Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Белая муха, забойца мужчын
Белая муха, забойца мужчын - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Белая муха, забойца мужчын

Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:

Новы раман Альгерда Бахарэвіча — гісторыя жаночай банды, «дзевак без цара ў галаве», якія кінулі выклік патрыярхальнаму грамадству. Хто яны: тэрарысткі, вар’яткі, мастачкі? Або проста прывіды мінулага, з якімі нечакана сустракаецца галоўны герой кнігі?
1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 69
Перейти на страницу:

З каровамі трэба было нешта рабіць. Каровам патрэбная была мяжа аседласьці.

І кароваў забаранілі. Зь іхным зьнікненьнем Менск пачаў імкліва расьці і разьвівацца — новыя будынкі паўставалі, як каровіны кучы на дарозе, а саміх кароваў нідзе больш не было відаць. Як і авечак, козаў, курэй і сьвіньняў.

Засталіся толькі людзі. Людзі і жанчыны.

Таму не зусім зразумела, як карова Жута магла ў нашыя дні трапіць у горад. Як яе ніхто не затрымаў да таго, як яна нарабіла тут дзялоў, ды такіх, што пра яе напісалі ўсе рэспубліканскія выданьні — ды вось толькі зусім ня ў тых рубрыках, у якіх звычайна пішуць пра кароваў і іншых братьев наших меньших.

Карова Жута зьявілася ў горадзе на досьвітку, яна стаяла на ўскрайку забудаванага прыватнымі дамамі кварталу і жавала пажоўклую гарадзкую траву. І з аднаго боку ў яе была крама запчастак, а з другога пахлі нечым гарэлым гаражы. Звычайныя менскія гаражы, дзе адбываецца іншая, таемная, гаражная гісторыя гэтага гарапашнага горада.

Менавіта ў адзін з такіх гаражоў і прывёў заблукалую карову пажылы чалавек у форменнай аранжавай куртцы. У гаражы стаяў ягоны стары «Масквіч», на якім чалавек, які цяпер зрабіўся гаспадаром каровы, час ад часу езьдзіў у лес у грыбы. А каля «Масквіча» стаяла белая карова Жута, адганяла хвастом мух і жавала тое, што прыносіў ёй чалавек у аранжавай куртцы. Хвост раскідваў па сьценах гаража каровіны какаліі. Карова пахла каровай. І гараж таксама.

Вядома, суседзі хутка дазналіся, што побач зь іхнымі іншамаркамі жыве карова, але чалавека ў форменнай аранжавай куртцы ўладам ніхто не заклаў. Напэўна, ён абяцаў суседзям па гаражах дзяліцца зь імі малаком, а, можа, у пэрспэктыве і мясам.

Чалавек у аранжавай куртцы жыў адзін. Жонка ягоная даўно памерла, сваякоў амаль не было, а тых, што засталіся, чалавек у аранжавай куртцы не любіў, бо надта яны былі сьмярдзючыя і ўбогія, да таго ж усе алькаголікі і дармаеды. Каго любіў чалавек у аранжавай куртцы, дык гэта свайго пляменьніка, які часам прыходзіў да яго паесьці гарачага ды малака папіць. Пляменьніка было шкада, бо замест мазгоў у яго быў сьвіны халадзец, а такому чалавеку цяжка жыць у вялікім горадзе. Дзядзька любіў пляменьніка, а пляменьнік любіў карову Жуту — і нельга сказаць, каб гэтая любоў была пачуцьцём сьветлым і магла ў пэрспэктыве прывесьці да чагосьці добрага.

«У Індыі, дарэчы, карова — сьвятая жывёла», — казаў з аўтарытэтным выглядам адзін з суседзяў, былы настаўнік. І ўсе сьмяяліся. Вакол была ня Індыя. Зусім ня Індыя. Вакол быў горад Менск, хімічная формула якога складаецца з водару сьвежага хлеба, паху нагрэтых сонцам гаражоў, гарачага подыху трактаразаводзкай ліцейкі, жмені прэлага лісьця, кроплі бэзу, дзьвюх кропляў асфальту і трох кропляў зімовага дажджу.

Даіць карову Жуту ў гараж прыходзіла суседка, якая мела добры навык такой працы.

Гэта суседка сказала неяк чалавеку ў форменнай аранжавай куртцы, што «карова ў цябе, кажацца, іграе». Але ён не зьвярнуў увагі на папярэджаньне.

А іншая суседка таксама ня раз прасіла чалавека ў форменнай аранжавай куртцы, каб не даваў ключы ад гаража нікому, бо карова ўсё ж, жывая істота, нельга зь ёй так. Бо ўсе бачылі, як абыходзяцца жыхары гаражоў з каровай Жутай. Усе бачылі і маўчалі.

Сапраўды, да каровы, у добра абжыты ёй, загаджаны, утульны і сьмярдзючы гараж прыходзіла шмат людзей з суседніх гаражоў і дамоў.

Прыходзілі дзеці, прыходзілі дарослыя. І кожны са сваёй мэтай.

Аднойчы раніцай увагу аднаго з аўтааматараў прыцягнулі зламаныя дзьверы таго самага гаража, што належаў чалавеку ў аранжавай куртцы. З-за дзьвярэй чуліся хрыпы і стогны. Аўтааматар з апаскаю зазірнуў усярэдзіну.

Стары «Масквіч» з праломленым лысым чэрапам стаяў там, дзе заўсёды. На раскіданым сене ляжаў труп чалавека ў аранжавай куртцы. Куртка і цяпер была на ім, набрынялая густой чорнай крывёй. Там, дзе звычайна стаяла карова, валялася ніцма цела Жуцінай даяркі, у якой замест твару было суцэльнае сіне-чырвонае месіва (яна была адзіная, хто ацалеў; на яе Жута напала першая). У куце, на шэрых пакрышках, распласталася нежывая постаць гаспадарова пляменьніка — штаны ягоныя былі спушчаныя да каленяў, а сьвіны халадзец вываліўся з галавы. У вачах пляменьніка застыла любоў — такая, якая бывае ў людзей, калі ў іх ёсьць ва ўласнасьці дзірка, у якую можна засунуць усё, ад сваіх трывогаў да сваіх трыхаманадаў.

1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 69
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)