Аскепкі вялікага малюнку
- Автор: Аркуш Алесь
- Язык: белорусский
- Жанр: Прочая древняя литература
Электронная книга - «Аскепкі вялікага малюнку». Краткое содержание книги:
Што ж гэта за нацыяналістычныя настроі, якімі набрыньвалі на Полаччыне маладыя літаратары? Адказ на гэтае пытаньне можна знайсьці ва ўспамінах Алеся Звонака пра Валерыя Маракова. Абодва гэтыя паэты мелі гонар пажыць і папрацаваць у Полацку. Вось як апісвае гэты час Звонак: “Была яшчэ адна характэрная асаблівасьць “Маладняку” – гэта яго масавасьць, адсутнасьць замкнутасьці, чым пазьней характарызаваліся такія літаратурныя аб’яднаньні, як “Полымя” і “Узвышша”, яго ня толькі літаратурная, але і шырокая асьветніцкая, папулярызатарская дзейнасьць. Маладнякоўцы ўсталёўваліся ў тагачасных акруговых цэнтрах на сталую працу, узначальвалі так званыя акруговыя філіі “Маладняку”, арганізоўвалі друкаваныя выданьні (часопісы, альманахі, зборнікі). Так апынуўся ў 1925 годзе і я ў старажытным Полацку, дзе зьмяніў Александровіча, які быў прызначаны рэдактарам Клімавіцкай акруговай газеты “Наш працаўнік”. Прыехаўшы па нейкіх рэдакцыйных справах у Менск, я сустрэў Валерыя Маракова. Быў ён бяз пэўных заняткаў, пакрысе друкаваўся, рыхтаваў да друку другую сваю кніжку паэзіі “На залатым пакосе”, матэрыяльна быў не забясьпечаны, вяртацца на бацькаўскую мулярку не хацелася, прывязваў тэхнікум… Ня трэба забывацца на тое, што ў тыя гады існавала беспрацоўе. Я запрасіў Маракова прыехаць часова ў Полацк, папрацаваць, падправіць сваё матэрыяльнае становішча.
Неўзабаве ён прыехаў у Полацк. Тады Полацк і шэраг раёнаў Віцебшчыны былі далучаныя да БССР, установы ўсе пераводзіліся на дзяржаўную мову Беларусі, ствараліся амаль пры кожнай установе гурткі па вывучэньні беларускай мовы. Вось тут Маракову была неабмежаваная педагагічная практыка як студэнту Менскага белпедтэхнікуму.
Працэс гэты называўся тады афіцыйна словам “беларусізацыя” і выклікаў даволі актыўнае пярэчаньне старой часткі царскай чыноўнай інтэлігенцыі, якая засталася ад старых часоў у павятовым горадзе Полацку. Не абышлося і без кур’ёзаў. Мне і выкладчыку Полацкага педтэхнікуму маладнякоўцу Грашчанку камгас вылучыў жыльлёвае памяшканьне ў былой цырульні. Абсталяваўшы яе тэхнікумаўскімі тапчанамі і табурэткамі, змайстраваўшы з нейкіх скрынак стол, мы зажылі самастойна і незалежна ў камгаснай кватэры. Была, праўда, і маленькая нязручнасьць. Уваход быў з вуліцы, і многія жыхары з горада, а таксама прыезджыя з раёнаў па старой памяці з размаху адчынялі дзьверы і пыталіся: “Пастрыгчыся можна? Пагаліцца можна?” На што мы цярпліва адказвалі, што цырульня не працуе, зачыненая і г.д. Вось тут мы і пасялілі В. Маракова. У “цырульню” прыходзілі толькі начаваць. На дзьвярах вешалі паперку “Цырульня зачыненая на рамонт”. А ўвесь вольны час праводзілі ў рэдакцыі, там і “тварылі”. А самым любімым нашым заняткам былі начныя блуканьні па берагах чароўнай Заходняй Дзьвіны, на якой у туманнай далечыні мільгацелі агеньчыкі на плытах, што з парыпваньнем і ўсплёскамі ціха праплывалі міма сівых муроў старажытнага Полацку ў замежную тады Латвію… Любілі пахаджаць і па абсаджанаму клёнамі і бярозамі валу Івана Грознага, што ўзвышаўся над Стралецкай Слабадою зялёным паўкругам… Часьцяком наведвалі славутую Сафійскую горку на лукавіне паміж маленькай Палатой і магутнай Дзьвіной… І міжвольна ў нашых юнацкіх сэрцах абуджалася шчымлівае салодкае пачуцьцё гонару за сваю дзяржаву Беларусь, за яе шматпакутную, замешаную на крыві і сьлязах гісторыю, за яе сьветлую будучыню, у стварэньні якой ёсьць і наш сьціплы ўдзел… Пазьней гэта ўсё называлася “нацдэмаўшчынай”, праявамі “буржуазнага нацыяналізму”, “арыентацыяй на захад”, карацей кажучы, контррэвалюцыяй, а за ўсе гэтыя хадзячыя ярлыкі трэба было пазьней плаціць або жыцьцём, або “вандраваньнем па пакутах” у далёкіх сіберных краях (…)”.
У адрозьненьне ад Валерыя Маракова, Алесь Звонак жыў і працаваў у Полацку больш працяглы час – з 1925 па 1927 год. У 1926 годзе паэт напісаў цыкл вершаў “Полаччына”.