Аскепкі вялікага малюнку
- Автор: Аркуш Алесь
- Язык: белорусский
- Жанр: Прочая древняя литература
Электронная книга - «Аскепкі вялікага малюнку». Краткое содержание книги:
1988 год стаўся лебядзінай песьняй «Тутэйшых». Нават наладжаная гадавая нарада Таварыства не прынесла якіх-кольвечы вынікаў.
3-га траўня ў Наваполацку я атрымаў паштоўку ад Бяляцкага з наступным паведамленьнем: «Шаноўны Алесь! Мабыць табе У.Арлоў трохі нешта гаварыў, але я яшчэ хачу больш дакладна перадаць. 15 траўня (мая), у нядзелю, у 11.00, у Доме Літаратараў будзе праходзіць рэспубліканская нарада «Тутэйшых». Вырашылі праводзіць іх раз у год-два, каб спыніцца, паразважаць, паглядзець назад і падумаць аб будучым. Абавязкова прыяжджайце зь Сержуком, вазьміце Бурдыку, калі ён ня супраць. Праезд будзе аплочаны ў два бакі адразу ж. Трэба нам усім хоць зрэдку зьбірацца. Будзем мы тут прыймаць дэклярацыі, пастановы (наконт школак, мовы і г.д.), можа і ў вас ёсьць канструктыўныя ідэі - падумайце, калі ласка. Увечары будзе вечарына. Чакаем. Алесь Бяляцкі. Запрашаем гасьцей з Эстоніі, Латвіі, Літвы».
Ня памятаю, ці паехаў на нараду Сяржук Сокалаў-Воюш, а я з Бурдыкам на рэспубліканскім мерапрыемстве быў. Павал Бурдыка зьяўляўся сябрам наваполацкага літаратурнага аб'яднаньня «Крыніцы». Нейкі час я працаваў разам зь ім на адным прадпрыемстве - наваполацкім заводзе «Вымяральнік». У 1991 годзе ў Полацкай друкарні мы разам выдалі зборнік вэрлібраў «Тайніца», які стаў першым беларускамоўным выданьнем, што пабачыла сьвет у Полацку пасьля ліквідацыі Галоўліту. (Ці не апошняй беларускамоўнай полацкай кнігай быў альманах маладнякоўцаў «Зарніцы», 1928 г.)
На нараду сабралася багата маладых літаратараў, бадай з усіх куткоў Беларусі. На жаль, я не пакінуў падрабязных запісаў аб тым, што адбывалася падчас паседжаньня. У маім дзёньніку пазначана, што згадваліся Дзяды-88, ішла гутарка пра ўласны альманах, адбылася стыхійная дыскусія на тэму «Літаратура й грамадзкі абавязак». У дзёньніку я пакінуў прозьвішчы тых, хто выступаў: Глёбус, Мінкін, Акулін, Шалкевіч, Бабкоў... З таго дня помніцца зусім іншае. Па сканчэньні паседжаньня Сыс, Дранько-Майсюк, Вольга Куртаніч, Бурдыка і я выправіліся ў больніцу адведаць Пімена Панчанку. Ён неяк няўдала паваліўся (ці не ва ўласнай кватэры?), зламаў сабе скабы. Здаецца, прапанаваў схадзіць да клясыка Сыс. Шкадую, што я ў той день не сфатаграфаваў народнага паэта. Панчанка жартаваў і апавядаў пра сваё фліртаваньне зь дзяўчынай-мэдсястрой. Цытаваў напісаны ёй верш. У Панчанкі й Сыса былі на той час асаблівыя дачыненьні - яны сталіся апанэнтамі. Панчанка напісаў верш «Разьвітаньне», у якім казаў пра незваротны заняпад беларускай мовы.
Родны Янка Купала,
Вы пісалі:
«Я веру - настане...»
Дарагі мой Іван Дамінікавіч,
Не, не настане!
Гэта ўжо не сьвітаньне,
Гэта наша настала зьмярканьне,
Гэта з мовай маёй,
Гэта з песьняй маёй
Разьвітаньне.
Верш спачатку быў надрукаваны ў «ЛіМе», а затым у зборніку «Горкі жолуд» і выклікаў у беларускай сьвядомай інтэлігенцыі шок. Вядома, Панчанка на тое й разьлічваў. «Тутэйшыя» мусілі адказаць. Сыс напісаў верш «Прачытаўшы верш Пімена Панчанкі «Разьвітаньне».
Родны мой Пімен Панчанка,
Вы сказалі: настала зьмярканьне?
Вы сказалі на маці мачыха?
Бо настала Вам разьвітаньне?
(...)
Вы жывымі сьлязьмі заплачыце,
за паэтам народ убачыце
скрозь расстаньне і скрозь зьмярканьне,
Вам за сьмерць сваю прыкра стане,
бо пад небам Сафіі полацкай
на народных паэтаў моляцца.
Але ніякіх нацягнутых адносінаў паміж імі не паўстала. Сыс мне казаў, што прасіў прабачэньня ў Панчанкі за свой верш. Той, нібыта, супакоіў, маўляў, чакаў і спадзяваўся, што нехта падобным чынам яму запярэчыць. Калі з Панчанкам надарылася бяда, Сыс ледзь не штодня наведваў яго ў шпіталі. Пры нас ён размаўляў з Панчанкам па-сяброўску, як далучаны, як пераемнік. Калі наша дэлегацыя выйшла зь лякарні, я прапанаваў усім разам сфатаграфавацца на памяць, што мы й зрабілі.
Полацак, 2000
Аскепкі вялікага малюнку
Калі Ігар Бабкоў пасьля першага майго дня ў сталіцы Францыі запытаўся: як Парыж? — я, не міргнуўшы вокам, адказаў: фігня, капіталістычны прымітыў. Полі Вэрлены ды Мадыльяні на вуліцах не сустракаліся, Гіёмы Апалінэры ды Паблы Пікасы ў кавярнях кавы не пілі, а ля гранітнага ўзьбярэжжа Сэны ніхто не зачытваўся раманамі Камю ды Сартра. Гэта раздражняла. Якая ж пасьля гэтага Парыж культурная сталіца Эўропы! Бабкоў, відавочна, палічыў, што я „клею гарбатага“.