Аскепкі вялікага малюнку
- Автор: Аркуш Алесь
- Язык: белорусский
- Жанр: Прочая древняя литература
Электронная книга - «Аскепкі вялікага малюнку». Краткое содержание книги:
Я, далібог, быў шчыры.
Гэтак жа можа здарыцца, калі вы ўпершыню прыедзеце ў Полацак. Неаднойчы чуў у ягоны адрас: правінцыя, глухамань, дзірка, балота, дзіч… Нават калі вы заканспэктуеце кнігу Ўладзімера Арлова „Таямніцы полацкай гісторыі“ і вывучыце на памяць верш Рыгора Барадуліна „Полацкі мэнталітэт“, ніякай гарантыі мець ня будзеце. Ну, пабачыце Сафійку, заўважыце ў расповедзе экскурсавода прыкрыя гістарычныя хібы, дакранецеся рукой да „мацерыковых“ радоў плінфы, праслухаеце паўгадзінны арганны канцэрт, сфатаграфуецеся на тле Барысавага каменя; ну, укленчыце ля рáкі з мошчамі сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, складзеце ў Спаскай царкве малітву за беларускі народ, а калі пашанцуе, прыкладзецеся вуснамі да дубліката Крыжа Эўфрасіньні, які вырабіў наш сучасьнік Мікола Кузьміч; ну, паблукаеце ўздоўж парослых хмызьняком дзьвінскіх берагоў, зноў-такі, калі пашанцуе, знойдзеце „барацінку“; ну, наведаеце сем полацкіх музэяў, у музэі беларускага кнігадрукаваньня пабачыце арыгіналы кніг Вацлава Ластоўскага, таго, які напісаў пра Полацак легендарныя „Лябірынты“ — тэкст-шыфр, тэкст-напамін, тэкст-запавет; ну, патрапіце на чарговы турнір рыцараў з клюбу „Жалезны воўк“; ну, наведаеце ўніяцкую царкву сьвятой Параскевы Полацкай, пабачыце там абраз сьвятога Язафата Кунцэвіча, які зрабіў для палачанаў Алесь Пушкін, даведаецеся, што храм у сярэдзіне 90-ых збудаваў за пару гадоў айцец Бэнэдыкт, якога неўзабаве пасьля Полацку, у трыццацігадовым веку, прызначылі генэралам манаскага ордэну студытаў; ну, наведаеце касьцёл сьвятога Андрэя Баболі і даведаецеся, што мошчы сьвятога Андрэя раней захоўваліся ў Полацку, а цяпер іх трымаюць езуіты ў Варшаве (калі я хацеў летась сустрэцца з пробашчам санктуарыя сьвятога Анджэя Баболі ў Варшаве і прадставіўся сакратарцы журналістам з Полацку, дык мяне старанна пазьбягалі ўсе тры дні, пакуль я дамагаўся аўдыенцыі ў варшаўскіх езуітаў); ну, пабачыце рэшткі бэрнардынскага касьцёла сьвятой Ганны, заглянеце за плот псыхіятрычнай лякарні, якая месьціцца ў жылых карпусах былога кляштара бэрнардынаў; ну...
І што з таго, калі вы ўсё гэта пабачыце-пачуеце-дазнаецеся? Калі вы не гатовыя зразумець Полацак, наўрад ці вас крануць турыстычныя славутасьці старажытнага гораду на Дзьвіне.
Паэт-пчаляр з Пружаншчыны Мікола Папека наведаў Полацак упершыню сёлета ў красавіку, прыехаўшы атрымаць літаратурную прэмію Таварыства Вольных Літаратараў „Гліняны Вялес“ за лепшую мастацкую кнігу году. Вядома, я, як гаспадар, мусіў паказаць шаноўнаму госьцю легендарныя мясьціны. Пасьнедаўшы, мы выправіліся пешшу да Сафійскага сабору. Ішлі ўздоўж берага Палаты да пешаходнага мастка праз рачулку, затым нетаропка, аглядаючы прыгожыя краявіды, падняліся на ўзгорак да Сафійкі. Найперш падышлі да Барысавага каменя. Валун са старажытнымі надпісамі Папеку ўразіў надзвычайна. Паэт старанна, на зрок і навобмацак, вывучаў камень, як селянін каня на кірмашы. Саму Сафійку ён аглядаў без энтузіязму — вядома, паганец. Затое камень увесь час не выходзіў у яго з галавы. Блукаючы са мною па вулках веснавога гораду, мераючы ручаіны сваімі чаравікамі, ён доўга тлумачыў мне, што калі валуну не зрабіць дашка, хаця б якой стрэшкі, каб ратаваць ад вады, дык ён загіне. Лепш, казаў ён, зрабіць над каменем якое-кольвечы збудаваньне, што дазволіла б падтрымоўваць вакол помніка прыроды і культуры стабільны тэмпэратурны рэжым. Вада, мароз, сонца, вільгаць скарачаюць жыцьцё каменя.
А што тады казаць пра нас, сьмяротных?
Кожны з далучаных да беларушчыны хоча пабачыць у Полацку нешта сваё, добра вядомае, зразумелае і чаканае. Знайсьці ілюстрацыі да ўласнага ўяўленьня аб зыходным, аб пачатку. Нехта называе горад сталіцай Крывіі, нехта калыскай беларускага ўніяцтва, нехта, згадваючы „прывілей“ Усяслава Чарадзея, — апошнім прытулкам паганства, нехта — галоўным месцам паломніцтва для беларусаў, маючы на ўвазе месца спачыну патронкі Беларусі, сьвятой Эўфрасіньні, нехта — сталіцаю беларускага духу, легендаў, мітаў і эзатэрыкі.
Паэт Юры Гумянюк шмат разоў быў у Полацку, але ўдвух паблукаць па горадзе нам давялося толькі сёлета ў жніўні. Я вырашыў паказаць яму, шчыраму гарадзенскаму каталіку, касьцёл, які ў сярэдзіне 90-ых паўстаў у Задзьвіньні на месцы кінатэатру „Юбілейны“. Будынак кінатэатру быў перабудаваны ў храм божы. Перш чым патрапіць у сярэдзіну касьцёла, я запытаўся ў гаспадароў дазволу. Малады ксёндз Чайкоўскі папярэдзіў, што ў сьвятыні ідзе прыборка, таму аглядаць яе будзе не зусім зручна — шмат пылу. Мы ўсё адно зайшлі. Днём тут нешта рабілі будаўнікі, а цяпер жанчыны прыбіралі друз. Вечаровыя промні, што ўрываліся ў храм праз вокны з заходняга боку, пераліваліся ў стаўпах пылу. Мы ўважліва агледзелі чатыры фрэскі, што нядаўна скончыў маляваць Уладзімер Кандрусевіч, сын вядомага кампазытара. Я сам бачыў гэтыя працы ўпершыню. Па шчырасьці, яны ня вельмі мяне ўразілі. Засучасныя, нібыта проста вялікія карціны на рэлігійную тэматыку. У іх адсутнічае нейкае сымбалічнае абагульненьне, нейкая хрэстаматыйная мэтафарычнасьць, якую заўжды заўважаеш у старажытных фрэсках. Праўда, я магу й памыляцца. Магчыма, празь нейкі час гэтыя фрэскі будуць сярод галоўных славутасьцяў Полацку. Чаму не? Інакш не было б разьвіцьця. Людзі нечага б дасягнулі, а далей — сьцяна. Але немагчымага не бывае. Усё магчыма. Галоўнае — імкнуцца, верыць і ўпарта працаваць.