У дрымучых лясах
- Автор: Бядуля Змітрок
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Беларускі Кнігазбор
- ISBN: 985-6824-30-3
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «У дрымучых лясах». Краткое содержание книги:
— Вось табе, злы бусел! Вось табе, злая Марыя!
Гадзінамі я сядзеў на краі дарогі. Па небе імчаліся ў бок лесу караваны ружовых і белых воблакаў. Яны здаваліся мне выраем буслаў і маленькімі Марыямі. Па тракце праязджалі караваны з таварамі. Пахла дзёгцем. Скрыпелі калёсы. Коні ледзь-ледзь цягнуць вазы. Штохвіліну лёскат пугі і ядраныя лаянкі камісіянераў-фурманаў рэжуць паветра. А на вазах сядзяць розныя людзі, мужчыны і жанчыны пад парасонамі. Вось адзін утаропіўся ў расчыненую на яго каленях кнігу.
— Адкуль яны едуць і куды яны едуць? — задаваў я сабе запытанне. — Ці гэта не тыя мудрацы зямлі, пра якіх так часта гаворыць мой дзед? Ці гэта, можа, з племені тых асілкаў, што трымаюць сонца на сваёй спіне, нібы медны таз? А можа, ускочыць у адзін з гэтых вазоў ды гайдануць далёка-далёка: на самы край свету… І няхай сабе маці і бабуля няньчацца са сваёй Марыяй… Бусел на крыллях не аднясе мяне дамоў…
Часта па дарозе імчаліся конна маладыя паненкі ў чорных амазонках з паляўнічымі стрэльбамі за плячыма. Часта на прыгожым фаэтоне каталася старая пані Чапкоўская з двума белымі сабачкамі на каленях.
Бабуля навучыла мяне знімаць шапку перад панамі. Аднаго разу нейкі смяшлівы паніч з залатым пяром у дзівосным капелюшы кінуў мне ў шапку плітку шакаладу. Ніхто з нас не ведаў, што гэта. А дзед забараніў мне папробваць плітку на смак. Ён гаварыў:
— Не еш, дуда! Можа, на сале свіным смажылася…
Есці сала лічылася ў нас вялікім грэхам.
Я аддаў шакалад майму сябру — шэраму кату. Ён з'еў, пасля чаго мы з ім гулялі вакол хаты: ён гнаўся за мною, я — за ім.
Я доўга сумаваў па тым, што бусел прынёс маёй мацеры маленькую Марыю. Ох, гэты бусел! Ён бязлітасна разбурыў мой супакой. Усе мне здрадзілі, усе мяне забылі…
Дазволена цэнзурай
Адзін дзед, слаўны добры майстар, скромны мастак, творца прыгожых бліскучых пасудзін, не здрадзіў мне. Нягледзячы на з'яўленне ўнучкі, старшы ўнук быў яму па-ранейшаму дораг. Пры абедзе ён садзіў мяне побач з сабою за стол. Раней чым сабе, дзед накладваў мне ежу ў алавяную місачку. Потым ён даставаў з ніжняй палічкі кніжнай шафы сіняватую бутлю з чыстым спіртам, наліваў сабе ў срэбраны ўзорчаты келішачак, адным глытком выпіваў, закусваў густа пасоленым хлебам, зноў ставіў бутлю і келішак у шафу і спакойна садзіўся абедаць. У дзеда быў заведзены парадак есці моўчкі. Калі я пры ядзе звяртаўся да яго з запытаннямі, ён дабрадушна адказваў:
— Еш, дуда, і маўчы, а то ластаўка на тваім языку гняздо саўе.
Пасля абеду ён браў мяне з сабою ў кузню.
Заўсёды па вечарах дзед сядзеў пры стале над тоўстым фаліянтам. Перад ім стаяла лямпа на меднай падстаўцы свайго вырабу. Ён ківаўся ўзад і ўперад у чорнай ярмолцы, чытаў упаўголас рэчытатывам, пасля кожнай фразы задумваўся, глядзеў на вісячы сямісвечнік і ціха, працягла напяваў. Я паглядаў на аграмадны дзедаў цень на сцяне, і мяне агортвала дрыма. Калі ён зноў пераходзіў да чыткі, я прачынаўся. Дзед тады выносіў мяне праз сенцы ў камору маіх бацькоў і распранаў.
Аднаго разу дзед мне даў грошык на цукерку. Я пайшоў у краму і замест цукеркі купіў белы аркуш паперы. Дома я склаў паперу ў маленькую кніжачку і папрасіў маці, каб сшыла. Потым я дастаў з дзедавай шафы чарнільніцу, ручку і том Бібліі. На шырокім тапчане я расчыніў том на першай тытульнай старонцы і давай у сваю кніжачку перапісваць адтуль незразумелыя мне друкаваныя літары. Па нейкай справе дзед прыбег з кузні.
— Ай, дуда! — спалохаўся ён. — Біблію чарнілам зальеш…
— Я ж пішу! — пахваліўся я.
Дзед паглядзеў, што я пішу ў сваёй маленькай кніжачцы, і заківаў галавой ад дзіва.
— Дык ты ж, дуда, сапраўдны друкар! Бач, як друкуе. Цюцелька ў цюцельку!
— Пачытай, дзед, што я надрукаваў… — папрасіў я.
— Гэта не па-жыдоўску, і я не разумею, — сказаў дзед і паклікаў маці. Яна прачытала:
— «Дозволено цензурой».
— Ах, дуда, «доз-во-ле-но цен-зу-рой»… Бачыш, які ты ў мяне разумны!.. Га? Калі «дозволено цензурой», дык я табе куплю «алефбейс» (алфавіт). А Бібліі не чапай. Яна дарагая. Абальеш чарнілам. Я больш строгі за цэнзуру. Яна дазваляе, а я забараняю.
Я пакрыўдзіўся.
— Буду маляваць на кніжачцы пеўнічкаў…
— Малюй, дуда, пеўнічкаў…
ІІраз тыдзень камісіянеры прывезлі з Менска жыдоўскі алфавіт, надрукаваны на адным баку вялізнага, у паўстала, аркуша паперы. Дзед наклеіў алфавіт на картон і пачаў па вечарах вучыць мяне грамаце. Мне было тады пяць з палавінай год.