Ночы на Плябанскіх Млынах
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Ночы на Плябанскіх Млынах». Краткое содержание книги:
Зося бліснула зялёнымі вачыма – халодная маланка.
— Страшаць баязьліўцы, сьмешаць няцьвёрдыя ў сабе… У маіх акулярах няма ні ружовых шкельцаў, ані чорных, дый увогуле акуляраў ня маю. Прымаю жыцьцё, якім ёсьць. Калі вам не хапае тэатральнага рэквізіту, пашукайце ў каго іншага.
Улад сумеўся.
— І ўсё-ткі так нельга… Памятаеш, у “Беларускай хатцы” паказвалі батлейку? Апошняга, можа, батлейшчыка ў Менску знайшлі… Лялькі аднавілі… Дык “ідэйна правідловая” частка гледачоў пачала гарлаць, што гэта перажыткі і рэлігійная прапаганда, засмуцілі беднага дзядка-батлейшчыка, якога ў свой час жандары ганялі… Што ж гэта будзе, калі мы адмовімся ад прыгожага, ад гульні, ад карнавалу? Ад гісторыяў пра прывідаў і цмокаў? Чалавека робіць адрозным ад жывёлы ня тое, што неабходна, а тое, што залішняе… Тое, што не прыносіць відочнай карысьці. Музыка, сьпевы, паэзія, вытанчаныя краты на балконе палаца, разныя ліштвы на сялянскім доме, вышыўка на рушніку…
— Сустрэчны вецер эпохі садзьме гэта, бы карункавы капялюшык з паненкі, што села на пляцоўку імперыялу, – жорстка запярэчыў Ной, які ўвесь гэты час ляпіў з наплаканага пахавальнымі сьвечкамі воску маленькіх яшчарак. – Малевіч намаляваў свой чорны квадрат – і гэта дзьверы, за якімі пачынаецца невядомы, але адзіна магчымы шлях наперад. Нішто не паўтараецца… Фараонаў малявалі толькі ў профіль, у трагедыях не маглі ў якасьці галоўных герояў выступаць слугі, жанчыны ня мелі права зьяўляцца на сцэне… Хто цяпер запатрабуе таго ж?
Улад спахмурнеў, звычайная іронія пакінула яго.
— Ты кажаш пра прагрэс у мастацтве, але мне сьвет, дзе пануе чорны квадрат, уяўляецца застрашлівым. Будынкі ў выглядзе вялізных шэрых скрынак з квадратамі вокнаў, песьні ўсе з адной бязглуздай фразы і прымітыўнага рытму, і адна газета на ўсіх, дзе тлумачыцца, якія ўсе шчасьлівыя… Ведаеш, калі Платон прыдумляў сваю ідэальную дзяржаву, то хацеў прыблізна такога... Усе мусілі таньчыць і сьпяваць, як яны добра жывуць, а паэтаў належала забіць.
— Ведаеце, калі гэтая адзіная газета і адзіная песьня будзе на беларускай мове, я згодны і з такой сумнай прышласьцю, — задумліва прамовіў пан Беларэцкі. – Але нешта мне падказвае, што спрошчаны да простакутнікаў сьвет ня зьмесьціць нашую цудоўную, неспазнаную беларускую Атлантыду – яна толькі пачынае ўздымацца з мутных хваляў забыцьця, з-пад усялякай набрыдзі… А тут не самабытнасьць вымагаецца, а універсальнасьць… Кіёк замест галінкі…
— Вы проста… стары, — кінуў Ной. – Вы не разумееце, што чалавецтва ідзе да ўзаемаразуменьня – да адной мовы.
— А прырода – да аднае кветкі, аднога дрэва і аднога куста, – насьмешна вымавіў Беларэцкі. – Альбо зьявіцца ўвогуле на ўвесь сьвет расьліна: белы кветка-дрэва-куст…
— А чаму белы? – разгублена папыталася Дарота.
— Таму што ўсе колеры, зьмяшаўшыся, утвараюць ідэальную бель… Але ў жыцьці рэдка здараюцца чыстыя колеры. Без дамешка… Таму, я думаю, патэнцыйная ідэальная прырода будзе шэрай.
Улад, відаць, уявіў гэтую прышласьць, ня вытрымаў і засьмяяўся. Ад гэтага аблічча ягонае на хвілю страціла заўсёдны насьмешна паблажлівы выраз – вызірнуў цікаўны і дурасьліва-наіўны падлетак… Дарота нават таксама нясьмела ўсьміхнулася, гледзячы на маладога артыста, як на асьветленыя сонцам неверагодна лёгкія аблачынкі, на якіх уяўляецца прыўкрасны замак вечнага сьвятла і спакою… Пан Беларэцкі задумліва глядзеў на дзяўчыну, на яе ўсьмешку, і ў шкельцах ягоных акуляраў скакала полымя сьвечкі.
— Старыя майстры лічылі, што ў аснове прыгажосьці – зьвілістая лінія… Любы просты шлях – няпраўда і штучнасьць. І не заўсёды тое, што наўпрост прыцягвае – прадвызначана табе… Мы – усяго толькі маленькія ліхтарыкі, якія вісяць на нябачным дроце праз цемру. Кожны бачыць толькі праз уласнае сьвятло. І ніхто ня бачыць дроту, на якім мы вісім… І толькі мудры можа вылічыць – дзе заканчваецца дрот… І толькі наіўны адчуе – хто яго навязаў… Ведаеце гісторыю з ліхтарамі на сьвяце ў графа Любанскага?
— Не, пан Андрэй, — ажывілася Дарота. – Раскажыце – а то кінуліся ў філасофію, нібы шкаляры ў вазачку з цукатамі.
Чучала цмока зірнула на расказчыка чорным гузікам з жоўтай іскрай у цэнтры, і пан Беларэцкі пачаў расповед.
Было гэта ў адзін з маіх прыездаў на бацькаўшчыну гадоў пятнаццаць таму. Яшчэ жыла мая жонка, але ўжо не магла езьдзіць са мной з-за хваробы. Таму і настрой у мяне быў ня надта… Але пачак выяўленых рукапісаў сямнаццатага стагоддзя, яшчэ адно шкельца ў разьбіты вітраж гісторыі маёй радзімы, мог змусіць мяне да падарожжа нават у чысьцец. Я не захацеў злоўжываць гасьціннасьцю сяброў і, паколькі мог сабе дазволіць, зьняў прыстойны нумар у гатэлі “Еўропа”, якраз калі там пачаў выступаць венскі дамскі аркестр. Як грае згаданы аркестр, я так і не паслухаў, затое рукапісы выкупіў.