Белая муха, забойца мужчын
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Год: Галіяфы
- ISBN: 9789857140077
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:
«Напэўна, мне трэба сказаць штосьці адпаведнае моманту, — прамовіла яна, разглядваючы мяне не без інтарэсу. — Ну, там: а ты зусім не зьмяніўся… Ці: як ты пасталеў, сапраўдны мужчына! Ці: ну давай, расказвай, як яно, дзе працуеш, ці жанаты, сын, дачка? Але праблема ў тым, што…»
Яна лёгка саскочыла са стала.
«Праблема ў тым, што я не люблю адпавядаць. Ні момантам, ні іншым мамантам. Ну так, я цябе пазнала, хоць і не адразу, ты пазнаў мяне. І што? Ну чаму вы ўсе лічыце, што агульныя ўспаміны даюць права чапляцца да людзей? Ну так, некалі нам было пару дзён цікава разам. Даўным-даўно. І што далей?»
У гэтае «вы ўсе» было ўкладзена столькі пагарды, што сумневу быць не магло — перада мной была яна.
«А вось ты і праўда не зьмянілася», — сказаў я.
«Што ты сказаў? — яна зарагатала. — Ой, не магу. Слухай, я заўжды ведала, што мне ад цябе так проста не пазбавіцца. Што ты ніколі не пакінеш мяне ў спакоі. Трэба цябе расстраляць першым — але шкада. Слухай, чаму мне зноў цябе так шкада? У цябе талент выклікаць шкадаваньне».
Напэўна, трэба было сысьці і не трапляцца больш ёй на вочы. Але ўспаміны ўжо жылі, неспакойныя і такія яркія, што я проста апусьціўся на падлогу каля дзьвярэй і бездапаможна ўсьміхнуўся. Яна ўздыхнула, яна не магла выгнаць мяне проста так. Бо немагчыма выкрасьліць з жыцьця цэлы месяц, хай ён нават даўно памёр, немагчыма зрабіць выгляд, што тваё жыцьцё карацейшае на цэлага чалавека — асабліва калі ён жанчына.
Мы пазнаёміліся даўно, гадоў дваццаць таму. Проста некалі, узімку, на ўскраіне гораду, раніцай, на першым сьнезе…
Але расказваць гісторыі трэба ня так.
9. Дываны на сьнезе
…Раніцай на раёне ўсчыналася сапраўдная пальба — рэха стрэлаў вылятала з самых нечаканых сховаў, адгукалася дзесьці ў пахвіне: бах, бах, бах, пахла сьнегам, пахла потам, патыхала хатнім пылам, як порахам.
Бо гэта мы, хлопцы, выносілі на першы сьнег дываны, каб выбіць зь іх старую, закарэлую кроў і напаіць зімой. І маці праводзілі нас да парога, быццам гэта і праўда была вайна — хаця за ёй яны маглі назіраць з вокнаў кухняў, не адыходзячы ад пліты. Дыван на плячы, як нейкая дагістарычная фузея, і зь яго сыплецца шархатлівая перхаць. А ў руцэ ружовая выбівалка, бо іншых у тутэйшай краме ня купіш, на плячах — старая рваная куртка, на галаве вязаная каска з надпісам «Адыдас», а на шчоках — чырвоныя зорачкі сораму за свой недарэчны, ржачны, зусім ня гжэчны выгляд.
Выбі яго як сьлед, сынок.
Ну праўда — як пра ворага. Выбі яго зь яго стану, са стогнам, зь лямантам, з роднага лінолеўму, з роднай зямлі.
Выбі і вяртайся абедаць.
Ліфт, бясконцы, бяздонны. Пастаўлены тарчма, скручаны дыван дужа нагадвае абмяклае чалавечае цела. У скручаным дыване адразу прачынаецца нешта жывое. Таму хочацца як мага хутчэй дабрацца да поля бітвы і пазбавіцца гэтай непатрэбнай чалавечнасьці, а заадно апраўдаць свой маскарад.
І вось ты ўжо клэпаеш па сьнезе, а вакол страляніна і людзі на карачках, яны курчацца на дыванах, як чорныя падбітыя птушкі, твары засяроджаныя, быццам у золаташукальнікаў, а за сьпінай дом, на які ты стараешся не азірацца. Твой дом. І ты тут сярод сваіх — сярод людзей, якія выбіваюць дываны, і гэта адзінае, што яны здольныя зь сябе выбіць. Усё астатняе застаецца. Назаўжды — і ўсе з усімі пажэняцца.
Рытуал выбіваньня не такі просты, як здаецца. Падкідваючы на выбівалцы, як на ракетцы, пругкае нецярплівае рэха, яшчэ чужое, ужо існае, трэба пастаяць крыху над раскладзеным дываном, сям-там прыцярушаным зьверху невялічкай сьнежнай завеяй, што круціцца пад нагамі. А перад гэтым набраць сьнег у пальцы, проста, каб адчуць стыхію. Расьціснуць іх, агледзецца: тут і праўда поле, голае белае поле з рассыпанымі па ім шэрымі прастакутнымі гравюрамі, выбітымі проста на сьнезе. Поле, на якое глядзіць высокі дзевяціпавярховы дом. Ты шукаў на ім яшчэ не занятае, некранутае месца, вока просіць сымэтрыі, душа — аўтаноміі: дыван трэба раскласьці так, каб быць разам з усімі і пры гэтым ні да кога ня быць занадта блізка. Толькі людзі, якія выбіваюць на раёне дываны зімовай раніцай на першым сапраўдным сьнезе, маюць адчуваньне гэтай адлегласьці. Калі раскласьці дыван занадта блізка ад кагосьці — падумаюць, што ты ад іх чагосьці хочаш. Хоць чаго ты можаш ад іх хацець? Іхныя выбівалкі? Іхныя шапачкі? Іхныя дываны?
Навошта табе выбіваць чужыя дываны?
А калі разьмясьціцца занадта далёка ад іхных палеткаў і нівак — падумаюць, што ты ня хочаш ад іх нічога, і пакрыўдзяцца. Гэтых людзей так лёгка пакрыўдзіць — як і любога, хто выконвае сьвяты рытуал ачышчэньня.