Аскепкі вялікага малюнку
- Автор: Аркуш Алесь
- Язык: белорусский
- Жанр: Прочая древняя литература
Электронная книга - «Аскепкі вялікага малюнку». Краткое содержание книги:
Гісторыя ня любіць умоўнага ладу, і тым ня менш: што магло б уратаваць Беларусь ад сталінскага генацыду? Паўстаньне, аддзяленьне, абвяшчэньне незалежнасьці? Магчыма, паралельна з Украінай, на хвалі незадаволенасьці калектывізацыяй, голадам… Структуры, якія так старанна разбудоўвалі нацкамы, былі не гатовыя да таго. Каб яшчэ пару гадоў… Мо тады між Балтыйскім і Чорным марамі знайшліся б свае Манэргеймы, што ўратавалі б усходнеэўрапейскія народы ад крывавага памолу.
Першым, 17 лютага 1930 году, быў арыштаваны Ільлючонак. 26 чэрвеня — Смоліч. 14 ліпеня — Цьвікевіч. 17 ліпеня — Лёсік. 18 ліпеня — Алесь Адамовіч і Максім Гарэцкі. 19 ліпеня — Прышчэпаў. 20 ліпеня — Дубоўка. 21 ліпеня — Некрашэвіч і Ластоўскі. 31 жніўня 1929 г. Баліцкі вызваляецца ад пасады наркама асьветы. Яго арыштуюць праз год — 3 верасьня 1930 году. Тады сьледчыя некаторы час спрабавалі паставіць на чале «СВБ» мацёрых нацыяналістаў Ластоўскага-Цьвікевіча-Смоліча. Але нічога не ўдалося, іх уплыў у савецкай Беларусі быў невялікі — і пачалі шукаць Баліцкага.
4 лютага 1931 г. застрэліўся Ігнатоўскі, 11 красавіка 1937 г. скончыў жыцьцё самагубствам у магілёўскай псыхушцы Жылуновіч. Хто заставаўся з жывых — быў зьнішчаны ў 1937 г. Чарвякоў, адзін з апошніх «зуброў»-нацкамаў, застрэліўся. А неўзабаве вынішчылі многіх чэкістаў-сьледчых, што вялі справу «СВБ». Каб у гісторыі не засталося сьлядоў.
Хто кіраваў?
Калі чытаеш апублікаваныя матэрыялы допытаў, ствараецца ўражаньне, што нейкая закансь¬піраваная арганізацыя, без фармальнага сяброўства для неўтаямнічаных сымпатыкаў, усё ж існавала.
Хто ж тады быў за кіраўніка яе? Да інтэлігентаў-«адраджэнцаў» Алесь Адамовіч адмоўна ставіўся. Дарэчы, паэма Андрэя Александровіча «Цені на сонцы», у якой паэт б’е па «нацдэмах», была напісана на замову і на фактуры Адамовіча. Старыя «адраджэнцы» разглядаліся Адамо¬вічам як каштоўныя нацыянальныя спэцыялісты. Але ненадзейныя палітыкі.
Тая арганізацыя выглядае перадусім змоваю нацыянальнае намэнклятуры, што прагнула здабыцьця нацыянальнае незалежнасьці і поўнае міжнароднае суб’ектнасьці сваёй дзяржавай, спачатку хоць бы па манголь¬скім варыянце. У такім разе, Чарвякоў? Ці наркам асьветы Ба¬ліцкі?
А можа ГПУ не памылялася, і гэта быў усё ж Ігнатоўскі зь ягоным багатым вопытам падпольля — спачатку ў шэрагах эсэраў, затым у БПС-Р, і нарэшце ў Беларускай камуністычнай арганізацыі, якую ўласна Ігнатоўскі стварыў — БПС-Р «Маладая Беларусь» — і да канца ўзначальваў. Гэта пры ім БКА вяла ўзброеную партызанскую барацьбу. Праўда, супраць палякаў, зь іншага боку мяжы, што парвала край на Захад і Ўсход. Як жа тады непаразуменьні з Адамовічам? Магчыма, гэта былі праявы ўнутранай барацьбы.
Змова намэнклятуры
Альтэрнатыўная гісторыя Беларусі ў другой палове ХХ ст. пісалася пад уплывам дзеячаў палітыкі і культуры, якія апынуліся ў эміграцыі. Ясная справа, што тут не магло абысьціся без асабістых рахункаў і ачарніцельства ідэалягічных супернікаў. Хто ж быў чужы для эмігрантаў-нацдэмаў і эмігрантаў-хадэкаў? Вядома ж, сацыялісты і камуністы. У працах гісторыкаў-эмігрантаў яны суб’ектына былі адсунутыя на пэрыфэрыйны плян.
Па-іншаму скажалі ролю нацкамаў у БССР позьнесавецкага пэрыяду, той самы Барыс Сачанка. Дасьледчыкі выстаўлялі «СВБ» пры¬думкай чэкістаў, а «кіраўнікоў» на чале з Усеваладам Ігнатоўскім — нявіннымі ахвярамі. Бо інакш зусім няможна было б нават заікацца пра супраціў савецкай уладзе або пасьлядоўную працу, скіраваную на падрыхтоўку краіны да поўнай незалежнасьці.
З нашага часу дзейнасьць многіх міністраў беларускага савецкага ўраду ўспрымаецца інакш, як тое напісана ў працах гісторыкаў ХХ ст.
Нацкамы, відавочна, дамагаліся найперш падтрымкі сельскага насельніцтва — беларускамоўных аўтахтонаў. Яны стваралі беларускую Беларусь.
Нацкамам нельга адмовіць у патрыятызьме і далекасяжнасьці задумаў. Бадай, гэта была адзіная палітычная сіла, якая дамаглася канкрэтных вынікаў у справе будаўніцтва беларускай Беларусі. Тое, што яны пасьпелі зрабіць за лічаныя гады 1920-х, сталася нацыянальным рэсурсам, на якім Беларусь «дацягнула» да канца ХХ ст.
* 17 лютага 1930 г., арыштваўшы Пятра Ільлючонка, ГПУ пачало справу «Саюзу вызваленьня Беларусі». Усяго па справе «СВБ» вясной—летам 1930 г. арыштавалі 108 дзеячаў навукі і культуры. Увесь цьвет беларускай інтэлігенцыі. Кіраўніцтва «СВБ» (Алесь Адамовіч, Антон Баліцкі, Пётар Ільлючонак і Зьміцер Прышчэпаў) атрымала найбольш — 10 гадоў канцлягераў. З большасьцю, 77 чалавекамі, абышліся дастаткова лібэральна: іх выслалі на пяць гадоў у далёкія раёны СССР. Але неўзабаве ўсіх гэтых людзей даб’юць: у 1937—1941 г. справы былі перагледжаны, некаторых расстралялі, частку паслалі на гібель у канцлягеры. У 1949—1952 г. дабраліся да апошніх, хто заставаўся жывы. Іх проста асудзілі на той падставе, што яны былі… асуджаныя раней.