Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 978-985-7007-44-8
- Жанр: Другая драматургия
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9». Краткое содержание книги:
Дзявяты том склалі кінасцэнарыі 1962–1994 гг.: «Третья ракета», «Альпийская баллада», «Западня» (кінасцэнарый Л. Мартынюка, пры ўдзеле В. Быкава), «Двое в ночи», «Волчья стая», «Долгие версты войны», «Ушедшие в вечность (Обелиск)» (кінасцэнарый В. Быкава, Р. Віктарава), «Его батальон» (кінасцэнарый В. Быкава, пры ўдзеле А. Карпава), «На Чорных лядах» (кінасцэнарый В. Панамарова, пры ўдзеле В. Быкава).
У цішы недзе чутна чвяканне балотнай жыжкі… Зверху мы бачым балота… Над ім сцелецца туман…
Камера апускаецца ўніз, мы бачым, як прабіраюцца праз балота з палкамі ў руках людзі… Восем чалавек…
Наперадзе ідзе Дзед… За ім, след у след, ідуць:
…Камандзір…
…Казак…
…Аўстрыяк…
…Забела…
…Кажухар, з тоўста абматанай анучай правай рукой…
…Валодзька… Апошнім ідзе Мяцельскі… Туман патроху рассейваецца…
У цішыні ўжо дзе-нідзе чуюцца галасы прачнуўшыхся птушак…
Нечакана Мяцельскі, які ішоў ззаду, паслізнуўся і правальваецца ў густую балотную жыжку…
— Валодзька, — здаўлена хрыпіць ён. — Валодзька! Валодзька аглядваецца…
Ён бачыць, як Мяцельскі тоне ў багне…
Валодзька разварочваецца і асцярожна робіць некалькі крокаў да Мяцельскага, працягвае яму сваю палку:
— Трымайся!
Той хапаецца за Валодзькаву палку…
Усе, хто ішоў наперадзе, замерлі, спыніліся…
Нарэшце Мяцельскі патрошку выбіраецца да Валодзькі… Камандзір звяртаецца да Дзеда:
— Наперад!
І зноў зверху мы бачым людзей, якія прабіраюцца праз балота…
Сонца ўжо пачало ўсходзіць угору… Шумяць хвойныя вяршаліны… Нарэшце людзі выходзяць з балота…
Дзед, які ішоў наперадзе, прыпыняецца каля паваленай сасны…
Да яго падыходзіць Камандзір, за ім усе астатнія:
…Казак…
…Аўстрыяк…
…Кажухар з параненай рукой…
…Забела…
…Валодзька…
…Апошнім падыходзіць Мяцельскі…
— Усё! Далей — Янаўка… Курбыка з гэтай вёскі. Тут у яго бацька з маткай і жонка з дзецьмі…
— Прывал! — коратка кідае Камандзір і садзіцца на паваленую сасну.
Людзі стомлена садзяцца на зямлю… Здалёк даносіцца царкоўны звон… Дзед прыслухоўваецца:
— Здаецца, у Янаўцы нешта здарылася. Звон у царкве звоніць.
Камандзір разглядае палеглых на зямлю паўстанцаў…
— Некаму трэба ў вёску ісці. Паглядзець, што там робіцца. Аўстрыяк прыўзнімаецца з зямлі:
— Камандзір, я схаджу. Камандзір аглядае Аўстрыяка:
— Не, табе нельга. Ад цябе за вярсту відаць, што ты паўстанец!
Дзед схіляецца да Камандзіра:
— Валодзьку трэба ісці. Ён яшчэ малы, а гэткіх у вёсцы хапае.
Валодзька, нібы пачуўшы, што размова ідзе аб ім, прыўзнімаецца з зямлі…
Камандзір уважліва глядзіць на Валодзьку:
— Валодзя…
— Ужо іду, камандзір! — Валодзька ўзнімаецца з зямлі, папраўляе на плячы вінтоўку і робіць некалькі крокаў наперад…
— Стой! — Камандзір устае з паваленай сасны і падыходзіць да Валодзькі, здымае ў яго вінтоўку. — Паліто здымі, і боты таксама.
Валодзька здымае паліто і боты…
— Ну, цяпер ідзі. Паслухай, што людзі кажуць, пра паўстанне, пра нас. Ідзі! — Камандзір позіркам праводзіць Валодзьку…
Валодзька асцярожна ступае босымі нагамі, ідзе ў бок вёскі… Наступае цішыня… І толькі недзе непадалёку чуецца трывожнае сакатанне сарок…
Вёска.
Плошча каля вясковай царквы. Пасярэдзіне плошчы стаіць падвода. На ёй ляжаць, прыкрытыя шынялямі, Курбыка і Аксяневіч…
Вакол падводы стаяць чырвонаармейцы з вінтоўкамі. Побач стаяць мясцовыя жыхары…
Чырвонаармейцаў відаць і ў іншых месцах плошчы… Стаяць асядланыя коні…
На краі плошчы стаяць камандзір чырвонаармейцаў і чалавек у скуранцы, з маўзерам на баку…
Да плошчы, з усіх бакоў, чырвонаармейцы зганяюць вяскоўцаў…
Паступова плошча вакол падводы запаўняецца людзьмі… Да Камандзіра і чэкіста падыходзіць чырвонаармеец:
— Ніхто не пазнае! Відаць, не мясцовыя.
— У горад трэба везці, можа, там хто апазнае, — кажа камандзір чэкісту.
— Пачакаем трохі… Не ў гэтай, дык у суседняй вёсцы апазнаюць. Таму што яны заўсёды толькі каля сваіх хат ваююць! — адказвае чэкіст, робячы сабе самакрутку.
Валодзька цераз людзей разглядае падводу. І, раптам, ён увесь напружваецца… Адкрывае рот і ледзь не крыкнуў…
Хуткі наезд камеры на твары Курбыкі і Аксяневіча… Рэтраспекцыя.
Бераг ракі. Цемра. Водблескі стрэлаў… Трымаючыся рукамі за жывот, крычыць Курбыка:
— Да лесу, Валодзька! Бяжы да лесу!..
Валодзька адрывае позірк ад падводы. Асцярожна аглядаецца па баках…
Камера плаўна ідзе па тварах вяскоўцаў… Яны пераглядаюцца паміж сабой спадылба… Пазналі…
І раптам, у цішыні, пачуліся дзіцячыя галасы:
— Мамка, мамка, там татка!.. Татка там!.. Татка!
Ад натоўпу да падводы бягуць дзеці: дзяўчынка (5–6 гадоў) і хлопчык (7–8 гадоў).
— Татка, татка!.. Мамка!.. Татка тутака ляжыць!.. Яны хапаюцца за абвіслую руку Курбыкі… Чэкіст рэзка павярнуўся да камандзіра: