Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Прочая древняя литература » Аскепкі вялікага малюнку
Аскепкі вялікага малюнку - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Аскепкі вялікага малюнку

Электронная книга - «Аскепкі вялікага малюнку». Краткое содержание книги:

«Аскепкі...» — кніга не паэтычная, а эсэістычная. Пад вокладкай, якую ўпрыгожвае фрагмэнт карціны “Знакапіс на мапе майго лёсу” Аркушавай жонкі мастачкі Тацяны Козік, сабраныя асноўныя эсэ і артыкулы Алеся Аркуша, якія друкаваліся ў пэрыёдыцы за розныя гады. У першым эсэ ў кнізе Аркуш піша пра горад, у якім ён нарадзіўся, пражыў ладную частку свайго жыцьця, пасьля чаго трапіў у Полацак. Той горад — Жодзіна. Нягледзячы на тое, што Аркуш даўно пазыцыянуе сябе, як палачанін, у яго застаўся значны сантымэнт да горада свайго маленства. Ён называе Жодзіна найбольш амбітным беларускім горадам, які мусіць яшчэ заняць сваё месца ў беларускай культуры. “Азіяцкі пэрыяд” свайго жыцьця Аркуш апісвае ў эсэ “Гесэ, вярблюды і войска”. Тут ідзе гаворка пра далёкую і загадкавую Манголію, куды Аляксандар Козік быў закінуты воляю лёсу ў зусім яшчэ малым узросьце, потым была яшчэ другая пабыўка, але гэта ўжо ў сьвядомым веку. Азія знайшла сяржанта Козіка ў войску, бо большая частка жаўнераў ягонай роты былі вышлыя з краінаў Сярэдняй Азіі і Каўказу, справіцца зь якімі не было зусім лёгкай задачай. Ёсьць у кнізе невялічкае эсэ, прысьвечанае самвыдавецкаму праекту “Ксэракс беларускі”, які рэдагаваў Аркуш. Сёньня падшыўку таго выданьня спрабуе атрымаць у свае архівы брэмэнская бібліятэка. Аркуш вагаецца, ці аддаваць, б ў яго засталося ўсяго тры камплекты. Мабыць, спадзяецца, што некалі яны яшчэ спатрэбяцца на Радзіме. Кніга не магла не зьмясьціць хрэстаматыйнае эсэ Аркуша “Аскепкі вялікага малюнку”, якая ўласна і дала назву кнізе.
1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 34
Перейти на страницу:

Затым, для кантрасту, я паказаў Гуменюку рэшткі бэрнардынскага касьцёла, што ў поўным занядбаньні ўсё яшчэ глядзяць на сьвет божы ля плоту псыхіятрычнай лякарні. Гумянюк прапанаваў сфатаграфаваць яго на тле тых руінаў, але раптам з розных кутоў выскачылі тры дварнякі і так агрэсыўна пачалі на нас брахаць, што мы хутка рэтыраваліся.

За вячэраю Юры дзяліўся ўражаньнямі. Больш за ўсё яго зьдзівіла тое, што ў Полацку ня носяць модных мужчынскіх туфляў з тупымі насамі. „У Горадні моладзь толькі ў такіх і ходзіць“, — патлумачыў паэт-постмадэрніст, аўтар незабыўнага верша „Я камуністам шлю вітаньне“.

Гумянюк уяўляе Полацак іншым: з матэлямі, шыкоўнымі кавярнямі, прыгожымі, вясёлымі жыхарамі, нэонавай рэклямаю, мадэрновымі будынкамі са шкла і бэтону. „Там процьма людзей, самаходаў і супэрсучасны дызайн (…) А тут — беларускі камбайн.“ Неадпаведнасьць, так бы мовіць, уяўленьню-жаданьню.

Усе мае ўражаньні ад Полацку — як аскепкі нейкага вялікага малюнку, можна разглядзець толькі фрагмэнты, кавалачкі, якіх шмат-шмат — дзясяткі, сотні, тысячы, — бывае, самы дробны і нязначны трывала кружляе ў мазгох. А нешта гістарычнае прыходзіцца зь цяжкасьцю прыгадваць-узнаўляць.

Тры гады таму на Дзяды позна ўвечары, калі людзі павярталіся з працы, я езьдзіў з уніятамі да крыжа ў Бельчыцы. Гэты вялікі мэталёвы крыж уніяты ўсталявалі на месцы масавых забойстваў палачан у часы сталінскага тэрору. У кожнай беларускай мясьціны ёсьць свае Курапаты. Было халодна, ішоў дробны дождж. Сьвечкі ўвесь час задзьмухваў моцны вецер. Традыцыйна, напрыканцы набажэнства, супольна прачыталі малітву за беларускі народ. У Бельчыцы нас прывёз на ўніяцкім аўтобусіку Мікола Шарах, старшыня полацкай грэка-каталіцкай суполкі. Мне закарцела адведаць нейкую канкрэтную магілу. Да каго? Пачаў узгадваць. Ё-маё, нават магіл не засталося ў спадчыну. Адзінае, што згадаў, — Янка Журба, пахаваны на Ксавэраўскіх могілках. Едзем на Ксавэрыю. Міхась Баўтовіч пры сьвятле месяца хутка адшукаў патрэбную магілу. Запалілі й паставілі ля пліты з імем сьвечку. Прачыталі малітву. Сьвечка, на дзіва, ня гасла — здаецца, ужо не гарыць, але празь нейкі міг агеньчык зноў бярэцца на поўную сілу... Гэты позьні вечар на могілках помніцца выразна.

Іван Івашын выбраў сабе пакутны псэўданім і, як таго патрабуе клясычны беларускі лёс, зьведаў шмат журботных хвілінаў, асабліва пры бальшавікох. Апошнія свае гады ён дажываў у Полацку сьляпым і ў страшэннай галечы. У Саюзе пісьменьнікаў пра Журбу згадалі напярэдадні яго 80-годзьдзя. Вырашылі павіншаваць дзядзьку Янку. Прадстаўнічая пісьменьніцкая дэлегацыя прыляцела самалётам у Полацак (падзеі адбываліся ў сакавіку 1961 году). Урачыстасьць, аднак, прыйшлося адмяніць. Журба за колькі дзён да юбілею моцна абпаліў сабе твар керагазам, ляжаў у больніцы. Пісьменьнікі гэтым жа рэйсам адляцелі назад у сталіцу.

Уладзімер Арлоў у кнізе „Таямніцы полацкай гісторыі“ некалькі старонак адвёў пад расповед пра лёс полацкага ўніяцкага мітрапаліта Фларыяна Грабніцкага. Менавіта дзякуючы яго клопату ў 1750 годзе быў адбудаваны Сафійскі сабор (пасьля таго як храм у 1710 годзе ўзарвалі расейцы), праўда, адбудаваны ён быў у іншым выглядзе — у стылі віленскага барока. Але толькі за аднаўленьне галоўнай полацкай бажніцы палачане мусілі б шанаваць імя Грабніцкага. Памяць жа аб ім у Полацку вельмі хутка зьнікла, адразу ж па ліквідацыі ў Беларусі Уніі. Прычым у ХХ стагодзьдзі лёс двойчы вяртаў магілу Грабніцкага палачанам. Пра першы выпадак падрабязна напісана ў арлоўскай кнізе. У 1913 годзе прах мітрапаліта быў знойдзены ў сьцяне царквы сьвятой Сафіі. Усё, што было каштоўнага ў пахаваньні высокай духоўнай асобы, камісія, створаная з нагоды гэтага выпадку на чале з гісторыкам Аляксеем Сапуновым, забрала, а прах вярнула на ранейшае месца. Другі раз на парэшткі Грабніцкага натрапілі ў 1972 годзе — будаўнікі мацавалі ў храме батарэі ацяпленьня. (Пра гэтую гісторыю Арлоў чамусьці не напісаў у „Таямніцах“.) Прах мітрапаліта зноў патурбавалі. Гэтым разам Грабніцкага ніхто не зьбіраўся вяртаць у сьцяну царквы, якую ён жа й пабудаваў. Чалавека проста выкінулі з уласнага дому. Тое, што ўяўляла хоць нейкую каштоўнасьць, напрыклад, рэшткі мантыі і частку праху (напрыклад, фалянгі ў пальчатках), забралі ў фонд краязнаўчага музэю, а вялікія косткі закапалі ў зямлю. Хто закапаў і дзе, я даведацца ня здолеў. Можа хто і ведае, пэўна ж — ведае, але не прызнаецца. Я ж дачуўся пра іншае: сёньняшнія полацкія ўніяты, гадоў пяць таму, забралі з фондаў Полацкага музэю-запаведніка ўсё тое, што засталося ад праху мітрапаліта Грабніцкага. Як паўнаўладныя спадкаемцы. Цяпер рэліквія захоўваецца ў царкве сьвятой Параскевы Полацкай. Уніяты сьцьвярджаюць, што прыйдзе час, і мітрапаліт вернецца ў Сафійскі храм.

1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 34
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)