Ночы на Плябанскіх Млынах
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Ночы на Плябанскіх Млынах». Краткое содержание книги:
Жывыя карціны зьмянялі адна другую. Танцоўшчыцы згіналіся ў экзатычных фігурах танцу, самураі біліся на мячах, “рабілі” сабе харакіры… Цемра зьмянялася сьвятлом, цені – фарбамі. Відовішча зачароўвала, так што нават я – дасюль сорамна – на нейкі час забыўся на тую, што думала пра мяне за сотні вёрст адсюль… І зноў патухлі ліхтарыкі… І на асьветленым экране паказалася чарговая карціна – пацалунак жарсьці… Чалавек у касьцюме самурая, плячысты і высокі, цалаваў прагна, уладна… Каго? Так, гэта была пані Ядвіга. Немагчыма было зблытаць ейную паставу, прычоску, сукенку… Дзьве цені, зьлітыя ў адно, застылі на экране, і гэтак жа застылі гледачы… Гэта была больш чым гульня.
Запалілася сьвятло… Экран прыбралі, размовы патроху аднаўляліся… Вядома, вочы ўсіх – ці патаемна, ці адкрыта – шукалі герояў драмы… Пан Яўстафій, аднак, не выглядаў узрушаным, ён па-ранейшаму ветліва ўсьміхаўся, час ад часу падносіў да вуснаў кубак з віном… Можа быць, ён быў пасьвечаны ў незвычайную містыфікацыю? Але калі Любанскі павярнуўся, я заўважыў, як на яго скроні б’ецца жылка… Проста – скронь, сівая скронь немаладога моцнага мужчыны. І цяжкая, упартая пульсацыя – нібы знутры хоча вырвацца неверагоднай моцы шал… І гэтае відовішча чамусьці ўразіла мяне больш, чым калі б Любанскі зараз учыняў харакіры, як героі тэатру ценяў. Я азірнуўся. Пані Ядвіга, па-ранейшаму вясёлая і гарэзная, праходжвалася між гасьцямі. Навошта яна гэта зрабіла? Я дасюль не магу зразумець. Памучыць старога мужа, які яе абагаўляў – як маленькія дзеці мучаюць бацькоў, схаваўшыся і доўга не адклікаючыся на крыкі? Ці хацела намацаць тую мяжу, за якой яе спыняць – некаторым не смакуе жыцьцё без адчуваньня такой мяжы, без супраціву і забароненасьці… Або гэта была проста юная пагарда да ўсіх забаронаў і забабонаў, сьцьверджаная першым сапраўдным каханьнем? Але хто ён, герой раману?
Я мімаволі абводзіў вачыма натоўп, вылучаючы маладых, высокіх, гожых… Можа, гэты – у афіцэрскім мундзіры, з гжэчнымі вусікамі? Або вунь той, у белым сурдуце, падобны да антычнага бога са сваімі кудзеркамі? Ці… той музыка, што стаіць збоку ад бліскучага натоўпу, апусьціўшы скрыпку, і ў ягонай паставе – амаль што пагарда? Колькі такіх цікаўных позіркаў скрыжоўвалася ў той вечар у садзе Лошыцкай сядзібы… Прынамсі, справы аднаўленьня Менскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў цікаўнасьці ня выклікалі ні ў кога. Так званы сьвет… Людзі, што жылі на гэтай зямлі, як прыхадні, не пачуўшы яе, не паспрабаваўшы зразумець яе душу.
Я вярнуўся ў гатэль з прыкрым адчуваньнем калекцыянера, якому дасталася атрутная архідэя, і ад яе загінулі іншыя экземпляры. Так, усё-ткі слова “каханьне” мае больш старажытнае паходжаньне, чым “любоў”… Каханьне – гэта яшчэ з санскрыту. У гэтым слове адгукаецца пракаветнасьць – паганскія капішчы, ахвяраваньне, сьмерць… Бог ты мой…
Праз два месяцы я атрымаў ліст з Менску – сябар, які і завабіў мяне на злашчасны баль, распавядаў, як узрушыла ўсіх месьцічаў сьмерць пані Ядвігі Любанскай. Нібыта ноччу пайшла яна чамусьці да Сьвіслачы, спусьцілася па стромым адхоне, села ў лодку… А лодка перакулілася… Так і знайшлі пані назаўтра ў рацэ. Аўтар пісьма відавочна лічыў, што справа нячыстая. І неадменна ў ёй замешаны стары Любанскі. Іначай навошта гэты дзіўны загад адразу па пахаваньні – замураваць вакно ў пакоі пані Ядвігі? Цела загадаў запаяць у сьвінцовую труну і паставіць у Лошыцкай капліцы… І зьехаў адразу ж на Каўказ…
Праз год я зноў жа выпадкова, з ліставаньня даведаўся, што пан Яўстафій на Каўказе памёр… Але што мне было да чужых сьмерцяў, калі сьмерць стаяла ў галавах блізкага мне чалавека? Ах, Надзея мая, Надзея Раманаўна…
На радзіму я змог наведацца толькі гады праз тры. Ужо з чорнай стужкай на рукаве і на сэрцы. Пабыў тыдні два ў бацькоўскім доме, у Ігуменскім павеце, вылучыў пару дзён на гасьцяваньне ў Менску. Чамусьці пацягнула мяне ў Лошыцу. Я марудна ішоў прысадамі, дзівячыся таўшчыні дрэваў, асаблівай цішыні, якая ў гэтых мясьцінах, і думаў пра тое, што, мабыць, калісьці было тут паганскае мольбішча – колькі я бачыў іх парэшткі, заўсёды нейкая гнятлівая атмасфера. Нібыта праклятыя багі ўсё яшчэ чакаюць новае крыві… Што на беразе Нямігі ў Менску, што на Дзявочай гары ў Вілейскім павеце, што тут… Асабліва, відаць, наводзіла на гэтую думку ўсьведамленьне, што ў глыбіні парку стаіць капліца са сьвінцовай труной пані Ядвігі Любанскай.