Ночы на Плябанскіх Млынах
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Ночы на Плябанскіх Млынах». Краткое содержание книги:
— І ўсё-ткі – няхай лепей хоць водсьвет.
Гэтыя словы Дарота амаль прашаптала. Зося фыркнула.
— Таксама мне, рамантыка… Рэвалюцыя перамагла – вось дзе рамантыка! Хутка сям’я як адзінка грамадства ўвогуле зьнікне. А дзяцей гадаваць стануць камунай.
Пан Беларэцкі нават перажагнаўся.
— Няшчасныя дзеці…
— Ты, Зося, яшчэ ўспомні тэорыю камісаркі Аляксандры Калантай пра тое, што задавальваньне юру мусіць быць не складаней, чым выпіць шклянку вады, – раздражнёна прамовіла Дарота.
— Дарэчы, я нядаўна корпаўся ў архівах, а там чаго толькі не напаткаеш. Дык таварыш Калантай, падобна, з роду спалячаных беларусаў Калантаёў, — задуменна прамовіў Беларэцкі. – Калісьці прозьвішча гучала як Карантай, ад слова “кароткі”… Мне часам здаецца, што беларусы вылепленыя з воску – гэтак лёгка прымаюць любыя формы пад сонцам часу – абы ня быць самімі сабою… Эх, сапраўды, як казаў адзін мой старэйшы калега – каб хто загадаў беларусу быць беларусам, не было б лепшага беларуса… А так… Дакладна па словах Купалы:
Адна са сьвечак замігцела ў апошнім жаданьні жыць – і згасла, ператварыўшыся ў брудную лужыну воску. Мокры вецер ударыў у шыбы, так што астатнія, яшчэ жывыя, агеньчыкі ірвануліся ўбок… Стары дом, стоячы па драўляныя калені ў сакавіцкай вадзе, зарыпеў, ціхутка загаласіў, нібы ў прадчуваньні сьмерці. Пяцёра людзей у ім змоўклі, туга адгукнулася ў іх сэрцах.
— Скончыцца паводка, сыдзем адсюль… І кожны з нас пойдзе ў свой бок, — прагаварыў Ной. – І, магчыма, ніколі мы больш не сустрэнемся, а можа быць, камусьці станецца лепш не сустракацца…
— Што ты такое гаворыш? – устрывожылася Дарота.
— Ён гаворыць праўду, — змрочна патлумачыў Беларэцкі. — Нам выпала жыць у часы пераменаў. А гэта, паводле кітайскай прымаўкі, найгоршы лёс. Ніхто яшчэ ня ведае, дзе варта быць, хто пераможа… Магчыма, нехта з вас будзе кіраваць дзяржавай… Нехта адап’е ад атрутнага кубку славы… А потым сустрэнемся ля адной сьцяны – у вышчарбінах ад куль… І, магчыма, у кагосьці ў руках будзе рэвальвер, а ў кагосьці – пустэча безнадзейнасьці.
— Ну, вы й нагаварылі тут, дзядзька Андрэй, — бесклапотна засьмяялася Зося. – Нават цмок спалохаўся… Пачакайце, мы яшчэ запросім вас на выставу Ноя…
— На якой будуць твае партрэты, Зося! Ты… ты дазволіш мне намаляваць цябе? — Ной глядзеў на дзяўчыну з такой трывогай і напружаньнем, нібыта яна, як дачка Жыжаля, зараз зварухне вейкамі, і агонь спаліць сэрцы.
— Малюй, што мне, шкада…— адказала Зося перабольшана абыякавым голасам. Але Ной не захацеў пачуць гэтай абыякавасьці і з удзячнасьцю дакрануўся да рукі прыгажуні – лёгка, як да аблачынкі… Але рука мастака здрыганулася, нібыта ён сапраўды дакрануўся да агню…
— А вось мае шляхетныя продкі малявальшчыкаў лічылі за дворню, — лена прамовіў Улад. — Праўда, відачынцаў ды блазнаў яны лічылі за яшчэ ніжэйшае саслоўе – як у Індыі каста недатыкальных. Так што я ў іх вачах – ізгой… Вылюдак… Моцныя людзі, уладары свайго часу ня любяць вымыслаў. Нядаўна вычытаў верш нейкага пачаткоўца Кудзелькі пад назвай “Скокі на могілках”:
Проста дзеля нас парада.
Ной скрывіўся.
—Ну, гэта толькі па юначай маладосьці можна рэкнуць… Гэты Кудзелька пад імем Міхась Чарот сам рамантычных вершаў панапісваў. І ніводнай уладзе ня прыйдзе ў галаву, скажам, заараць могілкі або пабудаваць на магілах тэатр.
— Мы яшчэ ня ведаем, на што здольная гэтая ўлада, – пан Беларэцкі падняў каўнер сурдута. Нібыта яму стала холадна. У шыбы зноў ударыў вецер, і дом затрашчэў, зашапталіся па ягоных вуглах цені, нібыта паветнік – страшная шасьцікрылая птушка – выявіў у гаспадарцы недагляд і цяпер грозіць нядбайнаму гаспадару. Улад таксама сьцепануўся, нібы ад сіверу.
— Партрэт свой ня кожнаму можна даверыць пісаць. Выявы, зробленыя асабліва старанна, могуць быць проста небясьпечнымі для сваіх арыгіналаў…
— Што ты выдумляеш? – азваўся Ной. – Партрэт Дарыяна Грэя ўспомніў?
Малады артыст адмоўна паківаў галавой.
— Ды не… Нават мой знаёмы скульптар распавядаў, што калі здымае з каго гіпсавую маску, дык асабліва чуйным асобам пасьля гэтай працэдуры дрэнна, нібыта пасьля крывіпушчаньня. Паспрабуй сфатаграфаваць або намаляваць індзейца або бедуіна – палічыць, што ты яго забіць хочаш… Вунь у мінулым стагоддзі вылавілі ў моры неверагодна гожую драўляную скульптуру, якая ўпрыгожвала калісьці нос карабля. На скульптуры знайшлі надпіс: “Аталанта”… Пакуль давезьлі да берагу – карабельны штурман застрэліўся ад каханьня да гэтага кавалка драўніны. Потым засіліўся наглядчык музею, у які яе зьмясьцілі… Кажуць, праседжваў перад Аталантай дні і ночы, вачэй не адрываючы… Я сам ведаю падобную гісторыю – ад бацькі.