у ровік, а там ля тэлефона — тая дзяўчына. Я пытаюся: што, зноў перавялі? Так, кажа, не ўжылася з ротным у палкавой роце сувязі… Значыць, не захацела спаць з ім, во ён і спісаў яе ў батальён, на самы перадок.
А. А.: Ну так. Гэта і сродак ціску быў таксама.
В. Б.: Ну вось. Яе характар і прывёў яе на самую перадавую.
А так бы яна ў тыле, пры ўзнагародах вайну скончыла. А тут ці жывая засталася, не ведаю.
Вясной баі прыціхлі, фронт стаў у абарону. Пасля таго, як мы не надта ўдала падзяжурылі на ПНП, мяне выклікаюць у штаб палка і ставяць новую задачу. З групай салдат у 15 чалавек паехаць у прыфрантавую вёску Барсучэнь і заўтра ж выселіць усё насельніцтва. Сяляне могуць з сабой узяць тое, што улезе на воз. Другі раз нельга. Зразумела? Не? Іспалняйце…
Пайшоў з салдатамі шукаць тыя Барсучэні. Аказалася, кіламетры за тры ад перадавой, знайшоў старшыню сельсавета, растлумачыў задачу. Памочнікам у мяне быў старшыня Ганчарэнка, былы бухгалтар з-пад Вінніцы. Сяляне асабліва не пярэчылі — трэба дык трэба: вайна ж. Хто ведае, што тут задумалі гэтыя рускія разам з немцамі, якія за бугром? Пагрузілі на свае куруцы дзяцей, пасцелі, паклалі колькі мяхоў кукурузы і паехалі, як было загадана, — на пятнаццаць кіламетраў у тыл. Мы таксама, як было загадана, у абодвух канцах вуліцы збудавалі з жэрдак шлагбаўмы, паставілі вартавых. Выбраўшы лепшую хату, я вугалем напісаў на белай сцяне «камендатура». Пачалася новая, тылавая служба ў да часу абязлюдзелай вёсцы. Галоўны сэнс тае службы, як пасля зразумеў, палягаў у тым, каб не даць сялянам карыстацца ўласным харчам, бо той харч канфіскоўваўся дзеля фронту. Неўзабаве ў сяло прыехалі нейкія тылавыя часці, штаб армейскага інжынернага батальёна, яшчэ нехта, пачалі гаспадарыць — выгружаць на машыны ўсё, што засталося з прадуктаў, галоўным чынам кукурузу, збожжа, муку. А трэба сказаць, у Малдавіі на гэты конт — не тое што ва Украіне, правізіі было. У кожнай гаспадарцы быў хлеб, нават белы, быў сыр, сушаныя фрукты, алей, малако. Калгасы малдаван абрабаваць не паспелі. Цяпер законна рабавалі войскі, якім з тылу перасталі вазіць правізію, бо ўвесь транспарт быў заняты падвозам боепрыпасаў — рыхтаваўся «брасок на Балканы». Высялялася даўжэзная 15-кіламетровая паласа па ўсёй Малдавіі. Але ж заставалася яшчэ і віно, якога таксама было ў кожнага гаспадара і якое нельга было ўзяць на адну фурманку. Віно закапвалі. Але наіўныя былі тыя малдаване — хіба ад савецкага салдата можна схаваць віно? У кожнага салдата пры вінтоўцы быў шомпал, які выдатна выконваў ролю вінашукальніка. Праз якіх дзён дзесяць раскапалі і выпілі ўсё. Часам між п’янымі салдатамі ўзнікалі бойкі і нават перастрэлкі, за віно і за хаты таксама. Гэта калі адны часці яшчэ не з’ехалі, а іншыя прыехалі і патрабуюць жытла. Часта прыязджала палкавое начальства — пракантраляваць і выпіць таксама, пакуль яшчэ было што.