Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Ночы на Плябанскіх Млынах
Ночы на Плябанскіх Млынах - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ночы на Плябанскіх Млынах

Электронная книга - «Ночы на Плябанскіх Млынах». Краткое содержание книги:

Ночы на Плябанскіх Млынах
1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 31
Перейти на страницу:

Сказаць, што я была агаломшаная – не сказаць нічога. Мяне быццам абдало ледзяной вадой, сэрца абарвалася, нібы я скочыла з адхону. Ну а вы, што б вы падумалі на маім месцы? Ніякіх рацыянальных тлумачэньняў у мяне ня мелася. Проста нябожчыца пачула маю шчырую просьбу і вярнула памятны знак. Я дрыжачымі пальцамі ўзяла брошку – так, гэта была яна, голка, вядома, расшпіленая… Радасьць ад нечаканай знаходкі патанала ў містычным жаху. А калі тая, што вярнула брошку, зараз тут, побач са мной? Я ж так яе клікала… Я непаслухмянымі вуснамі прамовіла “дзякуй”, паднялася і рушыла, змушаючы сябе ня бегчы – яна ж можа пакрыўдзіцца… Маліцца… Выратуе адно – шчыра маліцца… Замоўлю за Караліну Марыю імшу… Чым бліжэй я падыходзіла да брамы, да пазбаўленага містычнасьці мітусьлівага местачковага жыцьця, тым больш ува мне высьпявала ўдзячнасьць і яшчэ нешта незвычайна ўзьнёслае, быццам крылы расьлі...

Ня ведаю, як далей павярнуўся б мой лёс – здараюцца імгненьні, якія фармуюць чалавека, як рукі майстрыхі цеста, — калі б не выпадак… Які прыняў аблічча дурня Генуся. Генуся ведала ўсё мястэчка. Худы і прыгорблены, быццам вечна нёс на сабе мех з мукой – Генуся часам, калі ён быў ня вельмі шалёны, бралі на працу на млын. Рот прыадкрыты, зубы – наперад, у вачах сьветлая каламуць, на носе вечная кропля… Ну, што я апісваю – вы самі мусіце ведаць, як выглядае класічны местачковы дурнячок... І вось гэты Генусь падсьлепаватым каршуком кінуўся на мяне… Дакладней, на брошку-лілею, што я несла перад сабой у руках, як прыгаршчу сьвятой вады.

— Не тваё! Не тваё! Аддай! Злодзейка! Злодзейка! – верашчаў Генусь, спрабуючы выхапіць у мяне зьяўленае са сьвежай магілы ўпрыгожваньне. Я ўварочвалася, як ад гарэзьлівага шчанючка, але… містычны жах мой яшчэ пабольшаў. Адразу палезьлі ў галаву легенды пра юрадаў ды блажэнных, надзеленых дарам прароцтва… Каб адкінуць насланьнё, закрычала першае, што прыйшло ў галаву:

— Сам злодзей!

Генусь нечакана змоўк, нібыта яго выцялі, перагнуўся напалам і жаласна заенчыў… У ягоных няўцямных, як далёкая травеньская бліскавіца, словах я нарэшце ўбачыла сэнс, як у віры ўгледжваюць апошняе выйсьце. Брошку забраў з труны Караліны-Марыі Генусь, паколькі небарака быў закаханы, як толькі можа быць закаханым бедны дурнячок у паненку з добрага сямейства. А паклаў на магілу ці таму, што паненка стала яму зьяўляцца ў снах, ці нехта сказаў, што забіраць нешта з труны вялікі грэх, а Генусь быў надта набожны – гэтага я ўжо не разабрала дакладна… Я ледзь здушыла істэрычны сьмех. Падумайце толькі – калі б я выпадкова не напаткала небараку, у мяне б жыцьцё па іншаму склалася! І сёньня, магчыма, была б я якой-небудзь сястрой Ганорыяй, і перабірала б ружанец замест жывых кветак… Я пакінула брошку на могілках. Яна ўжо была мёртвай – нават рэчы робяцца мёртвымі, дакрануўшыся сьмерці… І маці дасюль думае, што яе каштоўнасьць дасталася шчасьлівай нявесьце… Не зьбіраюся яе разупэўніваць. Але… ведаеце… Часам я шкадую, што больш ніколі не давядзецца перажыць тое незвычайнае адчуваньне, нібыта таямніца сусьвету ляжыць у маіх далонях.

Зося скончыла расповед і задумліва глядзела на свае рукі, быццам уяўляла ў іх брошку ў выглядзе лілеі. Улад паціснуў плячыма.

— Думаю, Серапіёнавы браты збэсьцілі б тваю гісторыю. Мала таго, што ніякай містыкі, дык яшчэ і гумару бракуе. І не страшна, і ня сьмешна.

1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 31
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)