Аскепкі вялікага малюнку
- Автор: Аркуш Алесь
- Язык: белорусский
- Жанр: Прочая древняя литература
Электронная книга - «Аскепкі вялікага малюнку». Краткое содержание книги:
Паспрабуйце ўявіць які-небудзь больш-менш значны польскі касьцёл без мэмарыяльных плітаў і магілаў вядомых палякаў. Уявіць цяжка. Да чаго падобны Сафійскі сабор бяз гэтых лёсаў-рысак на скрыжалях айчыннай гісторыі? Абрабаваны храм!
Часта перачытваю разьдзел „Полацак“ з кнігі Яна Баршчэўскага „Шляхціц Завальня“, якую пераклаў з польскай Мікола Хаўстовіч. Пачатак памятаю, як верш: „Мінаю пушчы і вось на шырокай раўніне бачу горад Полацак. Званы сьв. Стафана, на замкавай гары — царква сьв. Сафіі, якія, стоячы ў тумане, здаецца, імкнуцца да воблакаў; іх постаці-веліканы пануюць над горадам і над усёй ваколіцай…“ Рэдагуючы рукапіс, выдавец кнігі Рамуальд Падбярэскі ня вытрымаў і дапісаў: „Калі выпраўляў карэктуру гэтага аркуша, міжволі апанавалі мяне пачуцьці. Думкі мае, акрыленыя ўспамінамі, імчаць да празрыстых вод Палаты. Памятаю грандыёзныя купалы гораду, які магу назваць родным; сьціплую дахоўку сьвятога для мяне будынка (езуіцкага калегіюму. — А.А.), яго доўгія калідоры і прыцемак сьвечак у вялікім касьцёле…“
Каб так палюбіць Полацак, не абавязкова быць сэнтымэнтальным.
Маё ўлюбёнае месца для шпацыраў — поплаў ля Палаты, якая абгінае ніжні і верхні замкі. Мне здаецца, што я беспамылкова магу пазнаць, дзе раней стаялі млыны на рэчцы, дзе былі масткі ў горад. Тут неверагодна маляўнічыя краявіды, зь нейкай боскай ціхай прыгажосьцю. Можна залезьці ў раку, каб адчуць босымі нагамі яе спрыт і энэргію. Вада ў Палаце бяжыць хутка, нават цяжка трымаць раўнавагу. Нахіляешся і дастаеш з вады цагліну — клясычная плінфа, з такіх цаглінаў будавалі ў Полацку ў Х–ХІІІ стст. Шкада выкідаць — панясу дамоў, падару каму-небудзь з гасьцей. (Вітаўту Чаропку было дазволена на маім гаўбцы выбраць любую — спыніўся на самай вялікай, ледзь улезла ў партфэль. Задаволены, павёз цагліну ў Менск — часьцінку сапраўднага Полацку.)
На мінулым тыдні ў госьці завіталі Пятро Васючэнка зь сямейнікамі — Пятро прыехаў на гадавіны па бацьку. Яго жонка, археоляг Ніна Здановіч, бадай, лепшы спэцыяліст па беларускай кераміцы і кафлі, неаднойчы дасьледавала Полацак. Паказаў ёй свае знаходкі. Сярод рознага „мэталалому“ чаго яна толькі не ідэнтыфікавала. Але найбольш мяне ўразіла „апазнаньне“ маёй апошняй знаходкі — Ніна ўзяла ў рукі чарговую жалезіну і кажа: „А вось гэта звычайная шпора, прычым старая, як мінімум стагодзьдзе дванаццатае-трынаццатае“. Прызнацца, калі я яе знайшоў, амаль ля самага майго пад’езду, побач са школьным футбольным полем, я падумаў, што гэта нейкі кочат. Але ўсё адно забраў дахаты. Гэтую жалезку да мяне, напэўна, бачылі дзясяткі людзей.
Гэтак жа няпроста ўбачыць Полацак.
2000 г.
Полацак жывы літаратурай
Развой літаратурнага жыцьця на Полаччыне ў 20-х гадах XX стагоддзя беларускія літаратуразнаўцы слушна зьвязваюць з утварэньнем у старажытным горадзе акруговай філіі ўсебеларускага літаратурнага аб’яднаньня “Маладняк”. Крыніцы, якія сьведчаць пра тыя падзеі, аднадушна, без ніякай блытаніны, паведамляюць: філію заснаваў малады паэт Алесь Дудар, якому на той час было ўсяго 20 гадоў...
Варта крыху спыніцца на гэтай постаці. У Полацк Дудар прыехаў ня проста летуценным юнаком, які піша вершы, – ён на той час ужо зьяўляўся адным з заснавальнікаў літаратурнай арганізацыі “Маладняк” (была ўтвораная ў 1923 годзе). Друкавацца Дудар пачаў з 1921 году, гэта значыць, з сямнаццацігадовага ўзросту. На пачатку сваёй літаратурнай дзейнасьці друкаваўся пераважна ў газеце “Савецкая Беларусь”, з якой доўгі час супрацоўнічаў. Большасьць літаратуразнаўчых крыніцаў паведамляе, што “галоўным ініцыятарам стварэньня арганізацыі (…) быў М.Чарот”. Гэты не зусім дакладны факт быў прыдуманы савецкімі літаратуразнаўцамі, а затым патрапіў у постсавецкія літаратуразнаўчыя крыніцы. Міхась Чарот сапраўды быў адным з самых аўтарытэтных лідэраў “Маладняку”, але ініцыятарам стварэньня гэтай літаратурнай суполкі ён ня быў. Вось як апісвае паўставаньне “Маладняку” Дудар у сваіх успамінах-пакаяньні, якія ён пісаў у турме НКВД: “У 1923 годзе нейкі Беларусаў, які хварэў на пісьменьніка, рабіў спробы стварыць пісьменьніцкую арганізацыю. З гэтых спробаў нічога не выходзіла, бо ў яго не было пэўнага крытэрыя ў падборы сяброў гэткае арганізацыі. Сходы, якія склікаліся ім, ні да чаго не прыводзілі, і пасьля аднаго з такіх сходаў мы з Александровічам парашылі плюнуць на іх і ўзяцца за заснаваньне арганізацыі маладых пісьменьнікаў, якія к таму часу больш саветызаваліся. Мы пагаварылі аб гэтым з Вольным, і вынікам гэтага зьявілася заснаваньне групы, а пасьля і аб’яднаньня “Маладняк”.