Ночы на Плябанскіх Млынах
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Ночы на Плябанскіх Млынах». Краткое содержание книги:
— А што здарылася з рыцаравай нявестай? — спытала Дарота. Ной паціснуў плячыма.
— Пра гэта гісторыя маўчыць. Або так і засталася нявестай, або выйшла замуж за іншага… Якія яшчэ варыянты?
— Я ведаю гісторыю пра адну нявесту… Толькі ня надта вясёлую гісторыю, — прамовіла Зося.
— Ну вось і раскажы! – узрадваўся Улад. — А то ўсе ўжо нешта распавялі, а вы, паненка, толькі з цмокам лашчыцеся.
Зося раззлавана фыркнула, але расповед пачала.
Аднойчы да маці прыйшла заказчыца. Здарылася гэта цёмным восеньскім вечарам, калі голае гольле дрэваў адчайна цягнецца да шыбаў, і апошнія мокрыя лісты, сарваныя ветрам, стукаюцца ў шкло, нібыта самагубцы. Заказчыца была сухой і паважнай немкай нявызначанага ўзросту, у пляскатым капелюшы з маленечкім вэлюмам, нечакана задзірыста адкінутым набок – відаць, вецер пастараўся. Немка агледзела нашую кватэру, якая служыла адначасна і майстэрняй, але немагчыма было анічога прачытаць на ейным трохі мужыкаватым твары: ці яна пагарджала нашай беднасьцю, ці нічога асаблівага ў змушанай сьціпласьці кватэры ня бачыла? Заказ быў нечаканы: вясельная сукенка! Не, не для яе самой – наведніца нават пакрывіла вусны ў іранічнай усьмешцы, — а для дачкі яе гаспадароў, шаснаццацігадовай дзяўчыны. Вось і меркі ўсе ўжо зьнятыя – на аркушыку запісаныя…
Маці мая разгубілася – дагэтуль ёй не даводзілася шыць вясельныя сукенкі. Процьма швачак, аднак, менавіта гэтым і займаюцца… Тым болей за грошы, якія госьця прапанавала, можна было замовіць строй у самым шыкоўным атэлье на Губернатарскай!
— Разумееце, фрау, мы не хацелі б зьвяртацца ў вядомае атэлье! – крыху няёмкім голасам адказала немка. – Нам патрэбна, каб убор быў пашыты за двое сутак, фасон, упрыгожваньні – усё на вашае ўгледжаньне. І… каб пра гэта вы асабліва нікому не распавядалі.
Аванс быў літаральна ўпіхнуты ў матчыны рукі…
— А дзе адбудзецца вянчаньне? – пасьпела толькі спытацца матуля. Немка трохі прамарудзіла з адказам:
— У касьцёле на Залатой Горцы, фрау. Я прыду па заказ у суботу раніцай.
Ці трэба казаць, што маці паставілася да замовы з пэўнай насьцярогай, і лічыла, што ўвязалася ў нейкі грэх, а я – наадварот – з захапленьнем. Вядома, я ўсё ўявіла да драбніцаў. Верная прыслуга заказала вясельную сукенку для сваёй маладой гаспадыні, якая наважылася на забаронены бацькамі шлюб… Гэта будзе таемнае вянчаньне. Жаніх, вядома, небагаты. Але страшэнна прыгожы, таленавіты і адважны. І сама паненка ня менш прыгожая і адважная… Як мне хацелася, каб сукенка атрымалася як мага лепей! Але маці і так завіхалася напоўніцу – яна была сапраўды выдатнай швачкай… Каб менш старалася дагадзіць заказчыкам – дык, можа, ня ўбіліся б пасьля тыя сухоты. Бялюткі шоўк з вытанчаным узорам з лілеяў, карункі, ружачкі з атласу… А мне ўсё здавалася, што, каб яшчэ пару дзён – якую прыгажосьць можна было б стварыць! Я абмётвала швы ўсю ноч – я ж гадоў з пяці, як толькі навучылася трымаць у руках іголку, дапамагала маці, таму цяпер ненавіджу ўсялякае шытво і вышываньне. Прыўносіла ў фасон свае фантазіі – дзе дадам перлінак, дзе прызьбяру карункі, так, як бачыла ў краме на Ратушнай плошчы… Напрыканцы, калі ўжо ўсё было гатова, я падышла да белай прывіднай постаці – у сьвятле сьвечкі здавалася, што сукенка на кагосьці апранутая, і белая постаць вось-вось зрушыць з месца… Я яшчэ раз ва ўсіх драбніцах уявіла, як заўтра апране гэты ўбор, хаваючыся ад сьвету, прыгожая бледная дзяўчына, як выйдзе з чорнага ходу да экіпажу, дзе ўжо чакае жаніх – можа быць, гусар, нашчадак зьбяднелага роду, можа, малады паэт… У касьцёле – нікога, акрым сьведкаў, ніякага пышнага вясельля… І мне захацелася яшчэ чым-небудзь дадаць бляску таемнаму вянчаньню. Я зьняла з шафы матчын куфар для ўсялякіх бліскучых драбніцаў, сапраўдную скарбніцу Аладзіна, з брошкамі, кветкамі, барсэткамі, дастала лілею са штучных перлінаў – у дзяцінстве я любіла з ёю гуляцца, і прышпіліла яе на карсет сукенкі, там, дзе сэрца.
Але калі я нараніцу прачнулася, аказалася, што сукенку ўжо забралі – я прапусьціла самы цікавы момант, калі можна было паназіраць, параспытвацца… Маці толькі сказала, што прыйшла тая самая немка – ні сьвет, ні зара, заплаціла – і зьнікла…
І трэба ж было такому стацца, што назаўтра маці дастала з шафы свой зялёны куфар і пачала перабіраць бліскучыя цацкі –спатрэбілася нейкая пацерка для чарговай кофтачкі… Чамусьці ў матчыным голасе, калі яна спытала пра лілею, была сапраўдная трывога… Я, вядома, ня стала нічога хаваць – бо ня бачыла нічога кепскага ў сваім учынку. Але… Аказваецца, брошку падарыў маёй бабулі мой дзед, яна была на вясельнай сукенцы маёй маці… Карацей, я спляжыла сваю спадчыну (цана якой пяць капеек, як я пракаментавала ў думках), і яе належала вярнуць разам з дарагімі ўспамінамі.