Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
А. А.: А Сахно таксама не было? Таксама прыдумка?
В. Б.: А старшы лейтэнант чым не Сахно? Аднае пароды гэтыя людзі. Сам жа ён першым не пайшоў, другіх пасылаў.
А. А.: Ён учыніў з вамі тое, што вы з тымі мужычкамі.
У сяле з тымі хахламі.
В. Б.: Закапаліся мы ў сцірты і сядзім. Назіраем. Сапраўды, праз нейкі час прыходзіць бронецягнік, спыняецца на пераездзе. З яго выходзяць чалавек пяць немцаў і ідуць у наш бок. А там у полі стаялі дзве пакінутыя машыны, мы думалі, яны таксама падарваліся на мінах. Аж не. Тыя немцы дайшлі да машын, там нешта парабілі (можа, замініравалі), павярнулі назад, да чыгункі. Час ідзе, мы чакаем. Баі ідуць вакол нас, на ўсім даляглядзе. Скрозь нешта гарыць, бухае. Тут жа, дзе мы, цішыня, апроч нас, няма нікога. Немцы нас не бачаць. І раптам проста над сціртамі планіруе нямецкая «рама», трохі прабягае па снезе і спыняецца. Вылазіць лётчык, адчыняе капот, пачынае штосьці там калупацца. І адзін з разведчыкаў кажа старшаму лейтэнанту: а давайце захопім «раму». Я авіямеханік, магу ўзляцець.
А. А.: Як Дзевятаеў?
В. Б.: Увогуле дзіўнаваты намер, але што рабіць? Улезлі мы добра, невядома ці выседзім хоць бы да ночы. Карацей кажучы, пайшлі трое да самалёта. Ну ў белых халатах, не адразу зразумееш, хто. Не дайшлі, можа, метраў пяцьдзесят. Нешта немцы закрычалі, і нашы нерашуча спыніліся, нехта схапіўся за аўтамат. І ў той момант разварочваецца кулямётная турэль, і з буйнакалібернага як паласнуць па разведчыках… Самалёт завёўся, зрабіў невялікую разбежку і падняўся ў неба.
Выходзілі адтуль ноччу, свяціла поўня, таксама натрываліся пакутаў. На гэты раз старшы лейтэнант першым паслаў мяне, і я стыргікаў, абапіраючыся на чыюсь вінтоўку. Але ўрэшце перайшлі шашу і ў нейкія сяле выйшлі да сваіх. Але сяло бамбяць «юнкерсы», сыплюць касетнымі бомбамі. У хаце, дзе ляжаць параненыя, чакаюць вывазу, гаспадарыць дзяўчына ў пагонах, выпісвае карткі пярэдняга краю і кіруе пагрузкай. Але транспарту няма, а параненыя нервуюцца. Даходзіць чарга да мяне, пытаецца: з якой часці? Называю сваю дывізію, а яна кажа: то не наша часць, я не дам картку. Што рабіць — без гэтай карткі мяне не прыме шпіталь. Я чакаю. Тады налятае чарговая партыя пікіроўшчыкаў, выбухі, вылятаюць прэч вокны. І дзяўчына, страсянуўшы з сябе тынкоўку, таропка падпісвае мне картку. Можна ў тыл. Але на чым? Яшчэ з адным параненым у руку сяржантам мы выбіраемся на вуліцу. Бамбёжка скончылася, ды на вуліцы пуста. І раптам аднекуль «віліс» з афіцэрам, і мой сяржант крычыць: Коля! Шафёр — ягоны знаёмы. На тым «вілісе» пад вечар я быў ужо ў армейскім шпіталі ў Александрыі. Во як пашэнціла ўрэшце.
А. А.: І колькі ты ляжаў у шпіталі?
В. Б.: Тры месяцы.
А. А.: Дзе?
В. Б.: Спярша ў Александрыі, пасля пад Знаменкай, яшчэ пад нейкаю станцыяй. Шпіталь перамяшчаўся…
А. А.: Па-мойму, пра шпітальнае жыццё ты яшчэ нічога не пісаў.
В. Б.: Можа, напішу калі. Разумееш, вайна — скрозь чалавечае няшчасце, а шчасце, як вядома, дужа адносная рэч. У параўнанні з перадавой кожны шпіталь можа здацца курортам. Мяне прывезлі ў Александрыю, шпіталь там у цэнтры горада, здаецца, у будынку школы. Памылі ў лазні, пражарылі вашывую вопратку, далі чыстую бялізну. Параненых шмат, месцаў, як усюды, не хапае. Нават афіцэры ляжаць па два ў ложку. Памятаю, маім суседам быў лейтэнант-танкіст са знакамітым прозвішчам Варашылаў. (З Варашылавым ляжаў, казаў пасля.) Той шпіталь належаў пятай танкавай арміі, таму пераважна тут былі танкісты — параненыя, абгарэлыя, розныя. Абгарэлыя асабліва страшныя. Абпалы дужа балючыя і доўга не гояцца. Людзі пакутуюць, часта нервуюцца і лаюцца. З сёстрамі, між сабой, з начальствам. А начальства тут — дактары ці не спрэс жанчыны рознага ўзросту. Мужчыны — толькі палітрукі, якія і тут ведаюць адно і тое ж — сваю надаедную прапаганду, прывіваць нянавісць да нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў. Тае нянавісці ў нас саміх звыш меры — і не толькі да фашыстоўскіх захопнікаў. Некаторыя параненыя, не стрываўшы, са злосці пасылаюць іх на тры літары, тады ў палаце скандал, паяўляецца СМЕРШ, недысцыплінаванага кудысь пераводзяць. На перадавую, аднак, ніхто не ірвецца. Усё ж тут як-ніяк цёпла, ціха і не забіваюць. Праўда, галаднавата, але да голаду за жыццё мы прывыклі. Часта узнікаюць размовы, успаміны пра нядаўнія баі. Там я шмат што пачуў наконт славутага «порядка в танковых войсках», пра якасць хвалёных танкаў. Пра саракапяткі танкісты і слухаць не хацелі, для іх гэта быў не супрацьтанкавы сродак, а «хлапушы», як яны казалі. Гаворка часцей ішла пра «тыгры» і «фердынанды», якія са зручных пазіцый выбівалі нашы танкавыя батальёны. А іх паспрабуй дастаць. Пастаўленая на трыццацьчацвёрцы 76-міліметровая гармата іх не брала, а яны са сваёй 88-міліметроўкі наскрозь прабівалі браню нашых танкаў. А мы, дурні, былі засвоілі, што наша трыццацьчацвёрка — лепшы танк у свеце. Паслухалі б прыхільнікі яе, што пра яе кажуць тыя, хто ў іх гарэў і гінуў. Але ж наша, рускае, усё лепшае — і састарэлая «драгунка» ўзору мінулага стагоддзя, і ППШ, аўтамат фінскага ўзору, што выпускаўся там з 1934 года, і, вядома ж, наш суконны шынелак на «рыбьем меху». Што ўжо казаць пра франтавыя шпіталі, пра якія не раз з бляскам пісаў Віктар Астаф’еў. Галоўнае наша лякарства — іхтыёлавая мазь, чорная смярдзючая мазюка, якой мазалі усе раны. Добра, калі рана чыстая, а калі ў ёй зямля, часткі бруднай апраткі… Пеніцыліну ж тады не было. Найбольшая надзея была на хірургаў, якія рэзалі няшчадна, тым, можа, і найбольш ратуючы. Кармёжка ўсё тая ж, вайсковая, хіба што гарачая — хлеб, каша пярловая, радзей пшонная, суп вермішэлевы ці зноў жа пярловы. І традыцыйны чай. (На фронце мы дзівіліся, што немцы п’юць каву, напой, які мы ў сялянстве ніколі не спытвалі і які здаваўся нам агідным, бы з сажы. Але яны пілі яго з малаком.)