Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Ранкам пачаўся бой, ужо за гэтае сяло. Помню, узышло сонца, усё ярка высвеціла. На вуліцы нейкія выкрыкі, хтосьці кудысь бяжыць, а ў мяне, відаць, тэмпература паднялася, і я перастаў разумець, што адбываецца. І ад гэтай калатнечы, і ад недасыпання. Ва ўсякім разе, я ўжо не ведаю, хто ў сяле — нашы ці немцы? Бо страляніна чулася ў адным канцы, пасля ў другім, раздаваліся незразумелыя крыкі, затым усё прыціхла. Думаю, што ж я тут буду ляжаць, чаго дачакаюся? Выпаўз у сені. Каля дзвярэй адгароджаны дошкамі засек з бульбай, такой дробненькай, мабыць, на корм. Я прылёг на гэтую бульбу, дастаў пісталет і ляжу. Чую, бягуць па вуліцы, па дварах, але быццам гаворка не наша, значыць, немцы. Дзверы зачынены, але калі іх расчыніць, дык я тут жа, насупраць дзвярэй, можа, трошкі збоку. І вось туп-туп па двары. Адчыняюцца дзверы — немец! Адной рукой дзверы трымае, а ў другой — аўтамат. А я з пісталетам гляджу на яго. Канешне, я магу стрэліць у кожную секунду, а яму для таго трэба перахапіць аўтамат у правую руку. І вось я не стрэліў, а ён кінуў дзверы і павярнуўся назад.
А. А.: Ты думаеш, ён цябе заўважыў?
В. Б.: Ён мог мяне не заўважыць, бо ў сенях было цёмна, а на вуліцы…
А. А.: Сонца.
В. Б.: Сонца сляпіла. Пасля я ўсё ўспамінаў пра яго, калі быў у Нямеччыне. Атрымалася так, што мы падарылі адзін аднаму жыццё.
А. А.: Ён цябе не заўважыў, а так бы адскочыў і лупануў здаля.
В. Б.: Вельмі магчыма. Я там праляжаў яшчэ нейкі час. Пасля, як відаць, немцы адсюль вымеліся. Нашы машыны пайшлі ўжо ў іншым кірунку. Але рэч у тым, што… Забыў табе расказаць пра папярэднія падзеі. Перад тым, як танкі завезлі нас сюды, у гэта сяло, мы абараняліся ў полі, у стралковым ланцугу. І я ляжаў з вінтоўкай і страляў. Танкі з таго сяла, адкуль нас выбілі, далей не пайшлі, яны выбівалі нас у полі. А нейкія камандзіры арганізавалі абарону і хацелі тыя танкі стрымаць. Увогуле гэта ім удалося, аж пакуль не падышлі нашы танкі. Во яны і ўзялі нас на браню, каб выхапіць з-пад удару. Але ж танкі ведама куды ідуць — не ў тыл жа. Танкі прарываюцца ў глыб абароны ворага, а мы на іхняй брані ратуемся ад немцаў. Сітуацыя самая дзікая, але ж іншая немагчыма. Бо танкі не пашлюць жа ў тыл з параненымі. Не такая гэта каштоўнасць — паўтузіна скрываўленых недабіткаў… Па вуліцы пайшлі нашы машыны. Праўда, адкуль і куды, не зразумець. Але я ўжо выпаўз з падворка і стаў ля паркана. Ідзе бензазапраўшчык, і я пачаў махаць яму рукой, ды ён не спыніўся. Стаю, гляджу яму ўслед. Той выехаў з сяла, едзе палявой дарогай, а там раздарожжа. Ён скіраваў ўлева, а там ярок невялікі і з таго ярка па дарозе — трасы. Запраўшчык і пыхнуў, бы факел.
Ну, а пасля мяне ўсё ж падабрала адна машына і давезла да чыгуначнага пераезду. Там былі нашы матацыклісты з нейкага разведбата і яшчэ нейкія байцы. Мы сунуліся ў будку чыгуначную — можа, аднак, гэта былі чыгуначныя казармы. Рабочыя ў іх жылі. І там жах адзін. Ляжыць на падлозе чалавек пятнаццаць нашых забітых… Аказваецца, танкісты ўчора пасцягвалі сюды сваіх параненых, а па чыгунцы ходзіць нямецкі бронецягнік — гэта ж яшчэ у іхнім тыле. На досвітку ў тую казарму зайшлі немцы з цягніка і ўсіх параненых пастралялі. Дзядзька-рабочы кажа: ратуйцеся, хлопчыкі, яны хутка зноў вернуцца! Ну, мы і пайшлі. Але куды? Ззаду чыгунка з бронецягніком, злева відаць, як за аўражынай немцы штосьці капаюць, далей шаша, па якой гужом ідуць нямецкія машыны, пэўна выязджаюць з Кіраваграда. А наперадзе — міннае поле, яшчэ ўказальнікаў не прыбралі, на дарозе табліцы з «Міnеn». Але іншае дарогі ў нас няма, а за полем хоць сцірты, нейкае сховішча. І старшы лейтэнант, які быў сярод нас, кажа: ану, упярод! Хто першы? У яго некалькі падначаленых у белых маскхалатах. Але іх ён не пасылае, ён хоча паслаць кагосьці з чужых. І паслаў аднаго, параненага у галаву пехацінца. Той падарваўся першы. Затым другі пехацінец пайшоў, але падарваўся якраз не ён, а «свой» у белым халаце, які ішоў, здаецца ці не чацвёртым. Хоць і ішлі ж па слядах першага. Я стыргікаў ці не пятым. Урэшце дабрылі да сціртаў…
А. А.: Скажы, вось ты пісаў, а Каця там была?
В. Б.: Не, Каця — гэта ўжо прыдумка.