Аскепкі вялікага малюнку
- Автор: Аркуш Алесь
- Язык: белорусский
- Жанр: Прочая древняя литература
Электронная книга - «Аскепкі вялікага малюнку». Краткое содержание книги:
Галоўнымі культурнымі цэнтрамі ў Полацку, як таму і належала быць, сталі моладзевыя асяродкі педтэхнікуму і ляснога тэхнікуму. Менавіта са студэнтаў гэтых навучальных установаў полацкая філія “Маладняку” актыўна пашырала кола сваіх сяброў. Выпускнік 1930 году Полацкага педтэхнікуму пісьменнік Генрых Героднік у сваіх успамінах, якія ён напісаў у 1972 годзе, згадвае: “Многие увлекались поэзией, литературой. И не только платонически – пробовали свои силы, состояли в литературном объединении “Маладняк” или мечтали стать маладняковцами. В моей учебной группе маладняковцами были Сымон Лесничий, Язэп Козик, Лында, Тарас Хадкевич. Много читала и глубоко изучала литературу Нина Войтович. Сейчас Тарас Хадкевич – известный белорусский писатель, Нина Войтович – доктор филологических наук, фольклорист”.
Студэнты арганізоўвалі свае ўласныя літаратурныя вечарыны, а таксама наладжвалі сустрэчы з вядомымі сталічнымі паэтамі і празаікамі. Вялікія агульнагарадскія сустрэчы прайшлі 21 чэрвеня 1925 года, 11 траўня, 28 лістапада 1926 году, 24 сакавіка 1927 году з удзелам Янкі Купалы, Міхася Чарота, Змітрака Бядулі і шматлікіх маладнякоўцаў. Вечарыны з удзелам полацкіх маладнякоўцаў ладзіліся ледзь не штотыдзень. Вось што згадвае ў сваіх успамінах выпускнік Полацкага ляснога тэхнікуму 1927 году А. Пажарскі: “В техникуме проводилась большая общественная, спортивная и культурно-массовая работа. На наших вечерах частым гостем был Петрусь Бровка, работавший в то время в газетах “Чырвоная Полаччына” и “Полоцкий пахарь” и уже писавший стихи. Вечера с его участием проходили живо, интересно и с большой пользой для нас. Среди студентов были и свои писатели, и поэты. Например, пьесы, написанные студентом Дашковым, и стихи студента Дождева использовались самодеятельностью на сцене техникума. Многие из нас писали в полоцкую газету, выпускали свои стенные газеты (…)”.
Аднак, безумоўна, галоўным цэнтрам літаратурнага жыцьця тагачаснага Полацку зьяўлялася газета “Чырвоная Полаччына” (рускамоўная газета “По праіснавала ўсяго з 1924 па 1926 год, у 26-ым яна перайшла на беларускую мову і пачала называцца “Чырвоная Полаччына”). У гэтай зьмене немалую ролю адыгралі маладнякоўцы, якія практычна выдавалі яе ўласнымі творчымі сіламі. Напрыклад, у 1926 годзе ў “Чырвонай Полаччыне” працавалі выключна маладнякоўцы. Вось як гэта згадвае тагачасны рэдактар і маладняковец Сьцяпан Сямашка: “Я пачынаў спрабаваць свае літаратурныя сілы яшчэ ў Чырвонай Арміі ў час грамадзянскай вайны. Вярнуўшыся ў 1921 г. з арміі, пачаў друкаваць свае заметкі спачатку ў “Полоцком пахаре”, а затым у “Чырвонай Полаччыне”.
Увосень 1926 г. Полацкі акруговы камітэт партыі прызначыў мяне рэдактарам газеты “Чырвоная Полаччына”. Страшнавата было. Пісаць нататкі і артыкулы зусім ня тое, што кіраваць газетай, тым больш ня маючы сьпецыяльнай журналісцкай адукацыі. Прыйшлося і працаваць у газеце, і займацца самаадукацыяй у галіне газетнай справы.
Газета выходзіла 4 разы на тыдзень, але вялікім фарматам, і таму нямала патрэбна было матэрыялу, каб запоўніць 4 паласы. Штат жа рэдакцыі быў невялікі – усяго 4 чалавекі разам з рэдактарам. Аддзелаў у рэдакцыі не было. Праца была разьмеркавана наступным чынам: рэдактар, апрача агульнага кіраўніцтва, пісаў перадавыя, падбіраў і апрацоўваў матэрыялы ў партыйны аддзел газеты; сакратар рэдакцыі Пятрусь Броўка падбіраў і апрацоўваў матэрыялы рабочай і сялянскай моладзі, вёў перапіску з рабселькарамі; астатнія 2 таварышы – Тарас Хадкевіч і Янка Скрыган – лічыліся літработнікамі і выконвалі ўсе даручэньні рэдактара і сакратара, апрацоўвалі матэрыялы, выконвалі абавязкі рэпарцёраў у горадзе. Газета мела ў той час каля 200 актыўных рабкараў і селькораў, з якімі рэдакцыя трымала пастаянную сувязь. З ліку лепшых рабселькараў асобныя таварышы залічваліся на работу ў рэдакцыю. Так было са Сьпірыдонам Міхальцовым і Эдуардам Самуйлёнкам. Вакол газеты групаваліся маладыя сілы Полаччыны”.
У розныя часы сябрамі Полацкай філіі “Маладняку” былі: Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Пятрусь Броўка, Алесь Звонак, Валеры Маракоў, Эдуард Самуйлёнак, Ян Скрыган, Сьцяпан Сямашка, Паўлюк Шукайла, Тарас Хадкевіч, Сымон Хурсік, Ганна Брэская, Язэп Козік, М.Грашчанка, П.Крывіцкі, С.Мілевіч, Я.Падабед, К.Пчалкоў, Р.Хвойка (Пугач) і шматлікія іншыя маладыя творцы.
Пасьля ад’езду з Полацку Дудара, кіраўніком мясцовай філіі “Маладняку” стаў Алесь Звонак, які замяніў Александровіча ў полацкай газеце. У 1926 годзе на чале полацкіх маладнякоўцаў стаў Сьцяпан Сямашка, затым – Сымон Хурсік, а з сакавіка 1928 году да ліквідаваньня “Маладняку”, якое адбылося ў лістападзе 1928 году, філію ачольваў Тарас Хадкевіч.