Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
В. Б.: Мабыць, гэта з награднога ліста…
А. А.: Ну, ясна, усё было складаней, як ты лупіў…
В. Б.: Як я лупіў… Рэч у тым, што там немцы прарываліся з Кішынёўскага катла, таму ўпартасці ў іх хапала. Таксама справа ішла пра жыццё і смерць… У маёй гармаце не толькі разбіла прыцэл, яе самую амаль разбіла снарадам з танка. Снарад ударыў амаль пад левае кола, выбухам нас заваліла зямлёй. Калі я падняў галаву, бачу, мае не паднімаюцца, наводчык зусім у зямлі. А танк — во ён, стаіць і скіроўвае гармату далей, на кагось у наш тыл, з намі ён ужо скончыў. А нашая гармата зараджаная, наводчык не паспеў стрэліць. Я дацягнуўся рукой і, лежачы, ціскануў на кнопку спуску. Узняўся пыл, штосьці там сталася. Гляджу, танк паварочваецца, паварочваецца, — ну, думаю, зараз дасць мне тут. Аж не — не дасць, бо ззаду сцелецца гусеніца, усё ж я яе збіў. Куды дзеліся танкісты, я так і не зразумеў. Бой тым часам трохі перамясціўся збоч, на пераправу, куды яны прарваліся. Каля агнявой прайшла нашая самаходка, прыбег нехта з другога разліку. Але ў мяне дужа баліць вуха, пайшла кроў. Сяржант штось да мяне кажа, а я не чую. Аглух. Аказалася, не толькі не чую, але і нічога не магу сказаць. Адняло мову. І ўвесь я калачуся. Ужо ці не адваяваўся, думаю.
На нейкай грузавой машыне паехаў у санбат. Там шмат параненых, дактары ўсе на аперацыях. Я сеў у цяньку на прызбе, праседзеў да вечара. Нават падрамаў трохі. Вуха баліць, але кроў больш не ідзе. На змярканні пайшоў у палатку, дзе дактары. Ды зачапіўся за вяроўку расцяжкі і — вылаяўся. Паявілася мова. Тое ўзрадавала неверагодна, і я яшчэ некалькі разоў вылаяўся — усё грамчэй і грамчэй. З заткнутым ватаю вухам пайшоў на дарогу. Позна ўвечары дагнаў свой батальён.
Адчуваю, Саша, ты хочаш задаць сакраментальнае пытанне пра страх: ці баяўся я? Канешне, баяўся, а можа, калі і трусіў. Але трэба ўлічыць, што страхаў на вайне шмат і яны ўвогуле розныя. Страх перад немцамі — што могуць узяць у палон, застрэліць, страх ад агню, асабліва артылерыйскага ці бамбёжкі, калі побач выбухне, дык, здаецца, цела само без удзелу розуму гатова разарвацца на кавалкі ад пакутаў. Але ж быў і страх, што ішоў ззаду, ад начальства, усіх тых карных органаў, якіх у вайну было не менш, чым у мірны час. Нават болей. Калі цябе камандзір абяцае расстраляць пад ранак, калі ты не возьмеш страчаны хутар ці вышыню, ці траншэю (што па тым часе зусім верагодна), дык яшчэ невядома, каго ты пачынаеш баяцца болей — немцаў ці камандзіра. Немцы яшчэ могуць не пацэліць, і табе ўсё абыдзецца. А свае камандзіры ці калі ўвяжацца трыбунал, ужо прамашкі не дадуць. Тут ўжо ўсё дужа пэўна і канкрэтна.