Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Ці не сумна Табе, што нават роднае мовы амаль не чуем ні з радыё, ні з тэлевізараў? Аб школах і ўрадах ужо не кажучы. Мова не шліфуецца, не развіваецца. Мова замірае, і скарбы гінуць. Нават “Песняроў” альбо не паказваюць зусім, альбо толькі тады, калі пяюць па-расейску. Вось табе “вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі” ў практыцы нашых дзён на Беларусі. Чэсны і паўнавартасны чалавек з гэтым не можа згадзіцца, якой нацыянальнасці ён ні быў бы! Што ж, каго Бог хоча пакараць, дык перадусім таму адбірае розум… Яшчэ старыя рымляне казалі, што “Зеўс не любіць ганарлівых галоў” (Антыгона).
Бывай, мілая Дануся. Прабач за шчырасць. Твае Геніюшы.
Зэльва, 14 сакавіка 1978 г.
Даражэнькая Дануся!
Ну ж і зрабіла ты неспадзяванне майму дзеду! Надта рады з тлумачальнага слоўніка. Але чаму там няма беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя? Адным словам, вельмі дзякую, шчыра цалую і на днях вышлю належныя грошы.
Хварэем і прыхворваем. Шмат ляпей і рада тады, калі не баліць галава і магу чытаць. Акрамя Б. Тарашкевіча, прыслаў нам Юра і кніжку першай жонкі Алякс[андра] Ісаевіча [Салжаніцына], якая выйшла ў Польшчы тыражом аж 40 000! Спадзяюся, што прыслаў і табе. Міхася Шаховіча прыслаў таксама.
Вельмі ж добра, што выходзіць Твая кніжка. Напішы хоць, як ты ахрысціла гэтага свайго “нашчадка”? На Грышу [Барадуліна] можна поўнасцю пакласціся. Цяпер чытаю ўсё яго “Абсяг”. Ці дастала “Ветразі Адысея”? Там нават раз і дзеда Янку ўспамінае мілы аўтар.
Дзецям і ўнукам выслала вызавы. Які жаль, што сябру Эрыку не лепей. Які жаль, што харошым людзям даводзіцца так дрэнна. Які жаль, што харошая, распяяная Нора [Вецер] і тая так паважна захварэла. Які жаль, які жаль, які жаль… Усю ўвагу трэба звярнуць цяпер на сябра Эрыка. Усе клопаты, усю любоў! Надта ж харошы ён, чалавечны і чэсны. А ў Моршын заўсёды варта паехаць. Васіль і Оля абяспечаць і лячэнне. Кантакту з імі не губляй. Яшчэ раз адрас: Турик Ольга Иванивна, Львівская обл., к. Моршин, вул. Шевченки, 74, 293511.
Паглядзі Ты на яўрэяў, яны толькі тое і робяць, што лечацца, ездзяць на курорты і глядзяць здароўе. Я туды ў Моршын ад майго імя паслала б яшчэ мілую Нору! Калі наведаеце нас (у любы час!), дык будзем радыя Вам як заўсёды. Толькі ж, Дануся, адзін варунак: без ручнікоў і ўсякіх дароў! Прывязі кусочак сэрца і добры настрой. Можа быць, нат капельку самай натуральнай злосці. Оля напісала мне, што я была некалі для яе маці і прыкладам… Мілая Оля, раней мне гэтага ніколі не сказала. Гэта чэсныя і разумныя людзі, і сябра Эрык там будзе чуцца, як удома. Чаму ў Эрыка жоўтыя вочы? Гэта пасля Боткіна? А можа, не ў парадку ў яго “паджалудачная жаляза”? Ці трымае дыету? Ці бярэ грэлачку? Ці маеш даволі кампотаў?
Аб поспеху выстаўкі Пётры Сергіевіча мне пісалі. Надта добрыя водзывы ў кнізе. Ці не чула, што там з Валодзяю? Чула, што нядаўна была прэм’ера оперы Смольскага “Сівая легенда” – на лібрэта Караткевіча. Данусенька, напішы, ці Ты прыслала нам слоўнік на падпіску, ці купіла яго? Колькі трэба Табе выслаць грошай? Пішы шчыра, не рабі з сябе “мільянеркі”. Між сябрамі мусяе быць усё шчыра і ясна.
Мне тут баліць галава з прычыны Міхася. Юра піша, што ў школе хлопца проста шантажуюць і могуць не дапусціць да матуры (атэстату)… Гэтага можна было чакаць, бо і Юры ў мед. акадэміі было не лягчэй. Што тут рабіць, Данусенька, з кім тут парадзіцца? Думай, дарагая. Напісала я Міхасю, бо, здаецца, адбіўся ад бацькавых рук. Некалі, калі яшчэ быў у пачатковай школе, дык было з ім падобнае. Сыны аднаго тыпа пачалі падбіваць хлопца на розныя дурніцы. Бацькі спахапіліся, калі хлопец ужо самавольна пакідаў урокі і т.п. Міхась адкрыў шчыра ўсю гэтую непрыглядную справу. Так яго выратавалі тады. Казаў мне: “Бабуся, якіх толькі гарэлкаў і вінаў мне ні давалі, але ўсё гэта нясмашнае”… Дануся родная, які небяспечны тут кожны наш крок, і толькі тое, што не ўсе ж людзі без сумлення і вобліку чалавечага, яшчэ, пэўна, трымае нас на гэтым свеце…
Дырэктарам у Міхася – Амельяновіч. Кажуць, што яна – нядрэнны чалавек, але ж ці можа за ўсё адпавядаць? Муж просіць Цябе, каб Ты была так ласкавая, даведалася яму адрас Шыманкі. Гэта яго калега па Празе, але я цяпер усіх баюся. Ёсць пару чэсных людзей у свеце і хопіць, а то кожны наравіць тут настройваць нас на сваё падабенства. Данусенька, пішы Юры. Трымай яго крыху на духу. Я бываю моцна злосная, і гэта дрэнна. Яму патрэба лагоднае, разумнае слова.