Белая муха, забойца мужчын
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Год: Галіяфы
- ISBN: 9789857140077
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:
Таму ўсё ня проста, зусім ня проста. Але трэба пачынаць — і вось ты садзішся на карачкі і робіш пробны ўдар: няўдалы, пляскаты, ён кладзецца на паверхню дывана занадта няўпэўнена, гук пусты і марны, як слова таго, каму няма чаго сказаць. Здаецца, што ўсе на цябе нават азірнуліся. Але другі ўдар выходзіць што трэба: сакавіты, магутны і смачны, ён выпраўляецца ажно на другі канец раёну. І вось ужо неўзабаве ты пачуваешся саўдзельнікам усеагульнай каўрамахіі — намацаўшы нейкі рытм у бязладным лупцаваньні, твая рука стрымліваецца, перад тым, як апусьціць выбівалку на прыцярушаны сьнегам дыван, бо цяпер ты ўжо не салдат, а бубнач, музыка, і ад цябе залежыць нешта большае, чым проста пыл і пал. Трымай рытм. Рыфмуй удары.
Не, калі ты ніколі не выбіваў дываноў на першым сьнезе — у табе нічога не адгукнецца.
Дома выбітыя дываны ажывалі і пачыналі дыхаць. Ад дываноў ішоў дзіўны водар — як улетку ад балотцаў, што былі раскіданыя сям-там па рэдкім лесе на ўскраіне нашага мікрараёну. Здавалася, у выбітых дыванах увадначасьсе распускаліся вільготныя расьліны, прачыналіся інсэкты, варушылася зялёная раска, ад дываноў ішла нябачная, задушлівая пара. Кватэра пахла балотам, і ты ступаў на выбіты, мокры яшчэ дыван асьцярожна, нібы баяўся праваліцца ў яго па калена. Ідучы мыць рукі, толькі што прынесены дыван абміналі, пачціва ціснучыся да сьценаў, а абедаючы, задаволена прынюхваліся: чысьціня. Нядзеля. Зіма. Дзевяностыя гады назаўжды мінулага стагодзьдзя. Кватэра дзевяціпавярховіка на ўскраіне гораду, які табе яшчэ толькі наканавана было адкрыць. Нясьпешны час, аднолькавыя дні, вечны ліфт, нязьменныя дываны.
Але аднойчы, перш чым ты прыцягнуў чарговы дыван дахаты, з табой здарылася нешта, што ты таксама запомніш на ўсё жыцьцё. Аднойчы, калі ты сядзеў на кукішках на першым сьнезе і быў увесь апанаваны шалёнай каўрамахіяй, да цябе падышла яна. У белым футэрку, чарнаногая, у вязанай шапачцы. Падышла, спынілася за паўкрока і пачала назіраць.
Яна не павіталася — проста стаяла і ня зводзіла зь цябе вачэй. Ты таксама моўчкі працягваў выбіваньне — хіба што спраўнасьці і мужчынскай сілы ў табе паболела, ты ўсяляк паказваў ёй, што ты ня хлопчык, а чалавек, заняты справаю. Бах, бах, бах. Пыл і порах былі тваімі стыхіямі, а ейнымі: сьнег і чырвоныя ад нязлоснага марозу шчокі. Даўгія вейкі ледзь бачна ўздрыгвалі ад кожнага ўдару. Людзі-птушкі махалі крыламі, топчучыся вакол сваіх апекаванцаў, ніхто не зьвяртаў на вас увагі.
«Што ты ўяўляеш сабе, калі б’еш?»
Я зьдзівіўся так, што спыніў свае практыкаваньні і, млява паляпваючы па далоні выбівалкай, падняўся.
«Што?» — спытаў я, проста каб выйграць час.
«Што ты ўяўляеш сабе замест дывана, калі б’еш па ім гэтай штукай?»
Вядома, тады мы размаўлялі па-расейску. Гэта цяпер, у Замку мы, прыйшоўшы кожны сваёй сьцяжынай да адзінай нашай роднай мовы, маглі шчасьліва пазьбягаць радасьцяў білінгвальнасьці, а тады інакш і быць не магло: толькі расейская, расейская мова гораду, нашая расейская мова, мова дзяцінства. Мне было шаснаццаць, ёй было чатырнаццаць, яна зьявілася ў нашай богам забытай школе на ўскраіне сталіцы некалькі дзён перад тым і чамусьці я ня мог спакойна глядзець, як яна кожную раніцу ідзе на заняткі. Можа, таму, што яна, кажуць, пераехала сюды з цэнтру. Яна была жывым сьведчаньнем таго, што там, пад зямлёй, дзе канчалася мэтро, пачынаўся зусім іншы горад. Сапраўдны. Што яна тут забыла — між дываноў і замерзлых балотцаў, між аднолькавых дзевяціпавярховікаў і грубых і шчырых людзей, якія дагэтуль ня ведаюць, зь якой плянэты яны прыляцелі. І калі ў іх спытаць цяпер, тых людзей з майго дзяцінства, што яны зрабілі… «Мы выбівалі дываны», скажуць яны. Як быццам выконвалі загады. Такое вось апраўданьне.
Што ты ўяўляеш сабе замест дывана, калі ты б’еш па ім гэтай штукай?
Нічога сабе пытаньнечка.
«Ты што, ня ведаеш слова «выбівалка»? — спытаўся я смурна і сплюнуў. Бо менавіта так мусілі паводзіцца сапраўдныя мужчыны.
Яна без усялякае агіды паглядзела на тое месца, дзе мая сьліна прабіла патаптаны сьнег, і расчаравана і нецярпліва прамовіла: «Ну добра, выбівалка. Як нецікава. Дарэчы, ты мог бы прыдумаць для гэтай штукі нейкае лепшае слова. Тваё таемнае слова».
«Напрыклад?» — сказаў я наўмысным басам і зноў сплюнуў.
«Ну, наколькі ў цябе фантазіі хопіць. Ды хаця б «убівалка». Ужо весялей, — і яна павяла плячыма пад сваім белым футэркам. — Дык каго ты ўяўляеш? Прызнаешся — ці так і будзеш стаяць і глядзець на мяне, як манэкен?»
Так і сказала: як манэкен. Сам не паверыў бы, калі б так яно і не было. І я зьбянтэжыўся, апусьціўся да свайго дывана, але яна не сыходзіла, чакаючы адказу. Ну, ня мог жа я сказаць ёй праўду: што часам уяўляю перад сабой белы, голы жаночы азадак, па якім луплю сваёй «убівалкай» і не магу спыніцца, не магу наталіць вочы пунсовымі ўзорамі на празрыстай скуры. Што ў іншыя моманты згадваю, як часам, застаючыся адзін дома (о, гэтае адзін дома… шчасьце маленькага мізантропа) — браў алоўкі, клаўся голы на гэты дыван і няўмела маляваў жанчын у непрыстойных позах, жанчын у белых калготках, і церся аб ворс, і з пачуцьцём віны выціраў зьдзейсьненае. Давялося нешта выдумаць. А што, я ўжо ня памятаю. Бо гэта было даўно. Задоўга да ўсіх кавярняў, жанчын і замкаў.