Аскепкі вялікага малюнку
- Автор: Аркуш Алесь
- Язык: белорусский
- Жанр: Прочая древняя литература
Электронная книга - «Аскепкі вялікага малюнку». Краткое содержание книги:
У Полацкую філію “Маладняку” ўваходзілі ня толькі жыхары Полацку, але і моладзь з навакольных мястэчак і вёсак. Так Сымон Хурсік пасьля сканчэньня Менскага педтэхнікуму настаўнічаў у мястэчку Валынцы і зьяўляўся актыўным сябрам Полацкай філіі “Маладняку”, праўда, неўзабаве ён пераехаў у Полацк і пачаў працаваць у “Чырвонай Полаччыне” і нават нейкі час узначальваў полацкі “Маладняк”.
Ян Скрыган і Паўлюк Шукайла працавалі ў Расонах і таксама хінуліся да полацкіх маладнякоўцаў. Ян Скрыган у сваёй аўтабіяграфічнай аповесьці “Кругі” наступным чынам апісвае тыя часы: “Неўзабаве я пераехаў на работу ў “Чырвоную Полаччыну” (маецца на ўвазе, з Расонаў. – А.А.). Горад, газета, зноў друкарскія фарбы – гэта было больш па душы. Дый рэдактарам быў найдабрэйшы чалавек – Сьцяпан Сямашка. А сакратаром рэдакцыі – Пятрусь Броўка. (…).
Найбольш мы любілі Сямашку, мабыць, за тое, што ён нам верыў. Мы рабілі газету з нейкім сьвятым адчуваньнем. Броўка пісаў вершы. Простыя, даступныя, і мне было шкода, што я ад гэтага адступіўся (маецца на ўвазе, кінуў пісаць вершы. – А.А.). Вакол газеты гуртаваўся літаратурны актыў. У Валынцах настаўнічаў Сымон Хурсік, ён ужо быў вядомы пісьменьнік, меў кніжку ў маладнякоўскім выданьні – “Першы паўстанак”, і калі прыязджаў, то мы бачылі ў ім старэйшага. Да нас час ад часу наязджалі з Менску – Андрэй Александровіч, Алесь Дудар, Анатоль Вольны. Наставала патрэба выдаваць свой альманах. Разам з менскімі пісьменьнікамі выдалі два альманахі: “Наддзьвіньне” і “Росквіт”.
Насамрэч полацкія маладнякоўцы выдалі тры літаратурныя альманахі: у 1926-м годзе “Наддзьвіньне”, у 1927-м – “Росквіт”, у 1928-м – “Зарніцы”. Акрамя таго вершы і проза палачанаў шырока друкаваліся ў газеце “Чырвоная Полаччына” і цэнтральных беларускіх выданьнях.
Пасьля ліквідаваньня літаратурнага аб’яднаньня “Маладняк”, традыцыі, створаныя маладнякоўцамі, жывілі культурнае жыцьцё Полацку, бадай, да самага пачатку другой сусьветнай вайны. Выпускніца Полацкага педтэхнікуму 1935 году літаратурны крытык Марыя Барсток у сваіх успамінах, якія напісала ў 1972 годзе па просьбе дырэктара Полацкага педвучылішча Пятра Пацэя, згадвала: “Быў у нас і літгурток, якім кіраваў У.С. Шчасны (дарэчы, бацька вядомай мастачкі Нінэль Шчаснай. – А.А.). Стараста гуртка – Тэрэнт Лясовіч пісаў добрыя вершы і супрацоўнічаў у газеце “Чырвоная Полаччына”. Хадзіў да нас у гурток і Рыгор Канавалаў (цяпер старшыня камітэта па друку), хаця ён вучыўся ў лясным тэхнікуме. На вялікі жаль, Т.Лясовіч загінуў у час вайны, так і не пасьпеўшы выпусьціць свой першы зборнік. У Полацку ў свой час працавалі П.Броўка, Э.Самуйлёнак, там былі філіі “Маладняку”, і дух літаратуры, паэзіі вітаў над намі”.
На жаль, ня ўсе маладыя творцы, якія пачыналі літаратурную дзейнасьць у полацкіх літаратурных суполках, адбыліся як літаратары. Частка з іх спыніла сваю літаратурную дзейнасьць па волі жыцьцёвых абставінаў, частка полацкіх маладых літаратараў загінула ў віхуры другой сусьветнай вайны, частка патрапіла пад рэпрэсіі, або спыніла літаратурную дзейнасьць з-за страху перад рэпрэсіямі. Шмат хто з гэтых юнакоў і дзяўчат, актывістаў полацкіх літаратурных суполак, былі насамрэч здольнымі творцамі. Вось як Марыя Барсток у 1972 годзе пісала пра Тэрэнта Лясовіча ў прыватным лісьце да дырэктара Полацкага педвучылішча Пятра Пацэя: “У нас быў літгурток. Ім кіраваў І.С. Шчасны. Старастам гуртка быў Тэрэнт Лясовіч. Т. Лясовіч загінуў у час вайны. Паколькі ён ня быў членам Саюза пісьменьнікаў, то ў даведніках няма нічога аб ім. А між тым, гэта быў добры паэт. Можа Вы знойдзеце яго родных, членаў сям’і, фота і зьвесткі аб ім, тады можна будзе ставіць пытаньне аб занясеньні яго імя на Дошку (маецца на ўвазе мемарыяльная дошка з імёнамі беларускіх пісьменьнікаў, якія загінулі падчас другой сусьветнай вайны, гэтая дошка знаходзіцца ў Доме літаратараў. – А.А.) і ўключэньні ў даведнік”. На жаль, гэтая задума не была рэалізаваная.
Сёньня прысьпеў час вярнуць асобныя імёны полацкіх літаратараў 1920-30 гадоў у беларускую літаратуру. Першай ластаўкай у гэтым кірунку стаў выхад паэтычнага зборніка Ганны Брэскай “Настурцыі”, які пабачыў сьвет у серыі “Бібліятэка часопіса “Калосьсе” у 2000 годзе.
Сакавік, 2003 г.
Рызыкоўная барацьба намэнклятуры
Ці можна было ўратаваць Беларусь ад сталінскага генацыду? Так, калі б яе да 1930 году ўдалося адарваць ад СССР. Беларускім нацыянал-камуністам проста не хапіла на гэта часу.