Белая муха, забойца мужчын
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Год: Галіяфы
- ISBN: 9789857140077
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:
Я падышоў. У жаночым куце, які апанавала вязкае, соннае здранцьвеньне, заварушыліся, натапырыўшы вушы.
«Мы. Здесь. Подумали, — важка, як каўбасу парэзаўшы, прамовіў адстаўнік, гледзячы мне проста ў вочы. — Оценили обстановку. И решили».
«Решили послать тебя для переговоров, — таропка сказаў бляндынчык. — Кстати, давай знакомиться. Я Тимур».
Я назваў сваё імя. Высьветлілася, што чалавека ў акулярах завуць Паўлюком, чалавека са значком — Рыгорам. Муж ціхмянай жанчыны насіў гордае мяно Віталік, а адстаўнік быў, прасьці госпадзе, Міхаілам Юр’евічам.
«Вось і пазнаёміліся, — сказаў з усьмешкай Паўлюк. — Трэба было б узяць чарку за знаёмства, але ж хіба калі вырвемся жывыя, сходзім у адно месца ў Менску, там гаспадар мой знаёмы. Беларускамоўным, дарэчы, зьніжка!»
«Не пизди, — перапыніў яго Міхаіл Юр’евіч. Відавочна, ён лічыў, што інакш чым такім чынам размаўляць у такой сытуацыі нельга: мат загартоўвае мужчыну. — Не знал, не гадал, что придется с фашистами и немцами вместе выбираться из передряги. Но хрен с ним, потом разберемся. Пойдешь к главарям, узнаешь, что к чему, — строга сказаў ён, паклаўшы мне на плячо сваю сінюю валасатую руку. — По дороге смотри в оба, запоминай, постарайся найти хоть какую-то зацепку. И главное — тяни время. Узнай, чего они хотят и в чем их слабое место».
«Чего хотят женщины…» — расьцягваючы словы, правуркатаў Цімур.
«Ясна, чаго, — зь нянавісьцю прамармытаў Паўлюк. — Феміністкі херавы. Хочуць нас са сьвету зжыць. Каб з усіх мужыкоў зрабіць підараў, а з баб — лесьбіянак. Не, не за такую Беларусь мы змагаліся. Беларусь абыдзецца без жыдоў, камуністаў і підараў».
«Феминизм — это вывих головного мозга, — сказаў Цімур. — Но можно вправить упомянутое место назад, если, конечно, пациент небезнадежен. А бывают и такие случаи…»
«Тут дело политическое, — абсёк разгаворчыкі Міхаіл Юр’евіч і павярнуўся да мяне, упіўшыся ў вочы сваімі яснымі расейскімі зрэнкамі. — Давай, сынок. Верим в тебя».
Ён перахрысьціў мяне ўсімі сваімі татуіроўкамі і гучна паклікаў варту: «Эй, гестапо, поговорить надо!»
І вось ужо Аленькі Цьвяточак, паціснуўшы плячыма, перадала мяне Джэку Патрашыцелю, тая правяла па калідорах некуды наверх — як высьветлілася, у вежу — і здала на рукі санлівай Царонг. Чамусьці яны зусім не зьдзівіліся, калі я, запінаючыся, сказаў, што дэлегаваны для перамоваў з Босай — верагодна, жанчына ў белай, занадта белай сукенцы чакала, што давядзецца рана ці позна патлумачыць закладнікам, картамі ў якой гульні іх зрабілі.
Урэшце я апынуўся ў невялікім памяшканьні на самым версе правай замкавай вежы. З вузкага акна было выдатна відаць усю мясцовасьць: на самым даляглядзе лес, у які, як жанчына ў траву па малой патрэбе, садзілася мажное, усё ў блёстках і залатых валасах, сонца. Бліжэй да ўзгорку, на якім знаходзіўся замак, хвалямі разьліваліся лугі. Вілася рудым хвастом дарога, падмятаючы пад сябе рэшткі гэтага доўгага і зусім неверагоднага дня — лапамі ў лес, пысаю ў нябёсы ласкава ступала па зямлі ліса беларускага лета.
А зьверху на замак насоўвалася хмара — ня тая, пасьляабедная, бяскрыўдная і бесстароньняя, а ў сто разоў большая і чарнейшая. Быццам яе паклікалі сюды падступныя дробныя аблокі, якіх ужо нідзе не было відаць.
Зь вежы можна было разгледзець і наш аўтобус, і купку людзей каля яго — кіроўца махаў цыгарэтаю і пра нешта ўзбуджана расказваў. Воддаль замерла, не даехаўшы да брамы замку, міліцэйская машына, усе дзьверцы якой былі адчыненыя, нібыта яна зьбіралася перамахнуць цераз муры, але бог ня даў гусі патрэбных для гэтага крылаў.
Босая сядзела на стале — босая. Памахваючы голымі нагамі, варушачы пальцамі, Босая глядзела на мяне і ўсьміхалася, быццам толькі што ўдала пажартавала. Белая сукенка ледзь закрывала яе загарэлыя калені. Аголенымі рукамі яна ўпіралася ў стол і ўсім сваім выглядам паказвала, што, па-першае, зусім ня зьдзіўленая майму зьяўленьню, а па-другое, цалкам задаволеная становішчам. Справа ад яе стаяў белы, колеру сукенкі, адчынены ноўтбук, а зьлева мірна ляжаў Фалічны Сымбаль, і ў адтуліне ягонага дула быў нейкі сэнс, які мне ня надта хацелася спасьцігаць.
Я расказаў ёй, навошта прыйшоў. Па яе твары было відаць, што яна не паверыла ніводнаму майму слову.
Дакладней, не паверыла, што я прыйшоў да яе ня сам па сабе, а як пасланьнік мудрых і магутных, паланёных ёй мужоў. Відавочна, яна думала, я буду прасіць для сябе літасьці, па знаёмству.
Яна была падобная да вар’яткі, якая забралася на чужое гарышча — The Madwoman in the Attic. Ня каб нешта скрасьці — а каб хадзіць між незнаёмых рэчаў і пакідаць на іх свае дотыкі, забіраючы ў рэчаў душу і даючы ім новую.