Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Праз дзень у нейкім ацалелым маёнтку напаткаў штаб 4-й гвардзейскай арміі, прад’явіў свае дакументы, запоўніў патрэбныя анкеты і атрымаў накіраванне ў 252-ю СД. Амаль шчаслівы выйшаў на вуліцу. Вакол было ціха, на фронце ішла перадыслакацыя, толькі ў адным баку нешта надта падазрона грукоча, бы таўкачамі б’юць у зямную ступу. Пытаюся ў сустрэтага афіцэра: можа, ведае, дзе шукаць 252-ю СД? Той уважліва паглядзеў на мяне і паказвае рукой туды, дзе грукоча. Кіруй, кажа, на тыя грымоты, не заблудзішся. І я трохі пашкадаваў тады пра сустрэчу на дарозе з дывізіяй, якая пайшла ў тыл. Ды было позна.
Праз дзень я ўжо трываў бязлітасную агнявую калатнечу, ад якой грунтоўна адвык за тры шпітальныя месяцы. Трудна было зноў прывыкаць, асабліва як неўзабаве на нас наваліліся нямецкія танкі.
Аднойчы, пры перамене пазіцый, наляцела шасцёра «юнкерсаў», якія канчаткова дабілі батарэю, і мы засталіся без гармат.
А. А.: Давай расказвай.
В. Б.: Дык вось засталіся без гармат, дванаццаць салдатаў, я і камандзір батарэі — капітан. Салдатаў аддалі ў батальёны на папаўненне, а мы сядзім на КП за узгоркам. У мяне настрой горш не прыдумаеш — толькі прыйшоў у «вязучую» дывізію, і на табе — зноў разгром. Але капітан не сумуе: ён атрымаў новае прызначэнне — начальнікам артылерыі суседняга палка. Трэба сказаць, што начальнік артылерыі — гэта не камандзір батарэі, гэта бяры вышэй, і рызыка мінімальная — жыць будзеш. Вось ён дастаў фляжку са спіртам, мы трохі выпілі. Капітан чакае канавода з канём, якіх ужо паслалі па яго з новае службы. А во і канавод, вядзе на повадзе ладнага коніка для новага начарта. Мы развітваемся: ну, Быкаў, жадаю табе дажыць да пабеды. Ты дык, можа, і дажывеш, думаю я, а мне… З ціхай зайздрасцю я праводзіў яго. Наш КП, можа, за кіламетр ад пярэдняга краю, але за пагорачкам. А яму трэба ехаць у тыл, але таксама цераз пагорачак, дарэчы ўвесь раскапаны міннымі выбухамі. Але ёсць і другая дарожка — у аб’езд, па лагчынцы. Вось, гляджу, мой капітан даскакаў да гэтай развілкі, трохі прымарудзіў, мабыць, рашаючы, куды скіраваць. І скіраваў напрасткі, цераз пагорак. Дужа порстка паехаў. І вось ён выскоквае на пагорак, і тут міны — бах, бах! Ён хутчэй. А міны зноў бах, бах, бах! І ўсё там завалакло дымам ды пылам. А як тое воблака здзьмула ветрам, гляджу, конь бяжыць з пагорка, повад цягнецца, а седака няма. Канавод вярнуўся адзін. А ўвечары выцягнулі забітага капітана. Во такі ён, вайсковы лёс: парадаваўся перад сваёй пагібеллю.
А. А.: А як цябе ў палон ледзь не ўзялі?
В. Б.: Ну, гэта на тым самым месцы. Дзе мы сталі ў абарону. Пад Унгенамі — ёсць такая памежная станцыя перад Румыніяй, дзе цяпер мытнікі шмон робяць. Калісьці мы яе бралі. Здавалі таксама. Гэта перад якой — «Праклятая вышыня». Ну дык паколькі я без гармат, паслалі мяне на ПНП (перадавы назіральны пункт) камандзіра палка дзяжурыць ноччу. Камандзір палка на сваім КП спіць ноччу (отдыхает, на уставном языке), а мы павінны не спаць, глядзець і слухаць. У маім распараджэнні разведчык і тэлефаніст. Увогуле ПНП — гэта земляная шчыліна, трохі прыкрытая жэрдкамі з плашч-палаткай наверсе. А на перадавой усталявалася некаторае зацішша, асабліва ўначы. Перад намі трошкі ўбаку на нейтралцы месціцца невялічкае малдаўскае сяльцо, хат, можа, 10–15. Людзі адтуль, канешне, уцяклі ў тыл, хто ж уседзіць там пад абстрэлам. Некалькі хат там згарэла, а рэшта пакуль стаіць. І вось мой разведчык надыбаў там ноччу нейкага дзядзьку, які застаўся пільнаваць хату. Ну і, канешне, у яго ёсць некалькі курыц і віно. І вось мы з ім аднойчы… Камандзір палка калі пазвоніць ноччу гадзін у дванаццаць, а так спіць. За гэты час мы…
А. А.: Курэй памацаць рашылі?
В. Б.: Пачалі наведвацца туды. Тэлефаніст застаецца, а мы ідзем, тым болей блізка, можа, якіх метраў сто ўніз па схіле.
Дзядзька зловіць нам курачку, абскубе, зварыць (уначы дыму не відно), ну віна прынясе гарлачык. Мы самі паямо ў цяпле і тэлефаністу прыхопім у кацялочку. У полі халадзіна, а ў хаце добра. Вырашылі, што можна і кімарнуць з гадзіну ў цяпле. Так мы там пасвіліся. Не сказаць, што часта, але разы чатыры хадзілі. І вось аднойчы яшчэ курачка не зварылася, што такое?.. Страляніна, выбухі гранат, нейкія крыкі… Ну мы, канешне, кулём на гароды… Побач нехта яшчэ бяжыць, страляюць з аўтаматаў, нічога не разабраць у цемры. Прыбеглі на ПНП, а там тэлефаніст ужо адбіваецца, камандзір палка крычыць у трубку: што адбываецца, дзе Быкаў? У сяле ўжо гараць хаты, страляніна, праўда, сціхла. Я пачаў апраўдвацца: хадзіў высвятляць, што там здарылася. А здарылася тое, як пасля высветлілася, што туды хадзілі не толькі мы з разведчыкам, але хадзіў і камандзір батальёна з начальнікам штаба, да таго ж хадзілі і немцы таксама.