Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
А ў нас сумна. Пагоршала мужу. Маразы дрэнна на яго падзеялі. Аслабеў моцна, пухнуць ногі, і не сціхае кашаль. Я цяпер ведаю толькі адно: свае абавязкі перад хворым. Мала чытаю, нічога амаль не пішу. Дзякуй маладым нашым літаратарам за прывітанні. Я жадаю ім пачэснага поспеху ў творчых і дастойных іх пачынаннях! На вас адказнасць за моўнае адкрыццё і захаванне аблічча нашага народу, а можа, і за яго існаванне...
Хацелі б мы Вас бачыць, Валодзя, і не толькі таму, каб разлічыцца за кніжку, але пісаць Вам, на жаль, я не змагу. Не аб сабе думаю ў гэтым выпадку. Калі мне будзе дрэнна і я буду патрабаваць шляхотнай апоры ў цяжкую хвіліну, дык я паклічу некага з Вас, забыўшыся на тых усіх, што прыходзілі ў наш дом не дзеля творчага сяброўства і дапамогі.
Сёння, дарэчы, была цяжкая ноч, але цяпер хворы мой хораша і спакойна спіць. Гэта добра, якраз. Мяркую, як захаваць да вясны хоць, а там — што Бог дасць. Жыццё — моцна складаная штука і важна стрываць там, дзе найцяжэй. Вось усё пакуль што, бо галава вінецца ад бяссоння.
З найлепшымі пажаданнямі да вас усіх і з вялікай удзячнасцю да Вас асабіста — Ларыса Геніюш.
Зэльва, 6 сакавіка 1979 г.
Даражэнькія!
Крыху прыходжу ў сябе і хачу Вам ад шчырага сэрца падзякаваць, што ў цяжкую хвіліну жыцця не пакінулі мяне адзінокай. Было гэта шляхотна і ахвярна з Вашага боку. Іншага ад такіх людзей, як Вы, я і не спадзявалася.
Шчаслівая і спакайнейшая хоць тым, што добры наш М[аксім] Т[анк], як мне пісалі з Менску, “паблагаславіў”, так мовіць, прыезд некага з творчай інтэлігенцыі Гродна на пахаванне с.п. майго Мужа. Быў род, пісалі сябры, што Вы былі ў нас. Вось і добра так, а то перадрыжэла я тут за кожнага. Самі разумееце.
Міхасю Ч[арняўскаму] 15 лютага зрабілі аперацыю – выкінулі тыя каменні з нырак, і цяпер ён папраўляецца ўдома. На днях дастану болей здымкаў, дык нейкія прышлю. Быў зноў ліст ад Юры. Усё кліча мяне да сябе. Першае пытанне – ці мяне пусцяць? А пасля – я тут у сябе ўдома, на сваёй зямлі і між людзьмі, якія не ўсе паганыя. Ды і трэба дачакацца часу, каб помнік паставіць па мужу. Іначай я не магу! Пакуль яшчэ начуюць у мяне суседкі. Прызналі мне (пажыццёва) 33 руб. 75 кап. пенсіі па с.п. Мужу. Мне хопіць. Пачынаюць надыходзіць сардэчныя спагаданні з-за мяжы. Усе чытаю і плачу. А ўдома чуюся, бы с.п. Муж – недзе побач. Чую, што Ён такі спрыяючы мне, дабразычлівы. Раз выразна чула Яго голас. Клікаў, будзіў са сну мяне па-чэшску. Гэта, напэўна, мае хворыя нервы…
Я хацела б ведаць, як заехалі, ці не перастылі? Пагана зрабілі, што ўсіх нас не сфатаграфавалі ля дарагой Мужавай труны. Я ж была – як без памяці… Родныя, блізкія сэрцу, дарагія, мілыя, ласкавыя і шляхотныя мае сябры, як жа я Вам дзякую за Вашую мужнасць і дабрыню! Парайце мне цяпер – ці заставацца мне тут, ці пакідаць дарагую магілку?
З любоўю і ўдзячнасцю да Вас – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 14 сакавіка 1979 г.
Шчырапаважаныя і дарагія!
Дзякуй за словы спагады з прычыны смерці с.п. майго Мужа. Дзякуй за памяць аба мне ды за мудрыя рады. Яшчэ пакуль што ўсё не магу прыйсці ў нармальны стан. Страціла я вельмі многа. Муж мой быў глыбока асвечаны, начытаны і вельмі інтэлігентны чалавек. Нам ніколі разам не было сумна. Ён пакутаваў у тым асяроддззі, у тым захалусці, у якім яму давялося жыць, працаваць і цярпець уніжэнні ад розных ігнарантаў. Ён быў маім клопатам, але і маёй сілай і падтрымкаю, натхненнем і строгім крытыкам.
Атрымалася нейкая пераацэнка вартасцяў. Аказалася, што ўсё нейк згубіла сваю прыцягальнасць, нават мінулае і вечны, некалі цікавы фальклёр. Няма мэты, няма сэнсу жыцця, не толькі стымулу для таго, каб пісаць. Калі гэта пераходнае, дык, можа быць, ачуняю. Прызначылі мне «пожизненно» 33 руб. 75 коп. па с. п. Мужу. Што ж, пайду да людзей капаць бульбу па восені і нейк пражыву.
Не, не палохайцеся і хоць не здумайце мяне шкадаваць! Я нейк дам сабе рады. Богу дзякаваць, сябры не звяліся, запэўняюць, калі я тут адна, дык у свеце ў мяне многа прыяцеляў, якія і ў радасці і ў горы са мною! Хораша і высакародна, што яшчэ ёсць людзі, якія не толькі жадаюць зла чалавеку! А цяпер усё плачу. Аднак мушу думаць ужо пра дровы і пра тое, што 18 сакавіка будзе правіцца ў цэркві на 40 дзён па с. п. Івану Пятровічу. А пасля людзі прыйдуць на абед. Усё мусіць быць як найлепей. Пахавалі с.п. Мужа вельмі хораша. Памаглі простыя людзі, якім нічога не страх…
Усяго, усяго Вам зычу добрага. Пастараюся нешта пісаць.