Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Белая муха, забойца мужчын
Белая муха, забойца мужчын - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Белая муха, забойца мужчын

Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:

Новы раман Альгерда Бахарэвіча — гісторыя жаночай банды, «дзевак без цара ў галаве», якія кінулі выклік патрыярхальнаму грамадству. Хто яны: тэрарысткі, вар’яткі, мастачкі? Або проста прывіды мінулага, з якімі нечакана сустракаецца галоўны герой кнігі?
1 ... 13 14 15 16 17 18 19 20 21 ... 69
Перейти на страницу:

«Сердце кровью обливается, — сказала Жанчына ў Зялёным. — Пусть бы лучше нас мучали, но детей-то зачем?»

Хлопчыкі ўнізе гойсалі вакол вартавой. Ці дала яна ім дакрануцца да Фалічнага Сымбаля? Да таго, што марыць мець кожны хлопчык — каб забіваць ворагаў, прыдуманых для яго дарослымі.

Бляндынчык, які чапляўся да Босай, адчуваў сябе самым абазнаным ва ўсім, што тычыцца тэрарыстак — як-ніяк, ён быў знаёмы з галоўнай бандыткай лепш за ўсіх, гаварыў зь ёй, дакранаўся і — мы ўсе яму чамусьці паверылі — ведаў жаночую псыхалёгію. Плян бляндынчыка быў наступны: ён паспрабуе спакусіць Аленькага Цьвяточка. «Это нетрудно, — пераконваў ён, пагардліва крывячыся. — Пусть только зайдет». Быццам пачуўшы, Аленькі Цьвяточак увайшла ў пакой і абвясьціла, што мы можам па адным схадзіць у прыбіральню, што была проста за дзьвярыма.

«Всё продумали, — прабурчаў адстаўнік. — План, я смотрю, не здесь разработан. Бабы сами не додумались бы…»

«Я первый, если вы не против», — бляндынчык, ухмыляючыся, нясьпешна выйшаў. А вярнуўшыся, абвясьціў, што ўсе яны лесьбіянкі ванючыя. Асабліва Босая.

«Я б ее научил искусству любви, — сказаў ён, разглядваючы сваё адлюстраваньне ў шкляным кубе, у сярэдзіне якога ляжалі кнігі. — Бля буду, я ее научу!»

І ў вачах ягоных зьявіліся сьлёзы.

Немцу, здавалася, усё гэта прыносіла неверагоднае задавальненьне. «Пиф-паф, — паўтараў ён раз-пораз са сьмехам, наставіўшы на нас палец. — Эти девушки нас всех пиф-паф! Эй, Шпэцль, ты будешь первый. И никто не узнайт, где могилька твоя… Я напишу твоей женщине в Грац. Даю слово».

Закаціўшы вочы і пагойдваючыся, Шпэцль сядзеў у куце на крэсьле. Ад яго ўжо даўно не было чуваць ані слова.

«Это и ест твой плян, гер Шпэцль? — весяліўся Кунцэ. — Сидит бичок, качается. Пока настоящие мужчины думать про спасенье. Австрия никогда не умел воевать!»

І Кунцэ паказаў нам на адсутную, безуважную постаць Шпэцля і зарагатаў.

Надышла і мая чарга наведаць прыбіральню. Я ішоў апошні. Аленькі Цьвяточак засталася на калідоры, паглядзеўшы на мяне безь ніякай цікаўнасьці. Фалічны Сымбаль цьмяна пабліскваў у руках гэтай жанчыны зь цяжкімі сківіцамі і вялікімі вушамі. Я чамусьці кіўнуў ёй і зайшоў. Уцячы з прыбіральні не было ніякай магчымасьці — там не было ні вокнаў, ні іншых дзьвярэй. Проста маленькі пакойчык, туалет для пэрсаналу. Калі за мной зачыніліся дзьверы, я адчуў сябе замураваным у замкавай сьцяне. Я дастаў цыгарэту і закурыў. Дзіўна: нешта мне замінала курыць там, у вялікай залі з масіўным сталом, дзе некалі, напэўна, ляжалі дарагія парцалянавыя люлькі і попельніцы на паўсотні курцоў.

«Аленькі Цьвяточак, — паклікаў я скрозь дзьверы. — Раскажы хоць, чаго вам трэба. Чаго вы патрабуеце? Дзеля чаго гэта ўсё?»

За дзьвярыма маўчалі.

«Вас жа возьмуць, яшчэ сёньня ўначы, — сказаў я з усёй упэўненасьцю, на якую быў здольны.

Маўчаньне.

«Гэта ня мае сэнсу», — сказаў я з дакорам, кінуў недапалак ва ўнітаз і выйшаў. За дзьвярыма нікога не было. Ні Аленькага Цьвяточка, ні Нямоны Лізы, ні Джэка Патрашыцеля, ні Царонг, ні самой Босай. Справа ад мяне былі дзьверы ў пакой, дзе мучыліся ў палоне мае браты. Зьлева цямнелі сходы. Пайсьці туды, зьнікнуць у лябірынце пераходаў і анфілядаў, згубіцца сярод нішаў і пакручастых лесьвіц. Паспрабаваць адшукаць выхад, знайсьці зброю, якая вісіць на сьценах шматлікіх заляў, гатовая пагражаць, сячы, калоць або проста надаваць упэўненасьць у сабе. Тут было ціха і холадна, і не чуваць ніводнага гуку, апрача шолаху ветру, што блукаў дзесьці ў шчылінах між камянёў.

Я пастаяў крыху, узіраючыся ў змрочныя сходы, а потым адчыніў дзьверы ў наш вялікі пакой і шчыльна зачыніў іх за сабою.

«Ну как там обстановка? — ускінуў галаву адстаўнік. — Долго ты как-то».

«Кто на посту? — спытаў муж ціхмянай жанчыны. — Та, страшная? Цветочек, блядзь, Аленький?»

«Яна. І ня толькі, — сказаў я. — Іх больш, чым мы думаем».

8. The Madwoman in the Attic

Ня ведаю: магчыма, у маім твары ёсьць нешта такое, што прымушае людзей і жанчын, а таксама сабакаў, катоў і грамадзян пажылога ўзросту ставіцца да мяне з даверам. Можа, рэч у падбародзьдзі — мяккім, акруглым, зусім не арыйскім. А можа, у голасе — падуладная яму актава не ўключае ў сябе тыя тры ноты, на якія прынята пасылаць іншых, калі яны лезуць не ў свае справы…

Так ці інакш, надвячоркам мяне паклікалі з мужчынскага кута нашай залітай сонцам турмы.

«Эй, ты, не знаю, как звать… — павярнуўся да мяне муж ціхмянай жанчыны. Яны там ужо даўно нягучна перагаворваліся, пазіраючы ў мой бок, гэтыя палонныя Босай ведзьмы, прыніжаныя, злосныя і галодныя. — Иди сюда, харэ там философа из себя строить, дело есть».

1 ... 13 14 15 16 17 18 19 20 21 ... 69
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)