Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Вельмі добрае ўражанне пакінулі па сабе ўнукі. Толькі з малодшым нявестка не дала мне нават пагаварыць… Ён вельмі шчыры і мог бы шмат расказаць. Няхай Бог ім памагае і дасць розум майму “культурнаму” сыну-лекару, хоць такі, як у ягоных продкаў земляробаў малапісьменных. Між іншым, так некалі сын завяршыў і мае 60-годдзе. Яшчэ адзін яго візіт, і па мне будзе. Як ратаваць яго, як дапамагчы?
Жыву адна. Днямі бывае поўна людзей, а начамі – зусім адна. Страшнавата. Што пішуць Вашыя? Куды паехала маладая пара ў шлюбнае падарожжа? Якія перспектывы далей? С. п. Муж мой лічыў іх самымі чэснымі і добрымі людзьмі. Я – таксама. Учора перадавалі выступленне літаратурнага аб’яднання з Наваполацка па тэлебачанні. Высокі інтэлектуальны ўзровень і сапраўдныя таленты, ды вернасць зямельцы нашай маладых літаратараў. А якая мова! Такія будуць бараніць гуманныя вартасці культуры свайго народу, каб дастойна ўнесці іх у скарбніцу агульналюдскай культуры.
А цяпер наказ вам абоім: глядзеце сябе ўзаемна, свайго здароўя. Бяда, калі людзі ўміраюць. Калі родзяцца, дык гэта – шчасце! Богу дзякуйце за ўсё, што Ён пашле Вам і ўсёй душой будзьце пры мілай Люцынцы, бо, напэўна, нялёгка ёй, беднай. У гэты час і заўсёды будзьце найлепшымі сябрамі пры ёй.
Жадаю Вам шчасця і здаровячка! З павагай і цеплынёй да вас абоіх – Ваша Ларыса Геніюш.
Нечаму не піша мне Міхасёк. Не піша ён і дзяўчынцы, якая тут сохне па ім… Ці хоць там усё ў парадку?
Зэльва, 23 кастрычніка 1980 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
Даруйце ласкава маю нетактоўнасць. Я ведала, што дзень Вашых народзінаў увосені. Па тэлефоне гаварыла пра гэта і мілай Данусі (яна непакоілася Вашым маўчаннем). Але думала, што крыху пазней. Яшчэ была адна прычына. Гэта – маё нікуды не вартае сэрца. Задумалі пакласці мяне ў больніцу, але я адпрасілася. Выпісалі 6 гатункаў розных лекаў. Хаджу штодня на траякія ўколы. Жыву яшчэ, безумоўна, але ці будзе лепей? Гэта ўсё пасля вельмі дрэннай элекракардыяграмы. Я захісталася крыху і болей эгаістычна падумала пра сябе. Нечаму пачала ратавацца. Сяння думаю, ці варта было? Я ж тут – нікому ўжо не патрэбны чалавек, а шмат хто чакае ўжо нават маёй смерці...
Мастака з Рыгі, здаецца, ведаю. Гэта наш Слава Целеш, напэўна. Цешуся, што наведалі Вас такія мілыя госці. Алега Лойкі толькі нечаму я не люблю. Аднак гэта толькі мае капрызы, з якімі справіцца цяжка.
Учора быў дождж, а мяне пацягнула з апошнімі юргінямі да с.п. Яначкі. Ледзь давезлі мяне, на дарозе падабраўшы, дамоў… 21 кастрычніка быў дзень народзінаў нашага сына. Было аб чым “пагаварыць” са с.п. мужам. Сыну не пісала нічога. Няхай добры Бог ім усё даруе. Я вылечуся, безумоўна, але след застанецца да смерці. Богу дзякаваць, хоць што ўнукі ўмеюць думаць, і жыццё яшчэ не пакарожыла ім душаў.
На наступны год я прыеду на дзень Вашых народзінаў. Напэўна. Суседкі тут мяне даглядаюць. Прыходзяць нанач. У хаце – цёпла. У душы – халадно… У Язэпа Найдзюка крыху “бяда”, але гэта зусім не бяда! Я ім усё напісала, і яны згодныя са мною. У іх нарадзіўся ўнук у Люцынкі, наймалодшай дачкі, якой 29 год. Яна выкладае ангельскую мову ў Мед. акадэміі ў Беластоку. Выгадуе сына сабе на радасць і без бацькі!
Цалую Вас сардэчна і ўсіх шчыра вітаю – Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 17 лістапада 1980 г.
Шчырапаважаны сябра Мікола!
Цешуся, што атрымалі маіх пару слоў. Жадаю Вам поспехаў у працы для юбілею Купалы. Усіх навінаў, аднак, Вы мне не напісалі. Адна студэнтка з эканамічнага факультэта БДУ гаварыла мне, што жанчына, якая выкладае ў іх палітыку, сказала ім, што беларусы прынялі ўжо замест сваёй рускую мову. Ну, “Песняроў”, сказала, яшчэ прызнаваць можна. А Вы пра такую важную “падзею” мне – ні слова! Ці гэта ўжо правіла і факт, ці толькі пажаданне данай выкладчыцы?
Разумееце, стратай для агульналюдскай культуры было б спыненне нашай культуры і мовы! У нас не прымітывізм і адсталасць, а чысціня пачуццяў, адносін чалавечых, працавітасць і павага да людзей, ды чысціня, пакуль што, рэк і вадаёмаў! Гэта выпрацавана вякамі, і таму я часта ў вершах сваіх падкрэсліваю нашую чалавечнасць у масах. На жаль, слабее ўжо гэта пад уплывам іншых “культур”. Напластаванне мудрасці жыццёвай пакаленняў, цесна звязаных з жыццядайнаю прыродай і яе законамі.