Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Вось такое маё жыццё. За мяне не турбуйцеся. Я ўжо буду жыць! Медыкі глядзяць мяне добра. Пісаў Міхасёк. Думае над тым ужо, якою будзе яго будучая жонка. З Менску мне – ніхто ні слова. Ні з кім з іх не буду ўжо гаварыць! Мала ў іх чалавечнасці. А жаль. Народ некалі быў харошы.
Вітаю усіх Вашых хатніх. Вас шчыра цалую – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 17 красавіка 1981 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
Вітаю Вас з Велікоднымі святамі хоць са спазненнем. Была занятаю. Паехала на З’езд беларускіх пісьменнікаў у Менск. Не збіралася і не спадзявалася. Запрасілі мяне, і мне захацелася ўважыць гэты харошы жэст. Крыху баялася, але не шкадую, што паехала. Было цікава. Ёсць над чым думаць. Моладзі – мала, але наагул то даробак нядрэнны. Узаемна сябе крытыкавалі, і гэта важна. Выступалі і госці, і наш Кузмін, і нашыя пісьменнікі і крытыкі, і мае сябры, як Валодзя Караткевіч. Гэты выступаў вельмі добра. Пазнаёмілася там з Я. Саламевічам, успаміналі Вас. Усе цікавіліся маім лёсам і будучыняй. Адчувала сябе крыху як у сям’і. Ажыла з імі. Зусім іншае асяроддзе, творчае, думаючае, надзейнае.
Сумую цяпер яшчэ болей. Крыху злосць, што падае снег. Халаднавата. Многіх я там убачыла, ажылі забытыя знаёмствы. Сустрэча з сябрамі часам расчароўвае, часам вельмі цешыць, ды і са мною было падобнае. Сын выздаравеў. Апошні яго ліст быў прызваіты, добры. Хацелася б толькі нічога і ніколі ў іх не прасіць…
Нейк трэба думаць, як уладзіць жыццё. Спадабаліся мастакі і іх творы. Жаль, не ўсё давялося ўбачыць. Мой быт здаецца мне цяпер шэрым, але жыццё паўзе, збліжаюцца святы. Адзінокай не буду. Трэба спячы нешта, прыгатаваць.
Радуюся за Вас, што Вы ў сямейцы, што мілыя п. Галя і Слаўка пры Вас. Маю цяпер многа праблемаў, над якімі трэба думаць і думаць… Можа, пасля аб чым Вам напішу. Цікава гутарылася з Семяжонам. Ён пераклаў “Пана Тадэвуша” і, здаецца, пераклаў дасканала. Усе былі да мяне добрымі і часамі аж ласкавымі. Відавочна, гэта – да пасівелай маёй галавы.
Цалую Вас сардэчна і яшчэ раз вітаю Вас усіх са святамі.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 28 красавіка 1981 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
Першае, што датычыцца насення і прыправаў, дык акрамя лекаў, нічога болей мне не далі. Пастараюся гэтую справу выясніць, хоць лісты ад сына ідуць дрэнна. Ад другіх асоб зусім не даходзяць. Яшчэ запытаюся ў таго чалавека, калі яго ўбачу ў Зэльве (працуе ён у Дзярэчыне). Я рада, што хоць лекі прывезлі ў парадку.
У нас крыху пацяплела, і святы праходзяць урачыста і міла, хаця пасля майго ваяжу ў Менск (у тоненькіх панчошках) схапілі мяне і радзікуліт, і сэрца, і ўтома са святочнай беганіны і турботаў. Амаль кожнаму трэба было парадзіць, дапамагчы, спячы і сабе нешта прыгатаваць, бо цяпер наязджае да нас святар з Поразава і звычайна затрымліваецца ў мяне, бо я жыву ля цэрквы. Папрасілі мяне аб гэтым нашыя людзі. Я адмаўлялася, што хворая на грыпу, але гэта не дапамагло. Дык я цяпер – нібы ў сям’і на свята. Клопатаў хапае, хоць мне і весялей у маёй адзіноце. Людзі яны вельмі арыгінальныя і цікавыя ў сваім адданні няземскаму. Я болей “зямная” і – далёка не аскет…
На з’ездзе закраналі пакрысе і справу мовы. Смялей гэта зрабіць ніхто не адважыўся, хоць закраналі там і даволі цікавыя, актуальныя і вельмі патрэбныя сяння пытанні. Сябру Саламевіча затрымала я сама. Ведала яго з тэлебачання. Пасля ён падыходзіў да мяне і вельмі міла гаварыў пра Вас, але чакалі другія сябры, і я была – як у цікавым сне.
С. Панізніка не бачыла на зездзе. Зрабіў на мяне ўражанне Я. Семяжон. З ім магла б гаварыць бесканечна. Гэта вельмі інтэлігентны і вартасны чалавек. Цешуся, што ў нас ёсць такія. Нялёгка было яму ўзняць з пылу стагоддззяў і вярнуць народу Гусоўскага…
Сяння ў нас крыху цяплей. Я цяпер, акрамя Вас, амаль нікому не пісала. Без Вас не магу. Люблю Вас вельмі і непакоюся аб Вашым страўніку.
Цешуся, што Валодзя Караткевіч добра яшчэ выглядае, што талковы і энергічны, што дае надзею на новыя творы. Абяцала сябрам, што вазьму савецкае грамадзянства, бо хочуць, каб была – як яны ўсе, а не як нейкая “заморская” птушка. Цешацца з гэтага, а я ўсё думаю, думаю… Толькі сказанага слова назад не вазьму, а там – што ўжо Бог дасць. Трэба дароўваць… Я дароўваю, але не забываюся, бо гэта ад мяне не залежыць…