Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » У дрымучых лясах
У дрымучых лясах - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

У дрымучых лясах

Электронная книга - «У дрымучых лясах». Краткое содержание книги:

Аўтабіяграфічная аповесць”У дрымучых лясах” – апошні значны твор З. Бядулі. Усе, літаральна ўсе вытокі бядулеўскай творчасці бяруць пачатак з Пасадца, невялікай вёскі, размешчанай пасярод дрымучых лагойска-плешчаніцкіх лясоў, якія сотню-паўтары гадоў назад былі сапраўдны дрымучымі...
1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 45
Перейти на страницу:

Не люблю я царыцы Шабас, нягледзячы на тое, што ў яе дзень я напалавіну вольны ад хедэра. Бяда, што ў гэты дзень ты, як мёртвы, — нічога рабіць няможна… А вось гэтая ж царыца — злая, як ведзьма, — мае крыллі і лунае над палямі і лясамі. Яна сочыць за тым, каб жыдоўскія хлопчыкі ягад не збіралі ў лесе. Чым жыдоўскія хлопчыкі горшыя за нежыдоўскіх хлопчыкаў?

Мяне чакае рэбэ з цвёрдай дзягай у руках. Ён — кат, гад, разбойнік. Ён — агідны, люты чалавек.

Каб гэта наш вядзьмар Карпуха зачараваў мяне ў цялушку, у рабенькую цялушачку з лысінкай на лбе. Я пабрыкваў бы па полі і не баяўся б ні царыцы Шабас, ні рэбэ. Маці шукала б мяне, клікала б, звала:

— Дзе ты, сынок?

А я не хлопчык, а цялушка.

Каб я ведаў чароўнае слова — перакінуўся б у зязюльку. Я паляцеў бы ў блізкі лес і, нягледзячы на Шабас, кляваў бы суніцы, брусніцы, чарніцы… А то ўзляцеў бы на зялёную вярбу ля нашай хаты. Маці пыталася б:

— Дзе ты, сынок?

А я з вярбы: «ку-ку! ку-ку!» Потым узняўся б у сіняе неба, з імпэтам кінуўся б уніз на агідны твар рэбэ і давай яго кляваць і драпаць кіпцюрамі.

Было б таксама някепска, каб я быў хаця б аўсяным каласком на нашай страсе. Іх шмат на даху нашай хаты. Дзед мне гаварыў, што іх тут сам Бог сеіць. Гляджу сабе са страхі на далёкі тракт… На мяне садзіцца залатая пчолка, прыгожы матылёк. Дожджык мяне палівае, сонейка грэе, ветрык калыша… Мне так добра — не трэба маліцца. Я вольны ад нудных псалмоў, ад нецікавага Талмуда. Я расту і ў Шабас, і ніхто мяне не карае за гэта…

Ахоплены такімі дзівоснымі марамі, я не заўважыў, як апынуўся сярод мястэчка. Рэбэ мяне чакаў на вуліцы. Хтосьці са школьнікаў яму ўжо данёс аб маім учынку.

Рэбэ паглядзеў на мяне строгімі і вясёлымі вачыма. Чужое няшчасце яму заўсёды прыносіла радасць. Ён схапіў мяне за руку і пацягнуў у хедэр, каб пакараць за суніцы — за нарушэнне святой суботы.

У хедэры рэбэ пачаў зрываць з мяне вопратку. Я змагаўся з усіх сіл. «Гад, каршун», — крычаў я. Я кусаў свайго ката за рукі, ірваў яму бараду, драпаў твар, брыкаўся, галасіў. А ён сарваў з мяне ўсю вопратку і пачаў біць дзягай. Чым больш я змагаўся, тым мацней ён мяне біў.

Абодва мы былі акрываўленыя — і я і рэбэ.

Ні бацька, ні дзед за гэта на рэбэ не пакрыўдзіліся. Толькі добрая бабуля, прыкладваючы халодныя кампрэсы да маёй акрываўленай спіны, пралівала нада мною горкія слёзы.

У другую суботу я, праклінаючы і Шабас, і рэбэ, і ўвесь свет, зноў пайшоў у лес. Цяпер я ўжо наўмысне збіраў ягады рукамі. А дома я сказаў, што, калі мяне рэбэ будзе біць за ягады, кінуся ў возера і ўтаплюся.

І я і мае таварышы ўзненавідзелі хедэр, дзе нас, малых, калечылі і фізічна і маральна.

У дзесяць год я ўжо някепска ведаў старажыдоўскую мову. У Бібліі і Талмудзе я ахвотна чытаў раздзелы, насычаныя легендамі і апавяданнямі. Рэлігійна-філасофская частка была вельмі схаластычная. Апісанне жыдоўскіх звычаяў і законаў было нудна чытаць. У дзедавай бібліятэцы я натрапіў на зборы легенд і казак аб розных святых: «Шывхе баал шэм», «Ялкут», «Цэена Ўрэена» і шмат іншых. Кожны раз перад сном я імі зачытваўся. Дзівосная фантастыка аб анёлах, чэрцях, русалках, чараўніках і святых, распісаных у падобных кніжках яркімі фарбамі, палохалі мяне, дзівілі і захаплялі.

Сны

У сне я іх бачыў, гэтыя казкі, у жывых карцінах, у новых дэкаратыўных перастаноўках.

Я гуляю ўвечары са сваімі школьнымі таварышамі па выгане за мястэчкам. Павольна надыходзіць ноч — цёмная, цёмная. Мне боязна. Я тулюся да таварышаў. Яны пачынаюць свістаць і люлюкаць. Яны дзіка рагочуць. Аказваецца, што гэта не мае таварышы, а чэрці… Я з усіх сіл бягу дамоў. Чэрці гоняцца за мною — хочуць зацягнуць на непраходнае балота, у багну. Я ледзь выратаваўся ад іх, ускочыў у хату. Бацька спіць. Я буджу яго і расказваю пра свае страхі. Ён слухае, выпучвае вочы, высоўвае доўгі язык і пачынае рагатаць. Гэта зусім не бацька мой, а чорт. Я зусім не ў роднай хаце, а ў старым млыне. З возера выходзіць на грэблю карагод голых доўгавалосых русалак. Пад куваканне жаб яны, маўклівыя і сумныя, танцуюць. Яны акружаюць мяне, шчакочуць, хочуць зацягнуць у аір, у возера. Яркі месяц асвятляе іх прыгожыя твары. Замест кашуль яны ахутаны туманам. Мяне цягне да гэтых русалак. Яны надзіва прыгожыя. Але тут мая пагібель. Русалкі хочуць мяне ўтапіць. Яны зараз мяне ўтопяць. Яны зацягнулі мяне ў ваду. Я прачынаюся.

Бабулі роднай апавядаю свой сон.

Яна ўважліва слухае. Супакойвае мяне. Раптам на яе лбе вырастаюць рогі. Яна ўся абрастае шэрсцю…

1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 45
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)